Астроўскія

Рэдакцыя атрымала допіс ад уральскай пісьменніцы Антаніны Грыцэнкі аб перамяшчэнні сям’і Астроўскіх з лепельскай вёскі Баброўка ў свярдлоўскі горад Таўда. Мы паведамілі ёй, што ўзгаданая лепельская вёска Баброўка не зафіксавана ні сярод існуючых, ні сярод зніклых вёсак. У адказ пісьменніца ўнесла адпаведны дадатак у эсэ.

“Я шукала ў інтэрнэце пра Баброўку і знайшла, што гэтай вёскі не стала перад вайной. Што там тварылі чэкісты, нкусаўцы — страшна сказаць.

Амаль усіх жыхароў перасадзілі і перастралялі. Тыя, хто застаўся ў жывых, збеглі ў суседнія вёскі, а ў большасці — куды вочы глядзяць. Больш-менш прыстойныя пабудовы разабралі на гаспадарчыя і побытавыя патрэбы. Побач з Баброўкай пабудавалі новую вёску з назвай Бароўка. Пад час вайны рэшткі Баброўкі згарэлі”.

Высяленне з Лепельшчыны

Субота 8 лютага 1930 года. Вёска Баброўка. Аляксандру разбудзілі пошчакі салаўя. Дома чыста і ўтульна. Маленькая дачушка Машачка спіць так салодка! Ёй 21 студзеня споўнілася 2 гады. Муж Васіль расплюшчыў вочы і ўсміхнуўся Аляксандры: “Сонейка маё, Сашачка, як я кахаю цябе! А як наш сынок?” Аляксандра засмяялася: “Які сынок? Невядома хто будзе: хлопчык ці дзяўчынка!” Яна была цяжарная і чакала дзіцяці. Васіль адчуваў сябе на сёмым небе ад шчасця. Ён так хацеў сына і быў упэўнены, што народзіцца хлопчык. Першую дачку назваў у гонар сваёй маці Марыяй, а сына хацеў назваць у гонар бацькі — Антонам. Усё было добра. Адно азмрочвала: год таму назад перад Вялікаднем у свёкра Антона Астроўскага арыштавалі сям’ю яго сястры Дар’і Пякарскай (Астроў­скай). Дар’ю, яе мужа Антона Пякарскага і іх дзяцей Юлю, Язэпа, Яна, Амілю павезлі ў Мінск, і нічога пра іх лёс невядома. Антон некалькі разоў спрабаваў даведацца пра Пякарскіх. У апошні раз ён вярнуўся з Мінска засмучаны. Начальнік сказаў, каб ён больш туды не соваўся, а то пойдзе следам за сваімі, і паказаў вачыма на неба. Дома вырашылі, што Пякарскіх расстралялі. Антон ездзіў на хутар, дзе стаяла іх хата. Але яго нават на парог не пусцілі. Там жылі новыя гаспадары — калгасныя актывісты. Усё было разрабавана. Антон звярнуў увагу, як брудна каля дома. На вокнах не было фіранак, чамусьці паламалі ўвесь плот. А пры Марыі заўсёды была ідэальная чысці­ня. Ён стаяў каля хаты і плакаў, не заўважыўшы, як да яго падбег сабака Пякарскіх — Сябрук. На шыі матляўся кавалак вяроўкі. Сябрук перагрыз яе і збег ад новых гаспадароў. Ён з радасным віскам кінуўся Антону на грудзі, і чалавек убачыў, як плача бедная жывёліна. Цяпер Сябрук жыве з імі.

На кухні завіхалася свякроў, даносіўся пах чагосьці смачнага. Свёкар устаў даўно, сядзеў на прызбе і паліў. Яны з Марыяй выгадавалі шэсць сыноў. Ва ўсіх свае сем’і, дзеці. Ён вельмі хацеў дачку, але лёс дасылаў толькі хлопчыкаў. Затое зараз у яго ёсць любімая нявестка Аляксандра, і яна яму як дачка, кліча іх мамай і татам. А ўнучка Машачка з дзедам неразлучныя сябры.

