Валосавіцкі сельсавет

Рэканструкцыя дарогі
На рэканструкцыі дарогі да могілак ля вёскі Касцюкоўшчына папрацавалі лепельскія камунальнікі. Дзвесце трыццаць метраў дарогі падсыпана гравіем. Пакладзена дрэнажная труба праз рэчку, што перасякае пад’езд да могілак.

На бетоннай аснове
Па вуліцы Школьнай вёскі Грыгаравічы ўстаноўлена драўляная агароджа на бетоннай аснове працягласцю трыста дваццаць метраў.

Агароджа пафарбавана. На чарзе — вуліца Маладзёжная, дзе ўжо на ўчастку сто сорак метраў устаноўлены бетонныя слупы.

“Цудоўная крыніца”
Капліца з крыніцаю паміж вёскамі Новыя Валосавічы і Красналучка атрымала прыгожую назву “Цудоўная крыніца”. Вядзецца рэканструкцыя гэтага ўнікальнага прыродна-турыстычнага аб’екта. Перакрыты андулінам дах альтанкі, аздоблены вагонкай яе сцены, пафарбаваны падлога, крыж, устаноўлены дзве студзенькі для збору вады, вакол купелі ўзведзена агароджа з лазовых прутоў. Засталося ўкласці трубу, спілаваць засохлыя дрэвы, пашырыць дарогу да крыніцы, усталяваць агітацыйны шчыт, заказаць этыкеткі на ёмістасці для рэалізацыі вады. Шчыруюць ля крыніцы Іван Блажко з сынам Данілам, Аляксандр Гарбёнак, Уладзімір Крукаў. Грошы на рэканструкцыю аб’екта культурнай спадчыны выдзелены ў суме адной тысячы двухсот еўра ў межах міжнароднага экалагічнага праекта “Вада, прырода, людзі ў знікаючым асяроддзі”.
Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.