Аптымізм працягвае жыццё

Людзі, пазбаўленыя зроку… Напэўна, не вельмі часта мы задумваемся над тым, што ім вельмі патрэбны нашы клопат, увага і цёплая падтрымка. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, інваліды па зроку жадаюць адчуваць сябе паўнавартаснымі членамі грамадства. Яны імкнуцца разнастаіць свае будні, знайсці сяброў, быць камусьці патрэбнымі… Як жа часта такім людзям не хапае нашай увагі!


Для ўсебаковай падтрымкі, аказання дапамогі людзям, пазбаўленым зроку, з 15 кастрычніка па 15 лістапада бягучага года ў рэспубліцы праводзіцца месячнік “Чалавек з белым кіем”. Аб буднях раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” і правядзенні месячніка пойдзе наша размова ў інтэрв’ю са старшынёй арганізацыі Вольгай Сакалоўскай.
— Вольга Міхайлаўна, скажыце, калі ласка, колькі чалавек уваходзіць у склад раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”?
— У нашай арганізацыі налічваецца 84 чалавекі. Сярод іх інваліды першай, другой і трэцяй груп, а таксама дзеці-інваліды.
— Прыемна заўважаць, што інваліды па зроку не замыкаюцца на сваіх праблемах, а жывуць яркімі і насычанымі буднямі: займаюцца рукадзеллем, прымаюць удзел у цікавых выставах, спяваюць, іграюць на музычных інструментах…
— Гэта сапраўды так. Вельмі радасна, што ў склад нашай арганізацыі ўваходзяць людзі, апантаныя творчасцю, — выдатныя майстры, музыканты і спевакі. На працягу многіх год радуе гледачоў сваімі яркімі выступленнямі на шматлікіх канцэртах ансамбль “Іграй, гармонік!”. Кіраўнік і заснавальнік ансамбля — Генадзь Матырка, які працяглы час узначальваў нашу раённую арганізацыю. Немагчыма ўявіць дзейнасць ансамбля без салісткі Галіны Грыгаровіч, частушачніцы Розы Карбоўскай, баяністкі Раісы Дзямко, сямейнай пары Вольгі і Генадзя Камароўскіх. У мінулым годзе на базе арганізацыі быў створаны новы ансамбль “Мятліца”, у які ўвайшлі вядомы ў раёне спявак Дзяніс Аблавушка, што грае на баяне, Людміла Мартыновіч, Юлія Рамільцава, Дзмітрый Гаўрушын, Алена Жарнасек, Валянціна Кісель і асабіста я. Усе мы спяваем і граем на шумавых інструментах.
Акрамя падрыхтоўкі шэрага выступленняў, прымаем удзел у разнастайных конкурсах, якія праводзяцца на абласным і рэспубліканскім этапах. Ужо трэці год нашы актывісты становяцца ўдзельнікамі конкурсу “Я — самы рэабілітаваны”, на якім ацэньваецца ўзровень рэабілітацыі інвалідаў па зроку. Так, члены нашай арганізацыі па ўласным жаданні маюць магчымасць прайсці падрыхтоўку ў Віцебскім аддзяленні рэабілітацыі. Тут яны вывучаюць алфавіт па Брайлю, па гэтай жа сістэме працуюць на камп’ютары. Людзі без зроку вучацца рухацца з кіем. Сёлета паспяхова прайшла курсы навучання ў Віцебскім аддзяленні рэабілітацыі інвалідаў, навучылася чытаць па Брайлю член нашай арганізацыі Надзея Шайтар.
Кожны год мы з задавальненнем прымаем удзел у інтэрактыўным конкурсе “Сямейны альбом”, які праводзіцца на раённым і абласным этапах. Для ўдзелу ў конкурсе праз інтэрнэт дасылаюцца здымкі, на якіх адлюстраваны яркія эпізоды сямейнага жыцця. У мінулым годзе паспяхова прынялі ўдзел у конкурсе члены нашай арганізацыі Сяргей Мартыновіч і Марыя Кудрашова, рыхтуемся да конкурсу і сёлета.
— Вольга Міхайлаўна, скажыце, калі ласка, якія мерапрыемствы запланаваны ў рамках месячніка “Чалавек з белым кіем”?
— Да адкрыцця месячніка былі падрыхтаваны канцэрт мастацкай самадзейнасці і салодкі стол. Паколькі адкрыццё месячніка супала са святкаваннем Дня маці, у актавую залу тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, акрамя інвалідаў, былі запрошаны таксама шматдзетныя, прыёмныя маці, якія разам змаглі выдатна адпачыць. У рамках правядзення месячніка членам раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”, якія сталі пенсіянерамі, будзе аказана матэрыяльная дапамога. Спадзяёмся, што сёлета ў нас атрымаецца наладзіць супрацоўніцтва з работнікамі Дзяржаўтаінспекцыі Лепельскага РАУС, якім прапанавана распаўсюджваць лістоўкі аб належных адносінах да інвалідаў па зроку сярод вадзіцеляў аўтамабіляў. Зараз намі актыўна вядзецца падрыхтоўка да адкрыцця выставы вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Свет стане ярчэй”, якая пройдзе ў фае цэнтральнай раённай бібліятэкі. На базе тэрытарыяльнага цэнтра арганізаваны конкурс сярод інвалідаў па зроку “Я ўсё змагу”, дзе будзе ацэньвацца ўменне спраўляцца з хатняй работай, карыстацца бытавымі прыборамі і г.д. Па традыцыі для членаў нашай арганізацыі запланавана правядзенне шашачнага турніру. У мультымедыйнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі ў чарговы раз пройдзе скайп-канферэнцыя. Праз інтэрнэт-сувязь мы зможам паразмаўляць са сваімі калегамі з маладзёжнага інфармацыйнага цэнтра расійскага горада Балахна, даведацца аб іх жыцці і расказаць аб буднях сваёй арганізацыі.
Пры садзеянні работнікаў ЛКУВП ЖКГ “Лепель” запланавана правядзенне разметкі праезнай часткі гарадскіх вуліц для бяспечнага руху інвалідаў па зроку. У памяшканні цэнтральнай раённай бальніцы будзе абуладкаваны тыфлатэхнічны гурток для інвалідаў па зроку. Ва ўсіх школах нашага горада і раёна пройдуць урокі дабрыні, дзе будзе звернута асаблівая ўвага на аказанне дапамогі інвалідам па зроку. Мной накіраваны 37 пісем у арганізацыі і прадпрыемствы нашага горада і раёна з просьбай аказаць матэрыяльную дапамогу членам нашага таварыства.
У актавай зале тэрытарыяльнага цэнтра па традыцыі пройдзе круглы стол, за які будуць запрошаны прадстаўнікі аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, установы аховы здароўя “Лепельская ЦРБ”, камісіі па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні і г.д. Інваліды атрымаюць магчымасць звярнуцца да спецыялістаў служб з хвалюючымі пытаннямі і атрымаць садзеянне ў вырашэнні набалелых праблем.
Вельмі хочацца, каб не толькі ў час правядзення месячніка, а і ўвесь час акружаючыя памяталі, што побач з намі ёсць людзі, якім вельмі патрэбны нашы клопат і ўзаемаразуменне. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, інваліды не губляюць аптымізму, які сагравае сэрца і дорыць натхненне акружаючым.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.