Прайшло крыху часу, як з вуліцы прыйшоў дзед Антон і паведаміў, што прыехала ў вёску шмат машын, і сэрца ў яго не на месцы. Калі ён зайшоў у пакой, то з-за засланкі пад печкай высунулася Машачка і з хітрай усмешкай паведаміла, што яна з Сябруком схавалася, і каб дзед нікому не распавёў, дзе яна. Стары прыклаў палец да вуснаў, хоць усе ведалі, што сярод бабуліных саленняў пад печкай Маша абсталявала цацачны табар.

За акном пачуўся гул матора. З машыны выскачылі два чалавекі. Васіля заштурхалі ў хату. Усім на зборы далі 30 хвілін. Арыштавалі Аляксандру, Васіля, Марыю і Антона. Машу не заўважылі, бо яна адразу зразумела небяспеку і з Сябруком затаілася пад печкай.

Дзядуля з рыданнямі стаў маліць, каб бабулю не забіралі, бо яна вельмі хворая і хутка памрэ. Зняў з рук свой ды бабулін старадаўнія заручальныя пярсцёнкі і аддаў самаму галоўнаму тоўстаму дзядзечку. І той злітаваўся, пакінуў бабулю дома, а дзядуля, згорблены горам, увесь заплаканы пайшоў да дзвярэй.

Бабуля выйшла ў двор, машына кранулася, звозячы ў невядомасць мужа, сына і нявестку. Ад перажытага жаху Марыя страціла прытомнасць. Паступова свядомасць вярталася да яе, а разам з ёй і памяць. Пад печкай пачула плач Машачкі і жаласлі­вае скавытанне Сябрука. З таго часу Марыя старалася нікому не паказваць Машачку, каб не адабралі ў прытулак.

Уцёкі з Сібіры

У турму прыехалі толькі ўначы. Аляксандры ад перажытага і хвалявання за дачку на допыце стала дрэнна, і яе адвялі ў камеру. Якое ж было яе здзіўленне, калі там убачыла Амілю Пякарскую, стрыечную сястру мужа. Аміля ўжо цэлы год была ў турме і нічога не ведала пра родных. Яны абняліся і расплакаліся.

 Месяц Аляксандру дапытвалі, а потым абвясцілі, што накіроў­ваюць у сібірскі пасёлак Таўда на спецпасяленне. Вагон за­грузілі цалкам. Ён быў прыстасаваны для перавозкі цялят. Паставілі вядро для парашы. Колькі радасці было ў Амілі і Аляксандры, калі яны ўбачылі ў вагоне Язэпа, роднага брата Эміліі і стрыечнага — Васіля. Ён таксама цэлы год быў у турме і нічога не ведаў пра сваіх. Доўга размаўлялі пра былое шчаслівае жыццё. Аляксандра маліла Бога, каб свякроў не арыштавалі, інакш Маша знікне назаўсёды, паколькі дзецям рэпрасаваных у прытулках давалі іншыя імёны і прозвішчы. Яна не ведала, што на наступную ноч пасля іх арышту забралі і сям’ю брата Васіля, Андрэя, яго жонку Яніну Астроўскіх, якія жылі праз хату. Бабуля Марыя не змагла адстаяць малых.

 Дзяцей павезлі ў дзіцячы дом горада Нікалаева Адэскай вобласці. Антоша ні за што не хацеў адпускаць сястрычку, моцна туліў да сябе, а яна так крычала, што мінскія наглядчыкі не сталі іх разлучаць і аформілі ў адно месца. Дзесяць гадоў яны былі разам. Антону змянілі імя на Анатоль. Ён несупынна клапаціўся аб сястры, прыхоўваў для яе прысмакі, лепшую ежу. Распавядаў ёй пра дзяцінства ў Баброўцы.

 У 1941 годзе прама з дзіцячага дома Антон-Анатоль пайшоў на фронт на доўгія чатыры гады. Куды эвакуявалі дзіцячы дом, не ведаў. Але калі сыходзіў на фронт, з сястрой дамовіліся сустрэцца пасля вайны ў лепельскай Баброўцы.

