Адзін дзень на фермах

Кожны дзень звесткі пра ўмовы ўтрымання буйной рагатай жывёлы, яе прадукцыйнасць прыходзяць ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, акумулююцца, аналізуюцца, даючы агульную карціну на прыкладзе зрэзу аднаго дня. Скажам, толькі за 19 лістапада ўсімі сельгасарганізацыямі раёна дзяржаве здадзена 60156 кілаграмаў малака.
Як паказвае практыка, валавы сярэднясутачны надой 60 тон — сярэдні для гэтага перыяду года. Вядома, ёсць раёны з большым малочным патэнцыялам, як, напрыклад, суседні Докшыцкі. Лепяльчанам ёсць куды расці і да чаго імкнуцца.


Безумоўным лідарам у вытворчасці малака ў раёне з’яўляецца СВФ “Заазер’е”. Яго працаўнікі за суткі надаілі больш за дваццаць тон, а дакладней — 20077 кілаграмаў. Заазерцы больш як удвая пераважаюць па наступных паказчыках — 9700 кілаграмаў, якія надаілі ў КУВСГП “Лепельскае”. Астатнія гаспадаркі маюць паказчыкі на ўзроўні чатырох — шасці тысяч кілаграмаў.
Адкуль такое адрозненне ў паказчыках? Найперш, у колькасці пагалоўя малочнай жывёлы. Калі ў іншых гаспадарках колькасць дойных кароў вылічваецца сотнямі, то ў “Заазер’і” — тысячамі. Аднак гэта яшчэ не ўсё. Акрамя экстэнсіўнага шляху развіцця галіны, які выражаецца ў нарошчванні пагалоўя, ёсць яшчэ шлях інтэнсіўны — павелічэнне прадукцыйнасці кожнай каровы. У гэтым плане найбольш прадукцыйныя жывёлы сельгасфіліяла “Заазер’е” — 15,3 кілаграма ў сярэднім надаілі ад кожнай. Не надта адсталі ў “Пражэктары” і “Лепельскім” — па 11,9 кілаграма. Самы ж нізкі паказчык сутачнага надою за 19 лістапада ў райаграсэрвісе — па 6,2 кілаграма малака на карову. Міжволі складваецца ўражанне, што ў гэтай гаспадарцы трымаюць коз.
Сутачныя надоі малака залежаць ад пароды жывёлы. І тут важна ўшчыльную займацца племянной работай, што выдатна дэманструюць заазерцы. Другі важны чыннік — рацыён кармлення, яго пажыўнасць, разнастайнасць. Сена, вядома, з’яўляецца адным з лепшых відаў зімовых кармоў, аднак умовы надвор’я, што склаліся летам, не дазволілі шмат яго назапасіць, таму зараз асноўны корм — сянаж і кукурузны сілас. Такі рацыён варта разбаўляць камбікармамі.
Асобная тэма гаворкі — якасць здаваемага на малочнакансервавы камбінат малака. Адзін з важнейшых паказчыкаў — тлустасць — трымаецца ў межах 3,7 – 3,9 працэнта. А вось малако з СВП “Пражэктар” мае тлустасць чатыры працэнты. 19 лістапада гатункам экстра малако здаў толькі СВФ “Заазер’е” — 16567 кілаграмаў, што склала 85% ад надою за гэтыя суткі, астатнія 2889 кілаграмаў былі здадзены вышэйшым.
Вышэйшым гатункам малако здалі ААТ “Лядна”, СВП “Пражэктар” і КУВСГП “Лепельскае”. А вось ААТ “Ладасна” на якасць малака трэба тэрмінова звярнуць самую пільную ўвагу. Ад іх вышэйшым гатункам прыняты толькі 1482 кілаграмы, што складае 27,6 працэнта. Астатняе здадзена першым.
Ад якасці малака наўпрост залежаць грашовая выручка, даходы сельгасарганізацый. Ва ўмовах зімы, калі грошы за малако з’яўляюцца адзінай крыніцай даходаў, якасць прадукцыі становіцца пытаннем стратэгічным. Праілюструем прыкладам. Кілаграм малака гатунку экстра Лепельскі МКК прымае па 3215 рублёў, зніжэнне на адну ступеньку, да гатунку вышэйшага, зніжае прыёмную цану да 2770. Малако першага гатунку прымаецца па 2555 рублёў за кг, а другога — толькі па 1100 рублёў. Такім чынам, з кожнай тоны малака сельгаспрадпрыемства можа страціць да 450 тысяч рублёў, а можа і зарабіць.
Дарэчы, пра заробкі. Выручка сельгасарганізацый за адзін дзень ад здачы малака склала 159559 тысяч рублёў. Больш за ўсіх зарабілі жывёлаводы “Заазер’я” — 52243 тысячы рублёў, КУВСГП “Лепельскае” — 27921 тысячу.
Выручка на адну карову склала ў сярэднім па раёне 27191 рубель. Самы высокі паказчык зноў жа ў “Заазер’і” — 39789 рублёў. Яно і не дзіўна, калі ўлічыць, які высокі паказчык малака гатунку экстра. Не нашмат адстаюць СВП “Пражэктар”, КУВСГП “Лепельскае”. А вось райаграсэрвісу трэба задумацца і праводзіць вялікую працу, іх жывёлаводы атрымалі толькі па 15442 рублі выручкі ад кожнай каровы за дзень. Прыблізна падобная сітуацыя і ў КУВСГП “Баброва”, там выручылі па 16633 рублі.
Як патлумачылі спецыялісты, пэўнае зніжэнне надояў і скарачэнне грашовай выручкі — з’ява сезонная, звязаная з масавым запускам цельных кароў. Будучы маладняк таксама патрабуе сілкавання. Увесну, з надыходам перыяду масавых ацёлаў, вытворчасць малака павялічыцца істотна. Аднак гэта не нагода для заспакаення, малочная жывёлагадоўля — справа, якая патрабуе пастаяннай напружанай, удумлівай працы, што наглядна дэманструе аналітычны зрэз аднаго дня.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.