Без чыйгосці пратэжэ і без чыёйсьці падтрымкі, сваімі рукамі робяць маладыя людзі з Лепеля жыццё…

225Ніколькі не здзівіўся, калі мне на МКК прапанавалі напісаць менавіта пра Пашку. Усміхнуўся сам сабе. Бываюць жа ўсмешкі фартуны! Колькі на камбінаце моладзі працуе, а прапанавалі яго.

Ды Пашка і сам зніякавее, калі ўжо будзем сядзець у яго на куханьцы і паціху гаманіць. Зніякавее, здзівіцца: “Чаму менавіта мяне? Там жа столькі маладых працуе. Ды і ўзрост у мяне ўжо не камсамольскі – пад трыццатнік. Куды мне ў маладзёжную старонку!”

Ён сціплы, і гэтая сціпласць у яго – праз усё жыццё. Таму, відаць, так ні разу і не трапіў да мяне на пяро… А чаму б, і праўда, не расказаць пра Пашку Місніка з Партызанскай вуліцы. Сябар майго юнацтва. Залаты хлопец.

“Во нейкай дзяўчыне шчасце трапіцца”, – думаў я не раз пра Пашку. Чалавек няпростага лёсу, расце, прама скажам, не ў выгодзе, гадуецца без маці, а які ж самастойны, а які ж талковы! Іншы б дзе сцягаўся-збэсціўся па сябрах-кампаніях. А гэты вунь за камп’ютарам дома сядзіць, не вылазіць, гэты цану кожнай капеечкі ведае, бо яму ж багатыя бацькі халявы не падкінуць.

Шчасце трапілася медсястры Таццяне – сустрэла яго ў гарадскім парку на дыскатэцы…

Ну ды пра ўсё па парадку. Пазнаёміліся мы з Пашкам, можна сказаць, выпадкова. Ён тады яшчэ ў школе вучыўся. На адным з літаратурных мерапрыемстваў у РДК. Іх туды, старшакласнікаў з СШ №2, “арганізавалі” для масавасці. Сядзелі там, дурэлі, акурат нам у патыліцу дыхалі, на сцэну не надта пазіралі, чакалі, пакуль адпусцяць. Слова за слова – завязалася ў нас з падлеткамі гутарка. А неўзабаве і перазнаёміліся, а неўзабаве і пасябравалі. Ды моцна. Я і зараз памятаю ўсю іх тую кампанію, сярод якой Пашка быў ці не самым самастойным. Хто за абодвума бацькамі рос, як сыр у масле катаўся. А гэтага адзін бацька гадаваў. Бацька дапазна на працы – здаецца, таксама на МКК працаваў, – а гэты бяжыць са школы і садзіцца за ўрокі. Бацька – малайчына, цвёрда трымаў сына ў руках. Ды толькі ці ўтрымаеш, калі сваёй галавы хто не мае… Адзінае, хадзілі кампаніяй у камп’ютары гуляць, тады яшчэ хатнія камп’ютары не ўсе мелі. Памятаю, як Пашка з’еў лішні пачак марожанага, а потым моцна перажываў, што “з’еў” сваю лішнюю гадзінку за камп’ютарам. Вось дзе пачыналася яго жыццёвая арыфметыка беражлівасці.

Хлопцы з Пашкавай кампаніі падраслі, па-рознаму склаліся іх лёсы, аслаблі неяк пакрысе і ніці нашай сяброўскай повязі. На нейкі час я выпусціў з відавоку і Пашку. А ўспомніў, толькі калі пачуў, што ў яго памёр бацька. Які ўсё ж бязлітасны лёс! Бацька для Пашкі быў усім… І вось так рана страціць апошняе. Павер, Паша, я ў той час думаў і перажываў за цябе, можа, не меней, чым ты сам… Бо і сам  рана застаўся без бацькоў. Хто не перажыў, той не зразумее.