 Два месяцы ехалі ў Сібір. Напакутаваліся. Язэп клапаціўся пра цяжарную Аляксандру. Эканоміў для яе хлеб, ваду. У Сашы ацяклі ногі, бо ўвесь час ляжалі скурчыўшыся. Найбольш даймала прыбіральня. Людзі саромеліся. З фіранкі зрабілі загародку ў куце вагона. Уначы было холадна, а ўдзень вагон награваўся, што не было чым дыхаць. Заўсёды хацелася піць. Калі адсоўвалі дзверы вагона, усе прагна хапалі свежае паветра. На рэдкіх прыпынках давалі ежу, ваду, прыбіралі парашу, выносілі трупы. Выходзіць з вагона пад пагрозай смерці забаранялася. Калі ў канцы этапу адсунулі дзверы вагона, было вельмі цёпла. Пах чаромхі напаўняў паветра на станцыі.

 Аляксандра, змучаная дарогай, ісці не магла. Язэп пасадзіў яе на калёсы, куды перасяленцы склалі няхітрыя пажыткі. Падаліся ў вёску Мастоўка. Там Саша залаты крыжык з шыі прадала на хрэсьбіны. На выручку купіла і насушыла хлеба.

 Аляксандру прызначылі даглядаць у полі агуркі, моркву, жыта. Неяк ліпеньскім вечарам адзначылася ў камендатуры і накіравалася па цемры на станцыю Таўда. На полі нарвала ў дарогу агуркоў, завязала ў хусцінку і паклала ў мяшок да няхітрых пажыткаў і сякой-такой ежы. Ішла амаль усю ноч пад дажджом. Стамілася. Блудзіла. Але 26 кіламетраў да ракі Таўды адолела. Пераплыла яе на пароме.

 На станцыі ссыльныя загружалі вагоны. Калі абвясцілі перакур і грузчыкі пайшлі пад дах, Аляксандра заскочыла ў апошні вагон. Прытулілася сярод скрынак з нейкім рыззём. Потым вагон да­грузілі, і цягнік крануўся. Заснула ў мокрым адзенні.

 Перастала арыентавацца ў часе. Нарэшце дзверы са скрыгатам рассунуліся, і хтосьці сказаў, што праз гадзіну пачнецца разгрузка. Ля апошняга вагона нікога не стала. Аляксандра саскочыла на зямлю. На станцыі шмат народа чакала пасадку ў пасажырскі цягнік. Падняла вочы на шыльду — “Гомель”. “Я ў Беларусі, дома, дома!” — стукала ў скронях. Дужа хацелася піць. Недалёка ўбачыла калонку, напоўніла бутэльку вадой і піла з асалодай, потым яшчэ і яшчэ. Набрала з сабой, бутэльку закаркавала скруткам з папяроснага пачка. «Цяпер у Лепель, а там і вёска побач, хоць пехатой, ды дайду”. Цягнік у Оршу адыходзіў раніцай. Каб не прыцягваць увагу, сышла ў сквер і села ў засені дрэва. На цяжарную жанчыну не звярталі ўвагі, нават не запатрабавалі дакументы паказаць.

Спатканне і расстанне

  У Лепелі выпадкова сустрэла знаёмых з вёскі. Нічога не пытаючыся, на возе давезлі да хаты. Як крычала, абліваючыся слёзамі свякроў, як радавалася маленькая Машачка, як Сябрук лізаў твар былой гаспадыні! Памылася ў лазні, апранулася ў чыстае, наелася да адвалу, заснула. Побач, паклаўшы ручку на мацін жывот, моцна спала Машачка.

