Больш малака — большы заробак

Нагодай для прыезду ў Велеўшчыну стала падзея не проста добрая, а нават выдатная — даярка мясцовай фермы Ірына Пшонка заняла другое месца ў абласным спаборніцтве па вытворчасці малака сярод аператараў машыннага даення ў маі 2012 года. Пакуль ехалі туды, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Марціновіч патлумачыў, што для вызначэння месцаў бярэцца не адзін, а сукупнасць вытворчых паказчыкаў.

Найперш гэта сярэдні надой ад адной каровы, валавы надой за месяц, прырост адносна адпаведных паказчыкаў такога ж месяца мінулага года.
Ферма ў Велеўшчыне будзе рэканструявана. Дах будзе цалкам заменены. І сапраўды, частка сцен ужо адмуравана свежай цэглай, над некаторымі ўчасткамі ўзведзены новыя кроквы з латамі, на якія неўзабаве прыб’юць шыфер. Унутры памяшканне таксама будзе перааснашчана. Да пачатку стойлавага перыяду ўтрымання жывёлы абноўленую ферму плануецца здаць у эксплуатацыю.
Зараз каровы знаходзяцца на кругласутачным выпасе на бліжэйшым полі, там жа і мабільная даільная ўстаноўка. Жанчыны апранулі халаты. Сяргей Марціновіч:
— Шаноўная Ірына Пятроўна! Дазвольце павіншаваць вас з узяццем чарговай вытворчай вышыні. Вы занялі другое месца ў абласным вытворчым спаборніцтве. Памятаю, як два гады таму, у 2010 годзе, ваша ферма заняла прызавое месца ў аналагічным спаборніцтве. Мы і тады прывозілі вам падарункі. Рады, што вы захавалі свае добрыя традыцыі. Вам, Ірына Пятроўна, акрамя падзякі абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні і абкама прафсаюза работнікаў АПК уручаем яшчэ і прэмію — 250 тысяч рублёў. Жадаю, каб гэта прэмія стала далёка не апошняй!
Статак на полі налічвае 158 кароў, з іх 140 — дойныя. 18 жывёлін — у запуску, у бліжэйшы час павінны ацяліцца. Такую колькасць жывёлы абслугоўваюць пяць даярак — чатыры асноўныя і адна падменная. Кругласутачны выпас ажыццяўляюць шасцёра пастухоў. Яны выходзяць на працу пазменна па 12 гадзін.
Паша падсеяна белай канюшынай. Глеба ў наваколлі Велеўшчыны пясчаная, камяністая, у любое больш-менш цёплае і сухое лета палеткі выгараюць. У савецкія часы на палях стаялі дажджавальныя ўстаноўкі, якія забяспечвалі неблагія ўраджаі. Часіны памяняліся, устаноўкі адышлі ў нябыт. Аднак сёлетняе лета — найбольш спрыяльнае для велеўшчынскіх лугоў, вільгаці траве хапае, каб перыядычна адрастаць. Выпасы рэгулярна падкошваюцца, гэта было відаць простым вокам. З іншага боку, дажджы неспрыяльныя для нарыхтоўкі сена, таму працаўнікі СВП “Пражэктар” стараюцца кампенсаваць яго недахоп большымі закладкамі сенажу.
Тройчы на дзень даільная ўстаноўка вандруе па полі следам за статкам. Трактар без асаблівага напружання перацягвае яе з месца на месца. Трактарысту Сяргею Падабеду пры дойцы таксама даводзіцца шмат папрацаваць: за ім яшчэ і прывядзенне даільнай сістэмы ў дзеянне ад рухавіка, падвоз вады. Як бы сыра ні было, якая б мокрая ад дажджоў ні была трава, аднак тэхналагічныя нормы малочнай вытворчасці выконваць трэба.
Выдатна адпрацаваўшы ў маі, у сярэдзіне чэрвеня Ірына Пшонка пайшла ў чарговы працоўны водпуск. Аднак уручэнне падзякі абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні і абкама прафсаюза работнікаў АПК і прэміі — добрая нагода, каб зноў сустрэцца з сяброўкамі па працы.
— У сярэднім за суткі ад каровы надойваю па 22 кілаграмы малака, — дзеліцца сакрэтамі поспеху Ірына. — Ранішняя дойка — самая выніковая, ад усяго статка надойваем па 1,3 — 1,5 тоны малака, у абед і ўвечары — яшчэ па тоне. Валавы сутачны надой атрымліваецца каля трох з паловай тон ад 140 кароў.
— Калі не сакрэт, якія заробкі?
— Не сакрэт. Даяркі атрымліваюць на рукі каля трох мільёнаў рублёў у месяц, пастухі — каля двух мільёнаў. Заробак залежыць ад надояў: чым больш атрымаем малака, тым большым будзе заробак. А то, глядзіш, і прэмія.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Ірына Пшонка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.