Апошні бой

Зранку імжыў дробны дожджык. Аднак гадзін да дзесяці ён паступова прыпыніўся, аблокі разышліся. Да могілак вёскі Слабада няспешна ехалі школьны аўтобус і мікрааўтобус. Вось і прыехалі. Са школьнага выскачылі вучні мясцовай школы, дзясяткі са два, з мікрааўтобуса — пяцёра дарослых. Разам яны рушылі ў глыб могілак. Мінулі сучасны масіў з захаваннямі 20 — 30-гадовай даўнасці, зайшлі на могілкі адвечныя.

Між гонкімі соснамі і бярозамі захаваліся хіба

што ледзь заўважныя пагорачкі ды камяні — за даўнасцю гадоў ніхто не памятае імёнаў тых, хто знайшоў тут свой апошні і вечны спакой. Навокал — цішыня. Здаецца, што сама прырода змаўкае ў задуменні аб Вечным.

Раптам сярод безыменных магіл натыкаемся на свежую. Дакладней, магіла даўняя, чалавек у ёй пахаваны яшчэ ў часы вайны, але надмагілле зроблена зусім нядаўна. Чытаем: “Партызан брыгады “Чэкіст” Есіповіч Мікалай Альфонсавіч, 1919 г.н., загінуў 14.02.1943 г.” Па шчоках пажылых жанчын пакаціліся слёзы.
Мікалай Есіповіч нарадзіўся ў мястэчку Барань Аршанскага раёна, атрымаў прафесію токара ў фабрычна-завадскім вучылішчы і пайшоў працаваць на завод “Чырвоны Кастрычнік”. Ажаніўся з дзяўчынай, якая прыехала вучыцца на настаўніцкія курсы з-пад Талачына. У маладой сям’і нарадзілася дачушка Ларыса, калі грымнула вайна.
Жонку з дачкой адправіў да яе бацькоў, а сам падаўся ў партызаны. Так і трапіў у партызанскую брыгаду “Чэкіст”, у атрад Рыгора Іванова.
У канцы 1942 года пад ударамі карнікаў “Чэкіст” перабазіраваўся са Шклоўскага раёна на Лепельшчыну. Партызаны на новым месцы не сядзелі без справы: мабілізоўвалі ў свае шэрагі мясцовае насельніцтва, вучылі ваеннай справе навабранцаў, праводзілі акцыі.
Штурм фашысцкага гарнізона ва ўрочышчы Плашчадка, што ля Верабак, 14 лютага 1943 года быў цяжкім. Уся брыгада не магла наладзіць масіраваную атаку, некалькі атрадаў было выдзелена для прыкрыцця. Яны перарэзалі дарогі. На вастрыі штурму ішоў першы атрад Рыгора Іванова. Дапамагаў яму пяты атрад Аляксандра Сямдзянкіна, партызаны наступалі з боку Рудні. Але ці то разведка спрацавала дрэнна, ці то планаванне падвяло, а можа проста трагічны збег абставін. Перад самымі варожымі ўмацаваннямі нашы байцы раптоўна апынуліся на адкрытай прасторы: ні кусточка, ні лагчыначкі, каб схавацца, а насупраць — ашчэраныя кулямётнымі гнёздамі бліндажы. Застракаталі варожыя чэргі, а ў дадатак яшчэ ўдарылі мінамёты.
Партызанскія камандзіры правал сваёй наступальнай аперацыі ўбачылі адразу і, каб пазбегнуць лішніх стратаў, далі сігнал да адступлення. Чатыры байцы загінулі на полі бою. Целы ўдалося вынесці. Іх пахавалі з воінскімі ўшанаваннямі на могілках ля вёскі Гадзіўля. Сярод загінулых было двое жыхароў Окана: цёзкі Васіль Буртыль і Васіль Крыцкі.
Адзін партызан атрымаў цяжкае раненне, асколкамі міны яму знявечыла твар. На вялікі жаль, сярод партызанаў на той час не было высокакваліфікаваных медыкаў, якія б маглі ў палявых умовах правесці складаную аперацыю. Небараку на санях завезлі ў вёску Свяда (так на той час называлася Слабада), пакінулі ў хаце Івана Грыдзюшкі. Раніцай паранены баец памёр. Старэйшыя вяскоўцы збілі з дошак труну і пахавалі яго на мясцовых могілках. Пасля вайны на магіле ўсталявалі невялікі помнік з чырвонай зоркай.
* * *
Ларыса Есіповіч зусім не памятала свайго бацьку, расла адна з мамай. Да канца вайны і нават пасля яе цеплілася надзея, патаемнае спадзяванне, што тата вернецца, абдыме, што сям’я будзе жыць разам. Апошнюю надзею перакрэсліў пахавальны ліст з Беларускага штаба партызанскага руху, які быў дасланы ў 1946 годзе. У ім паведамлялася, што “партызан брыгады “Чэкіст” Есіповіч Мікалай Альфонсавіч геройскі загінуў у баі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пахаваны на могілках вёскі Свяда”. Нібы закрылася нябачная заслона.
