Аграрны сектар

Трасту — на завод

Працаўнікі льнозавода вырасцілі добры ўраджай льну, сярэдні нумар прымаемай трасты — 0,98. Траста добра вылежалася, са значнай доляй доўгага валакна. Найбліжэйшая задача — высушыць яе і звезці на прадпрыемства.

З 646 выцерабленых гектараў пасеваў траста звезена са 154. Акрамя гэтага перавернуты сцяблы льну на 63 гектарах і ўспушаны яшчэ на 349. Такім чынам ён падсыхае, становіцца прыгодным для прасавання ў рулоны. Са 154 гектараў звезены 277 тон трасты, з якой павінна быць атрымана каля 90 тон валакна. Для далейшай уборкі паўночнага шоўку на сцелішчах працуюць работнікі льнозавода, шэфы.

Сяўба азімых

Сёлета належыць пасеяць 9,5 тысячы гектараў азімых збожжавых культур: пшаніцы, жыта, трыцікале. Найбольшыя плошчы прыпадаюць на сельскагаспадарчы вытворчы філіял МКК “Заазер’е” — 1500 га. Па 1130 гектараў трэба пасеяць сельгаспрадпрыемствам “Пражэктар”, “Лепельскае” і “Баброва”. Пры значных аб’ёмах планавых заданняў “Заазер’е” захоў­вае лідарства, засеяна 680 га, што складае 45,3 працэнта ад плана.

Важным фактарам ураджайнасці з’яўляецца перадпасяўная апрацоўка. У ААТ “Лядна” ўзарана 95 працэнтаў плошчаў, працаўнікі “Пражэктара” ўзаралі 80%, “Заазер’я” — 76, “Лепельскага” – 73, аднак там і плошчы, запланаваныя пад ворыва, большыя амаль удвая.

Амаль усе сельгасарганізацыі раёна цалкам забяспечылі сябе насеннем азімых культур, многія — з перавышэннем. Так, больш за 100 тон звыш плана ачышчана насення ў “Лепельскім”, пры патрэбе ў 224 тоны там нарыхтавана 345.

Кармавы баланс

Важнейшая ўмова гатоўнасці да зімы — наяўнасць кармоў для жывёлы. У сельгаспрадпрыемствах Лепельшчыны налічваецца 13393 умоўныя галавы жывёлы.

На зіму трэба назапасіць 42872 тоны кармавых ­адзінак. Сюды ўваходзяць сена, салома, сянаж, сілас, канцэнтраты і г.д. З-за дажджлівага лета не ўдалося насушыць шмат сена, нарыхтавалі 2412 тон. Аднак недахоп гэтага віду кармоў кампенсуецца іншымі. Так, сенажу назапашана амаль 6,9 тысячы тон, што на 300 тон больш запланаванага.

Добрыя віды на ўраджай кукурузы. Так, у асобных гаспадарках культура дае больш за 300 цэнтнераў зялёнай масы з гектара.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.