На шчасце, на той час у Пашкі была ўжо Таня. Па-мойму, тады ж яны і пажаніліся. Засталіся жыць у Пашкавай бацькоўскай кватэры на Партызанскай. Я тую кватэру памятаю да драбніц, бо не раз у ёй бываў, як, зрэшты, і Пашка прыязджаў да мяне. Добра яе ведаю… Аднак зараз проста не пазнаў той кватэры. Усё новае, усё “з іголачкі”: дзверы, вокны, мэбля ўся, тэлевізары вялікія “жэка” на кухні і ў зале, шпалеры вадкія. Ды якія ж яны малайцы – Пашка з Таняй! Яна медсястра, ён слесар кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі. Ён увогуле сірата, а ў яе толькі маці, ды не міністр, а повар. Дапамагае, вядома, як можа. У маці – агарод, у сястры Пашкавай – агарод. Вось і ўсё. Без чыйгосьці пратэжэ і без чыёйсьці падтрымкі, сваімі рукамі робяць гэтыя маладыя людзі жыццё, на сваіх выключна плячах горда і годна трымаюць свой сямейны агмень. А мы часам абураемся: моладзь, маўляў, сякая-такая. Моладзь – розная, як і розныя дарослыя.

Палінка падрастае, дачцэ ўжо пяць гадкоў, другое дзіця чакаюць – хлопчыка. Забыўся сказаць, Пашка ў школе вучыўся так сабе, аднак пасля закончыў тэхнікум станкабудаўнічы ў Віцебску, атрымаў спецыяльнасць тэхніка-электроніка. А неўзабаве і на БНТУ замахнуўся. Цяпер у яго вышэйшая адукацыя, праграміст.

— Чаму ж па спецыяльнасці не працуеш? Так і будзеш увесь час слесарам?

— А ведаеш, пралічылі мы неяк: пайсці на павышэнне – палову зарплаты страціць. Капейка гэтая заўсёды патрэбна.

Амбіцыі ж для яго ніколі не былі галоўнымі. Вось і працуе на МКК дыпламаваны слесар з вышэйшай адукацыяй. Галоўнае – паважаюць. Бачыце, вунь кандыдатуру ў газету прапанавалі. Як жа, ён там “вялікі грамадскі актывіст”, лёгкі на пад’ём, ніколі не адмовіць, на ўсіх мерапрыемствах… Нядаўна на брэйн-рынг ездзілі.

Часу, праўда, вольнага, не багата. Усё тая ж капейка, сям’ю трэба падымаць. Зарэгістраваўся прадпрымальнікам – робіць навясную столь. Рукі заточаныя, шмат чаго сваімі рукамі ўмее.

Не ведаю, праўда, неяк не запытаўся, ці фанацее Пашка па-ранейшаму па камп’ютары. Затое даведаўся пра новае яго захапленне. Трэба ж нешта і для душы.

— Машына ёсць? – пытаюся.

— Машына ў Тані – “Міцубісі”. А ў мяне – матацыкл “Хонда”

— Ён жа байкер, — смяецца Таня.

— Якое там! Ну часам бываю ў асяродку байкераў. Ездзілі на Грунвальд – міжнародны рыцарскі фестываль. Цікава было, у палатках жылі.

Якое там. Рана я яго, відаць, у дарослыя запісаў. Вецер у галаве і “сем футаў”… пад шлемам.

А яшчэ яны з Таняй шмат падарожнічаюць – былі і ў Егіпце, і ў Турцыі, і ў Крыме, і ў Прыбалтыцы. А яшчэ ж – лазня. Каронны яго жыццёвы нумар – моцны пар.

Не ведаю, ці спыніць малады запал майго сябра Пашкі будучае нараджэнне сына. Ведаю адно – сімпатычны ён чалавек. Расказваць пра такіх – адно задавальненне. І пабольш бы такой моладзі.

Уладзімір МІХНО.

 На здымку: Паша, Таццяна і маленькая Палінка.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.