Безнаяўныя разлікі

У цяперашні час практычна ўсе работнікі гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў атрымліваюць заработную плату па пластыкавых картках. Аднак многія пасля атрымання зарплаты спяшаюцца да бліжэйшага банкамата, каб зняць наяўныя грошы. Не ўсе задумваюцца аб тым, што пры дапамозе пластыкавай карткі можна разлічыцца ў гандлёвых прадпрыемствах, аплаціць камунальныя паслугі, банкаўскія крэдыты і г.д. Да таго ж выкарыстанне пластыкавай карткі дапамагае зэканоміць час. Больш падрабязна аб аперацыях па пластыкавых картках расказвае ў інтэрв’ю начальнік аддзела рознічных паслуг аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” у г. Лепель Алена Жураўская.

— Алена Львоўна, раскажыце, калі ласка, аб развіцці безнаяўных разлікаў.
— Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь даведзены план да ўсіх аддзяленняў банка, згодна з якім 17 працэнтаў фінансавых сродкаў павінны скласці безнаяўныя разлікі.
Пры дапамозе пластыкавай карткі ААТ “Белаграпрамбанк” можна зрабіць розныя плацяжы праз банкаматы і інфакіёскі. Такім жа чынам могуць зрабіць аплату кліенты іншых банкаў. Акрамя таго, кліенты могуць скарыстацца паслугамі Інтэрнэт-банкінга. Такім чынам, можна зрабіць плацяжы не выходзячы з дому. Для гэтага патрэбна звярнуцца ў бліжэйшае аддзяленне банка і атрымаць карту Інтэрнэт-доступу. Спецыяліст банка падрабязна раскажа, якім чынам пры дапамозе карты можна зрабіць аплату паслуг. Звычайна аплата праз інтэрнэт займае не больш пяці хвілін.
— Алена Львоўна, упэўнена, што выкарыстанне пластыкавых картак зручнае не толькі пры аплаце паслуг.
— Безумоўна. Так, калі кліент згубіў картку, гэта зусім не азначае страту грошай. Дастаткова пазваніць у кругласутачную службу падтрымкі, паведаміць аб знікненні карты. Яна тут жа будзе заблакіравана, а кліент у хуткім часе атрымае новую са сваімі грашыма.
— Пагаворым аб забяспечанасці плацёжнымі тэрміналамі…
— У цяперашні час плацёжныя тэрміналы ўстаноўлены ва ўсіх гарадскіх і сельскіх магазінах, аддзяленнях паштовай сувязі. Паколькі не многія кліенты прывыклі разлічвацца пластыкавымі карткамі, вельмі важна, каб работнікі гандлю самі прапаноўвалі кліентам зрабіць безнаяўны разлік, тлумачылі, наколькі гэта зручна. У гэтым накірунку актыўна працуюць прадаўцы магазінаў “Лепелька”, “Ваенсэрвіс” у Бароўцы.
Усяго ў раёне ўстаноўлена 178 плацёжных тэрміналаў. У горадзе працуе 15 інфакіёскаў.
Для папулярызацыі безнаяўных разлікаў сярод насельніцтва заахвочваем тых грамадзян, якія найбольш актыўна вядуць безнаяўныя разлікі.
Як толькі зарплата паступае на карт-рахунак, многія лепяльчане тут жа здымаюць грошы ў бліжэйшым банкамаце. Такім чынам узнікаюць праблемы з наяўнасцю. Уявіце сабе, што кожную пятніцу, перад выхаднымі, толькі ў банкаматы аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” паступае адзін мільярд рублёў. Не меншыя сумы праходзяць і праз банкаматы іншых устаноў. Праз два дні ўсе банкаматы застаюцца без грошай.
— Напэўна, многія жыхары раёна здымаюць грошы ў банкаматах для таго, каб разлічыцца на рынку…
— Згодна з новай Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, ва ўсіх прыватных унітарных прадпрыемствах, якія пачынаюць сваю дзейнасць, у абавязковым парадку павінны быць устаноўлены плацёжныя тэрміналы. Іх павінны мець таксама прыватныя прадпрыемствы, даход якіх за мінулы год склаў больш за 500 базавых велічынь.
Інтэрв’ю правяла
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.