Багатыя дары восені залатой

— Барыс Сяргеевіч, прафесійнае свята аграрыяў супадае з цудоўнай восеньскай парой. Прыдатны час азірнуцца назад, падрахункаваць зробленае, падвесці вынікі працы на палях і фермах…
— Сапраўды, восень спрадвеку вобразна называюць залатой, і гэта не толькі колер спелых каласоў. Залатой гэтую пару робяць людзі, залаты фонд нацыі. У няпростых сёлетніх умовах надвор’я зроблены рашучы крок наперад, руплівымі мазалістымі хлебаробскімі рукамі ўнесены дастойны ўклад у харчовую бяспеку краіны.


— І тут вельмі дарэчы падмацаваць такія высновы канкрэтнымі лічбамі…
— Вытворчасць валавой прадукцыі за 10 месяцаў 2012 года склала 105% да ўзроўню 2011 года. Усяго па раёне намалочана 40545 тон збожжа (102,5% да ўзроўню мінулага года), ураджайнасць склала 29,6 цэнтнера з кожнага гектара. Найбольшая ўраджайнасць — у СВФ «Заазер’е» ААТ «Лепельскі МКК» — 39,8 цэнтнера з гектара (8,6 тыс. тон), ААТ «Чарэйшчына» — 37 (4,6 тыс. тон).
Дзяржаўны заказ па пастаўках збожжа сельскагаспадарчымі арганізацыямі на ААТ «Віцебскі КХП» выкананы. Валавы збор рапсу складзе 4 тыс. тон пры ўраджайнасці 11,4 цэнтнера з гектара. Чакаемы валавы збор бульбы ў бягучым годзе — 9 тыс. тон пры ўраджайнасці 200 цэнтнераў з гектара.
І такі красамоўны факт. У 2011 — 2012 гадах удалося стабілізаваць пасяўныя плошчы збожжавых і зернебабовых культур у сельскагаспадарчых арганізацыях на ўзроўні 15 тыс. га, рапсу — 4 тыс. га, бульбы — 0,2 тыс. га, лёну — 0,7 тыс. гектараў. Для павышэння ўрадлівасці глебы і ўраджаю летась унесена 201 тыс. тон арганічных угнаенняў пры заданні 200 тысяч, 7,3 тыс. тон дзеючага рэчыва NPK. Сёлета глеба была падсілкавана тукамі не ніжэй за ўзровень мінулага года. Правапнавана 900 гектараў кіслых глеб або 100 працэнтаў да плана.
— Прыярытэты аграрнай дзяржаўнай палітыкі вядомыя — развіццё і мадэрнізацыя вытворчых магутнасцяў, укараненне інавацыйных тэхналогій вядзення гаспадаркі, прыцягненне інвестыцый і высокакваліфікаваных кадраў, удасканаленне сацыяльнай інфраструктуры на вёсцы…
— Згодны. Крочым па гэтым шляху і ў жывёлагадоўлі. Галіна ў цэлым развіваецца дынамічна. За 2011 — 2012 гады выконваюцца прагнозныя паказчыкі па вытворчасці (гадоўлі) мяса птушкі, свіней, буйной рагатай жывёлы. За апошнія два гады валавая вытворчасць малака павялічылася на 16,7 працэнта, узрасла прадукцыйнасць дойнага статка на 368 кілаграмаў, удой на фуражную карову сёлета складзе 4650 кілаграмаў малака. Высока ацэньваю вытворчую дзейнасць ААТ «Лядна» (дырэктар Бабовіч І.П.). Прагнозныя паказчыкі ў галіне паспяхова рэалізуюцца. Ад кожнай каровы да канца года мяркуецца атрымаць прыблізна па 5000 кілаграмаў малака, сярэднясутачнае прыбаўленне маладняку буйной рагатай жывёлы ў вазе дасягнуць прыкладна 631 грама. У СПФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК” (дырэктар Быкаў А.П.) удой на фуражную карову за год складзе 6000 кілаграмаў малака, чакаемая сярэднясутачная прывага — 675 грамаў.