Дачка вырасла, вывучылася, выйшла замуж. Зараз яна жыве ў Омску, дапамагае гадаваць унукаў. Некалькі гадоў таму ў Расіі актывізавалася грамадскае аб’яднанне “Сіроты вайны”, якое дапамагала знайсці звесткі пра загінулых у баях і канцлагерах нашых салдатаў і партызанаў. Ларыса Мікалаеўна Карнюшына звярнулася. Ёй праз некаторы час далі ўсю магчымую інфармацыю і нават тэлефон Слабадскога сельсавета. Работнік сельвыканкама параіў звярнуцца да школьнага настаўніка Валерыя Уладзіміравіча Тухты.
Пачуўшы імя Мікалая Есіповіча, Валерый Уладзіміравіч спачатку не паверыў сваёй удачы. Справа ў наступным. Усе ведалі пра партызанскую магілу, да святаў яе прыбіралі. Аднак дакладнае імя і прозвішча пахаванага там партызана было невядома. У школьным музеі захаваліся запісы ўспамінаў партызана Паўла Свірыдава, ураджэнца вёскі Свяда, які ў вайну служыў у пятым атрадзе Аляксандра Сямдзянкіна партызанскай брыгады “Чэкіст”. Запісы былі зроблены ў пачатку 80-ых гадоў мінулага стагоддзя. Ветэран распавядаў наступнае:
“Пасля бою мне і партызану майго ж атрада Уладзіміру Жарнасеку загадалі адвезці ў вёску параненага байца. Удвух мы яго аднеслі ў Свядзіцу, а адтуль на кані перавезлі ў Свяду. Што той памрэ, было бачна адразу. Занадта вялікай, страшнай была рана, асколкамі міны ссекла больш за палову твару. Мужчына быў малады, невысокага росту, хударлявы. Прозвішча яго было ці то Асіповіч, ці то Есіповіч. Ён служыў у іншым атрадзе, таму і не запомніўся. Пад раніцу баец памёр, мясцовыя жыхары пахавалі цела на могілках”.
Факты супалі, склаліся ў цэлую гарманічную карціну. “Асіповіч ці Есіповіч” і быў тым самым шукаемым Мікалаем Альфонсавічам Есіповічам, да якога праз 65 гадоў прыехала дачка. Першы раз Ларыса Мікалаеўна Карнюшына прыехала ў Слабаду ўвесну 2010 года, разам з Валерыем Тухтам наведала магілу бацькі.
З Ларысай Мікалаеўнай прыехала яе стрыечная сястра Клара Іванаўна Гелахава, пляменніца загінулага. На чыгуначным вакзале госцяў сустракалі начальнік ідэалагічнага аддзела райвыканкама Ігар Урбан і старшыня раённага савета ветэранаў Павел Ханяк.
Жанчыны і школьнікі ўсклалі вянкі, мужчыны сказалі кароткія прамовы. Самотныя, трагічныя хвіліны, нават прырода не вытрымала — з неба паліліся кроплі дажджу, які хутка перарос у лівень.
Ужо пасля, у аўтобусе, жанчыны дзяліліся ўражаннямі:
— Выдатна, што ў Беларусі захоўваецца памяць пра тую вайну, што да краязнаўчай працы далучаецца моладзь. У Расіі гэта справа ідзе цяжка, выключна на грамадскіх пачатках, дзяржава рэдка дапамагае. У Беларусі ж увекавечанне імёнаў загінулых у барацьбе супраць фашызму — справа дзяржаўная.
Вельмі шмат робіць у гэтым накірунку Лепельскае аддзяленне ГА “Беларускі фонд міру”. За кошт сваіх сродкаў заахвочвае школьнікаў да краязнаўчай дзейнасці. Напрыклад, сёлета ў некалькі школ да выпускной лінейкі былі прывезены спецыяльна заказаныя тарты, сокі, ліманад, канцылярскія прылады. З дапамогай фонду быў зладжаны памятны знак на магіле 14 партызанаў, якія загінулі пры штурме фашысцкага гарнізона ў Новых Валосавічах.
Каб зрабіць надмагілле ў Слабадзе, кіраўнік Лепельскага аддзялення фонду Ігар Урбан звярнуўся да лепельскага прадпрымальніка Ігара Тарана. Выбралі варыянт за 600 тысяч рублёў. Надмагілле пры належным доглядзе прастаіць больш як паўвека, догляд жа забяспечаць мясцовыя школьнікі.
Калі зайшла размова пра аплату, Ігар Таран сказаў, што надмагілле зрабіў бясплатна — святая справа.
Аўтобусы ад’язджалі ад могілак. У душы было адчуванне, нібыта перагорнута чарговая старонка, зроблена яшчэ адна вялікая справа. Аднак застаўся помнік, не згасла памяць людская пра чалавека, які самаахвярна аддаў жыццё ў вялікай барацьбе.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: ля магілы Мікалая Есіповіча.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.