 Пра іншых Астроўскіх і Пякарскіх свякроў не чула. На працягу двух тыдняў Аляксандра з дачкой удзень хаваліся ў хаце, а ў прыцемках сядзелі на прызбе. Нарэшце ў цяжарнай пачаліся схваткі. Другія суткі Саша не магла разрадзіцца. Крычала. А тут у дзверы загрукалі. Маша з Сябруком схаваліся пад печку.  Увайшлі два вайскоўцы. Сказалі, што прыехалі па ўцякачку са спецпасялення пад Таўдай. Марыя не паспела слова вымавіць, як у суседнім пакоі закрычала парадзіха. Афіцэр пайшоў на голас. Сітуацыю зразумеў адразу, выйшаў на кухню, сеў за стол і сказаў: “Ну, давайце хутчэй нараджайце, нам некалі чакаць”.

 Надышла раніца. Аляксандра, уся мокрая і змучаная, ужо не магла пяцца. Ляжала знясіленая і не магла нават паварушыцца. Афіцэр стаў крычаць, што яе трэба застрэліць. Па шчоках Аляксандры пацяклі слёзы. Яна спрабавала нешта сказаць, але вусны бязгучна варушыліся. Афіцэр загадаў маладому салдату сачыць за ёй у абодва вокі, а сам паехаў у Лепель. Салдацік, як празвала яго Марыя, быў вельмі хворы. Ён увесь час кашляў. Марыя зразумела, што ў яго сухоты.

 Яна прыгатавала яму лазню, пакляўшыся ўсімі святымі і сваім жыццём, што Аляксандра нікуды не збяжыць, яна проста не ў стане нават рухацца. І хай ён не перашкаджае ёй прымаць роды ў нявесткі. Нарэшце да абеду 3 жніўня 1930 года з’явіўся на свет хлопчык. Сына назвалі Антонам, як і марыў Васіль. У Аляксандры пачалася родавая гарачка, паднялася высокая тэмпература. На суседняй вуліцы жыў фельчар, і Марыя прывяла яго да хворай. Доктар прынёс лекі і абяцаў заўтра з’ездзіць у горад і купіць лепшыя прэпараты.

 На наступны дзень вярнуўся афіцэр. Ён спрабаваў прымусіць устаць Аляксандру. Жанчына з крыкам ад болю ўпала на падлогу і страціла прытомнасць. Марыя стала гучна плакаць і ўдваіх з салдацікам падняла нявестку на ложак. Афіцэр пакінуў салдата сачыць за Аляксандрай, а сам з’ехаў. Увечары прыйшоў доктар і зрабіў Аляксандры ўкол, пакінуў лекі. Кожны дзень ён прыходзіў і рабіў уколы. Аляксандра стала папраўляцца. Праз 10 дзён змагла садзіцца, а праз 15 — прайшлася па пакоі. Марыя і доктар лячылі і салдаціка. Аказваецца, ён быў з дзіцячага дома і не меў ні свайго кута, ні родных. Быў вельмі хворы. Марыя старалася добра яго карміць, а то быў зусім бы шкілет. Шкада ёй было гэтага салдаціка. Ён паказаў паперу з Таўды, якую пакінуў афіцэр, дзе было напісана вярнуць Аляксандру Астроўскую назад на спецпасяленне. Афіцэр, калі ад’язджаў, загадаў салдату расстраляць Аляксандру. Марыя, калі гэта пачула, завыла на ўсю хату. Салдацік не стаў выконваць загад. Ён, рызыкуючы сваім жыццём, зрабіў ёй дакументы, адвёз Аляксандру на вакзал і ў пасажырскім вагоне, купіўшы квіток да Таўды, скіраваў з грудным трохтыднёвым дзіцём у Сібір на спецпасяленне. Ён ведаў пра існаванне Машачкі, але нікому пра яе не распавёў. Словам, адплаціў дабрынёй за клопат аб ім у хаце Астроўскіх. На жаль, не захавалася ў памяці імя гэтага салдаціка, які выратаваў жыццё Аляксандры.

  Машачка засталася з бабуляй у вёсцы. У той жа год старшыня калгаса забраў хату Астроўскіх пад школу, пакінуўшы Марыі толькі кухню з печкай. Паставілі перагародку паміж кухняй і пакоямі, зрабілі іншы ўваход для вучняў з другога боку хаты. Маша ўзгадвала, як маленькай ляжала на печы і праз шчыліну паміж столлю і печкай сачыла за ўрокамі. Так і літары засвоіла.

