Бульбяныя гектары

Сёлета ў гаспадарках раёна было пасаджана 206 гектараў бульбы. Найбольшыя пасяўныя плошчы ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Чарэйшчына” — 125 гектараў. У параўнанні з леташнімі плошчы скарочаныя амаль удвая. Вопыт паказаў, што такія пасевы найбольш аптымальныя, працаўнікі паспяваюць своечасова зрабіць усе неабходныя агратэхнічныя аперацыі.
ААТ “Лядна” і сортавыпрабавальная станцыя пад другі хлеб адвялі 40 і 41 гектар адпаведна.


Уборка бульбы пачалася з першымі асеннімі дзянькамі. Сёлетні год для бульбы аказаўся не надта ўрадлівы. Калі ў ранейшыя гады можна было пахваліцца ўраджайнасцю да 300 і больш цэнтнераў з гектара, то сёлета карціна наступная. ААТ “Чарэйшчына” накопвае каля 140 ц/га, ААТ “Лядна” — 106, а сартастанцыя — толькі 74 цэнтнеры клубняў з гектара.
Прычынамі неўраджаю спецыялісты называюць неспрыяльныя ўмовы надвор’я: занадта халодную вясну, калі клубням трэба было прарастаць і пускаць карані, і занадта сухое лета, калі з-за адсутнасці вільгаці бульба дрэнна расла. Сваю справу вяскоўцы зрабілі якасна, у спрыяльныя агратэхнічныя тэрміны была праведзена пасадка, унесены мінеральныя ўгнаенні. У патрэбны час праводзілася акучванне, апрацоўка прэпаратамі супраць каларадскіх жукоў і фітафторы.
Аднак ёсць і прыемнае выключэнне — у гадавальніках сартастанцыі пасадкі элітнай бульбы сартоў “лілея”, “уладар”, “брыз” і “рагнеда” далі ўраджайнасць да 400 цэнтнераў з гектара. На жаль, пад гэтыя сарты было адведзена толькі па адным гектары. У сартастанцыі плануюць усе клубні пакінуць сабе для далейшага культывавання.
У сартастанцыі і “Лядне” ўборка бульбы завершана, вядзецца сартаванне яе і закладванне на захоўванне, рэалізацыя. У першай гаспадарцы гэта аперацыя механізаваная, дзейнічае бульбасартавальны пункт (БСП). Тэхніка беларускай вытворчасці адносна новая, працуе ў гаспадарцы чацвёрты год. У ААТ “Лядна” БСП няма, таму там усе 424 тоны клубняў трэба будзе перабраць уручную. Для гэтага прыцягваюцца школьнікі, беспрацоўныя, шэфы. ААТ “Чарэйшчына” свой БСП мае, аднак там аб’ёмы вельмі вялікія. Мяркуецца, што атрымаюць каля 1750 тон, таму таксама запатрабуецца шэфская дапамога.
Ужо зараз вядзецца рэалізацыя бульбы. Нарыхтоўчыя арганізацыі, у прыватнасці, каапнарыхтпрам Лепельскага РСТ прымае бульбу па 1200 рублёў за кілаграм. У бліжэйшыя дні такім чынам “Чарэйшчына” рэалізуе 200 тон. Па сведчаннях эканамістаў, гэта цана толькі-толькі пакрывае расходы сельгасвытворцаў на вырошчванне. Значную надзею працаўнікі гаспадарак ускладаюць на традыцыйныя восеньскія кірмашы, дзе можна па больш высокай цане рэалізаваць значныя аб’ёмы прадукцыі.
Наступная важная задача — якасна закласці бульбу на захоўванне, каб за зімовыя месяцы яна не страціла сваіх спажывецкіх якасцяў. “Чарэйшчына” мае сховішчы, якія здольныя прыняць да 1500 тон клубняў. Яны абсталяваны ўстаноўкамі клімат-кантролю, якія дазваляюць стварыць і падтрымліваць аптымальныя ўмовы.
ААТ “Лядна” таксама мае прыстасаванае памяшканне, якое можа прыняць 300 тон. Аднак там ёсць некалькі пытанняў па ўмовах захоўвання. Неблагое сховішча на 400 тон ёсць і ў сартастанцыі. Пытанне якаснага захоўвання ўраджаю тым больш актуальнае, бо, як правіла, з сярэдзіны зімы кошты на бульбу істотна павышаюцца, што робіць яе рэалізацыю ў гэту пару больш прыбытковай.
С. БАЗЫЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.