На ўроках гісторыі ў Стайскай школе, на Лепельшчыне, выхоўваюць патрыятычныя памкненні

58Так склалася, што ў лютым  «збегліся» адразу некалькі памятных дат нашай гісторыі. На пачатку месяца піянеры адзначаюць Дзень юнага героя-антыфашыста, на сярэдзіну прыходзіцца трагічна-суровая дата, калі ўшаноўваюць памяць загінулых у вайне ў Афганістане.

У той вайне ўдзельнічалі дзясяткі тысяч беларусаў, і мы проста не маем права пра яе забываць. І нарэшце канец лютага азнаменаваны Днём абаронцаў Айчыны, які па традыцыі ў нашай краіне лічыцца святам сапраўдных мужчын. А таму мерапрыемствы на ваенна-патрыятычную тэматыку пераважаюць у Стайскай школе амаль усю першую палову трэцяй чвэрці.

Акурат у гэты час на ўроках гісторыі ў дзясятым класе вывучаюць тэму Вялікай Айчыннай вайны.

— Выдадзены добры падручнік, што так і называецца «Вялікая Айчынная вайна», — расказвае настаўніца гісторыі Наталля Тухта. – Акрамя таго, безумоўна, карыстаемся матэрыяламі з інтэрнэту, перыядычнага друку і г.д.

— Як выкарыстоўваеце пры выкладанні гэтай тэмы мясцовы матэрыял?

— У нас кожная тэма заканчваецца стварэннем праектаў. Вось і зараз чацвёра вучняў працуюць над праектамі «Партызанскі рух на Лепельшчыне» і «Іх імёнамі названы вуліцы горада Лепеля і вёскі Стаі»

— У Стаях ёсць вуліца, названая ў гонар героя Вялікай Айчыннай вайны?

— Менавіта. Былая настаўніца нашай школы Лізавета Казлоўская была ўдзельніцай партызанскага падполля. Ворагі схапілі і расстралялі дзяўчыну. Зараз яе імя носіць адна з вуліц у аграгарадку.

— Пра каго яшчэ з мясцовых герояў вы распавядаеце на ўроках?

— Расказваю пра партызана Аркадзя Піліпавіча Бараноўскага, чыё імя носіць піянерская дружына нашай школы. Яшчэ не так даўно была жывая наша зямлячка Ганна Апанасаўна Садоўская, і маглі паслухаць непасрэдна яе расповед пра тое, як яна маленькай дзяўчынкай з дапамогай дарослых залезла праз фортачку ў настаўніцкую Стайскай школы і выкрала спісы камсамольцаў і камуністаў, тым самым выратаваўшы людзей ад гібелі. Зараз пра гэты факт я часта распавядаю на ўроках гісторыі, на пазакласных мерапрыемствах.

— Як дзеці ставяцца да падобных расповедаў пра вайну?

— Слухаюць вельмі ўважліва, суперажываюць. Напрыклад, зараз праходзім тэму блакады Ленінграда. Чытала дзённік Тані Савіч, дык у дзяўчат на вачах слёзы стаялі.

Дзяніс Тухта Паказальна, што ў Стаях шмат выпускнікоў па заканчэнні школы выбралі ваенныя прафесіі. У самой Наталлі Пятроўны на ваеннага медыка вучыцца сын Дзяніс. Былы вучань школы Васіль Мазго працуе намеснікам камандзіра батальёна ў адной з воінскіх часцей Мінска. На розных курсах у Ваеннай акадэміі вучацца Уладзімір Крукаў, Андрэй Вярбоўскі, Аляксандр Жарнасек. Гэта нямала для невялікай сельскай школы. Курсанты не забываюць роднай школы. Вось і сёлета Саша, Андрэй і Валодзя прыйшлі на вечар сустрэчы з выпускнікамі. Яны сустракаюцца з цяперашнімі вучнямі, сярод якіх праводзяць агітацыю на карысць выбару ваенных прафесій.

У школе наладзілі ўрачысты збор піянерскай дружыны з выпадку Дня юнага героя-антыфашыста. Запрасілі для гутаркі з дзецьмі былых воінаў-інтэрнацыяналістаў Міхаіла Тарасава і Андрэя Калітуху. Да Дня абаронцаў Айчыны падрыхтавалі сцэнар «Урока мужнасці». У гэты дзень хлопцы-старшакласнікі паспаборнічаюць у гульні «Армейскі калейдаскоп»: падужаюцца, хто найбольш спрытны і вынослівы, пахваляцца працоўным майстэрствам, праявяць сябе на інтэлектуальным рынгу. Дзеці падпісалі віншавальныя паштоўкі мужчынам – ветэранам педагагічнай справы Мікалаю Кірылавічу Калітуху і Івану Максімавічу Грахоўскаму.

Уладзімір МІХНО.

 На здымку: Наталля Тухта з сынам Дзянісам (у цэнтры) у сямейным коле.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.