 Ложкі, стол і шафу, якія сваімі рукамі рабіў Антон Астроўскі, канфіскавалі. Для Марыі пакінулі набіты сенам сяннік. Дзень і ноч яна марыла аб уз’яднанні сям’і. Не ведала, што 27 сакавіка 1930 года, праз паўтара месяца пасля арышту, былі расстраляныя  муж Антон і сыны Васіль, Андрэй, Міхаіл. А іх жонкі змешчаныя ў канцлагеры. Жонка Андрэя Яніна Астроўская адседзела ў Краснаярскім канцлагеры 23 гады: з 1930 па 1953 год. Яна не ведала, што ў сястры мужа Дар’і Пякарскай (Астроўскай) расстралялі мужа Антона Адамовіча Пякарскага. Дар’ю, яе сына Яна і дачку Юлю саслалі ў канцлагер на Салаўкі. А ад Аляксандры даведалася, што двое дзяцей Дар’і (Язэп і Аміля) ў Таўдзе на спецпасяленні.

У тайгу назаўсёды

 У Таўду Аляксандра прыехала напачатку кастрычніка. Яе пасялілі ў бараку на спецпасёлку. Побач жылі Аміля і Язэп Пякарскія. 16-гадовая Аміля працавала на суднаверфі. Бусаком сплаўляла бярвенне па Таўдзе. Стаяла ў вадзе па пояс. Прыходзіла дадому дужа позна і падала ад стомленасці. Ногі былі чырвоныя ад халоднай вады. Усю ноч не магла іх сагрэць, а раніцай са слязамі на вачах зноў ішла на сплаў лесу. Язэп будаваў лесакамбінат. Аляксандру прызначылі даяркай у арцель «1 Мая», якая знаходзілася паміж спецпасёлкам і пасёлкам Ялоўскім. У арцелі былі не толькі каровы, але і коні. Там пазнаёмілася з даяркай Лугаўцовай. З ёй сталі добрымі сяброўкамі. Немаўлятку Антоніка заўсёды брала з сабой на працу, бо не было з кім пакінуць. Затое заўсёды хлопчык піў сырадой. Употайкі паіла, бо забаронена было браць з сабой хоць грам. Гэта лічылася крадзяжом, за што маглі змясціць у лагер. Сяброўка заўсёды выручала. Пакуль Аляксандра паіла сына малаком, стаяла на ўваходзе і вартавала, каб ніхто не ўбачыў. Разам з іншымі жанчынамі дапамагала апрацоўваць агароды. Садзілі гародніну. Сушылі сена, каб на зіму набіць сеннікі. Ватных цюфякоў не будзе яшчэ гадоў дваццаць.

  Прайшло чатыры гады. Падрос сынок. Зараз на ферму ён хадзіў з мамай, трымаючыся за руку. Дапамагаў Аляксандры даваць сена каровам. Прыехалі новыя спецпасяленцы з Беларусі, і адна з жанчын распавяла Аляксандры, што яе мужа расстралялі, і гэта дакладна ведае. Аказваецца, яна працавала ў Мінску ў пракуратуры і бачыла спісы расстраляных. Астроўскіх ведае, бо маці яе з гэтай жа вёскі Баброўка. Аляксандра не проста плакала, яна крычала ад гора на ўсю вуліцу, знясіленая звалілася на сяннік і не магла паварушыць ні рукой, ні нагой. Сяброўка ўзяла Антона да сябе ў барак. Раніцай Аляксандра сустрэлася з сынам ужо на ферме. Як ні стамлялася Аляксандра, а прыходзіла позна ўвечары дадому і шыла сабе ды сыну адзенне. Вязала шкарпэткі, цёплыя кофты. І толькі калі клубок з прадзівам выпадалі з рук, тады клалася спаць. Сама пякла хлеб.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.