— Барыс Сяргеевіч, сельская гаспадарка не толькі сфера эканомікі. Здавён вёска з’яўляецца ўзорам працавітасці, гаспадарскага стаўлення да зямлі, крыніцай духоўнасці і народных традыцый. Рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на Лепельшчыне паказала, што рэгіён здольны не толькі якасна змяніць умовы вытворчасці сельгаспрадукцыі, але і ўмовы жыцця ў сельскай мясцовасці…
— Прадоўжу Ваш лагічны ланцужок. На Лепельшчыне актыўна будуецца жыллё для аграрыяў, актыўна добраўпарадкоўваюцца аграгарадкі, папаўняюцца гандлёвымі аб’ектамі і пунктамі бытавога абслугоўвання. Такім чынам упэўнена ствараем светлую будучыню сучаснай беларускай вёскі, надзейны падмурак дабрабыту вяскоўцаў.
— Плённая і выніковая праца сельскагаспадарчай вытворчасці і прамысловага сектара эканомікі арганічна дапасаваны ў адзіным свяце — Дні работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.
— Шчыра дзякую ўсім, хто з раніцы да позняй ночы працуе на палетках і жывёлагадоўчых фермах, за штурваламі камбайнаў і за рулём трактароў. Асаблівую падзяку сардэчна выказваю кіраўнікам прамысловых прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна, якія ў прыпарны час падставілі сяльчанам надзейнае шэфскае плячо, спадзяюся на такое ж паразуменне і ў далейшым. Спрадвечная руплівасць беларускіх аграрыяў, інавацыйны шлях развіцця сельскай гаспадаркі дазваляюць гарантавана атрымліваць высокія вынікі. Толькі за апошняе пяцігоддзе ў аграпрамысловым комплексе рэспублікі ў тры разы павялічылася прадукцыйнасць працы. Гаспадаркі ў поўным аб’ёме забяспечваюць сыравінай перапрацоўчую прамысловасць. Пашыраецца наменклатура вырабаў, паляпшаецца іх якасць. Насельніцтва краіны ў поўнай меры забяспечана харчаваннем, значныя аб’ёмы яго пастаўляюцца на знешні рынак. Па гэтым паказчыку Беларусь займае лідзіруючыя пазіцыі ў СНД, айчынны аграбізнэс усё больш канкурэнтаздольны на сусветным рынку.
— Свята — добрая нагода павіншаваць гвардзейцаў палёў і фермаў з высокімі паказчыкамі, прынародна ўшанаваць іх…
— Я ўжо не раз падкрэсліваў высокія патэнцыйныя магчымасці кадравага корпуса Лепельшчыны. І сёння з асаблівай удзячнасцю называю прозвішчы правафланговых спаборніцтва. У іх ліку Духовіч Пётр Мікалаевіч — трактарыст СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”, Ляйко Аляксандр Уладзіміравіч — трактарыст СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”, Матырка Галіна Сцяпанаўна — трактарыст ААТ “Лядна”, Міхно Таццяна Яўгенаўна — аператар машыннага даення кароў СВП “Пражэктар” РУВП “Віцебскхлебпрам”, Дальчаніна Вера Генадзьеўна — аператар па вырошчванні буйной рагатай жывёлы СПФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”.
Пераможцамі сярод гаспадарак выйшлі: па ўборцы рапсу — ААТ “Лядна” (дырэктар Бабовіч Іван Пятровіч); па намалоце збожжа — СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК” (дырэктар Быкаў Аляксандр Пятровіч); па нарыхтоўцы кармоў — КУВСГП “Баброва” (дырэктар Храмцоў Вячаслаў Міхайлавіч).
Ад імя раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў віншую лепяльчан са святам работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, ад усёй душы дзякую вам за самаадданую працу, жадаю моцнага здароўя, вялікага асабістага шчасця, новых працоўных перамог.
Аграрны сектар з’яўляецца галоўным і вырашальным звяном у развіцці любой дзяржавы, ад становішча спраў у якім залежыць жыццядзейнасць усяго грамадства, дабрабыт кожнай сям’і, таму праблемы сяла, працаўнікоў аграпрамысловага комплексу і надалей пастаянна будуць знаходзіцца ў цэнтры ўвагі раённага выканаўчага камітэта.
Інтэрв’ю правёў
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.