Ва ўмовах канкурэнцыі

У савецкія часы, як толькі ўступіў у дзеянне, Лепельскі камбікормавы завод выпускаў не больш за 3600 тон камбікармоў у месяц. Пры гэтым людзі працавалі кругласутачна па трохзменным графіку, па сем гадзін у змену. ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, куды ўваходзіць і філіял “Лепельскі” (былы камбікормавы завод), — вытворчая структура з замкнутым цыклам. Завод выпускае кармы для некалькіх свінакомплексаў, якія і даюць канчатковую прадукцыю.
Кіраўніцтвам ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” было прынята рашэнне аб рэалізацыі праграмы мадэрнізацыі завода.

Асноўныя задачы — рост валавой вытворчасці прадукцыі, павышэнне якасці, зніжэнне выдаткаў, стварэнне зручных умоў для работнікаў і ў канчатковым выніку — павышэнне эфектыўнасці эканамічнай дзейнасці.
Першапачаткова ў прадпрыемства не хапала сродкаў, каб адразу замяніць усё тэхналагічнае абсталяванне, паставіць новае. Набывалі абсталяванне хаця і імпартнае, але былое ў карыстанні.
Асноўны крытэрый — вытворчая эфектыўнасць.
Аптымальна сябе зарэкамендавала абсталяванне польскай вытворчасці. Яно на момант набыцця і мантажу хаця і было па некалькі гадоў у карыстанні, усё ж працавала лепей, больш прадукцыйна, з меншымі затратамі, што і патрабавалася на той перыяд. І па прымальнай цане.
Дырэктар філіяла Ігар Таран успамінае:
— Прапаноўваліся нам розныя варыянты вытворчага абсталявання. Нават больш прадукцыйныя, новыя, але на тую пару набывалі тое, на што хапала грошай. Мы выйгралі ў часе. Пакуль нашы канкурэнты толькі збіраліся абнаўляць вытворчасць, на нашым прадпрыемстве мадэрнізацыя ішла поўным ходам. У выніку істотна нарасцілі аб’ёмы вытворчасці. Калі ў савецкія часы завод за месяц вырабляў не больш за 3600 тон камбікармоў, то, для прыкладу, летась мы выпускалі па 9250 тон — амаль утрая больш. Значна павысілася якасць прадукцыі, пашырыўся асартымент. І, нарэшце, зніжаны ўдзельныя выдаткі. Так, на выпуск адной тоны прадукцыі мы затрачваем 164151 рубель. Сюды ўключаем толькі расходы завода: аплата працы, паліва, электраэнергіі і г.д. Сыравіна — асобны артыкул расходаў. Сёння, наколькі ведаю, у нашых канкурэнтаў у рэспубліцы аналагічныя выдаткі дасягаюць 430 тысяч рублёў на тону. Аднак мы на гэтым не спыняемся і ў бліжэйшай перспектыве будзем працягваць планамернае абнаўленне асноўных фондаў.
— Навошта? Вы ж, здаецца, і так на лідзіруючых пазіцыях?
— Спыняцца нельга, так патрабуюць час і рэаліі рынку. Ды і ўмовы гаспадарання карэнным чынам змяніліся. Для прыкладу, летась Расія ўступіла ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА). Цана мяса свініны ў сувязі з гэтым знізілася з 24 да 16 расійскіх рублёў за кілаграм. А дзейнасць ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” якраз накіравана на расійскі рынак, асноўны даход атрымліваем ад продажу мяса. Выснова — трэба зніжаць удзельныя выдаткі і нарошчваць аб’ёмы выпуску, каб не знізіць даходнасць прадпрыемства. Трэба павялічваць пагалоўе жывёлы — значыць, павялічваць валавы выпуск камбікармоў.
Сённяшнімі 9250 тонамі камбікармоў у месяц ЗАТ ледзь-ледзь закрывае ўласныя патрэбы. Падлічана, што пры павелічэнні пагалоўя месячную выпрацоўку кармоў трэба нарошчваць як мінімум да 14 тысяч тон. Пры трохзменным кругласутачным рабочым рэжыме завод павінен выпускаць па 22,5 тоны камбікармоў за гадзіну.
Пры выбары і закупе абсталяванне трэба браць з запасам вытворчых магутнасцяў, як мінімум на 30 тон у гадзіну. Прыёмка збожжа, транспартаванне яго са складоў у цэхі, з цэха ў цэх, перапрацоўка, дабаўкі, грануляцыя, адгрузка гатовай прадукцыі — усё павінна ўкладвацца ў гэты паказчык. Некаторыя этапы ўжо адпавядаюць гэтым патрабаванням, іншыя — падганяем. На днях прыбыло новае абсталяванне, пачынаем яго мантаж і наладку. Гэта будзе камп’ютарызаваны комплекс, дзе ўдзел людзей у вытворчым працэсе зведзены да мінімуму. Дарэчы, каштуе яно паўмільёна еўра. Згодзен, сума не маленькая, але і ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” — структура сур’ёзная, можа дазволіць сабе такія капіталаўкладанні.
— Прадукцыі якіх вытворцаў аддаяце перавагу?
— Асартымент абсталявання на еўрапейскім рынку прадстаўлены даволі шырока. У гэтым сегменце працуюць італьянцы, палякі, немцы, нават кітайцы. Выдатную тэхніку вырабляе нямецкая фірма “Бюлер”. Аднак пабачым, якія будуць канчатковыя ўмовы камплектацыі, паставак і аплаты. Магчыма, кіраўніцтва ЗАТ выбера іншы варыянт.
— Адкуль атрымліваеце інфармацыю пра навейшыя распрацоўкі?
— Інтэрнэт — глабальная бібліятэка. Пры жаданні там можна знайсці любую інфармацыю па любым вытворцы і яго абсталяванні. Там жа змешчаны відэаролікі, якія паказваюць, як абсталяванне функцыянуе. Калі трэба, выязджаем і за мяжу, каб на свае вочы пабачыць, што гэта за абсталяванне, ці варта яго набываць.
— Які наступны этап мадэрнізацыі?
— Сховішчы для зерня. Зараз змяшчальнасць нашага элеватара складае 26 тысяч тон. Гэтага хапае на тры месяцы. З павелічэннем вытворчых магутнасцяў 26-тысячатоннага запасу досыць будзе месяцы на два. Пасля завяршэння бліжэйшага этапу мадэрнізацыі за год філіял “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” будзе здольны перапрацаваць да ста пяцідзесяці тысяч тон збожжа. Таму наступным этапам павінна стаць павелічэнне ёмістасці элеватараў хаця б да 50 тысяч тон. Калі болей, то яшчэ лепей.
— Што ж, пасля такога маштабнага пераабсталявання можна і супакоіцца, засяродзіцца на непасрэднай дзейнасці — вытворчасці камбікармоў…
— Мадэрнізацыя, абнаўленне вытворчых магутнасцяў — працэс пастаянны. Вось мы ўстановім камп’ютарызаваны комплекс, а праз год — два будзе распрацаваны і выпушчаны новы, які мае яшчэ лепшыя паказчыкі па прадукцыйнасці, эканамічнасці, зручнасці для персаналу. Атрымаецца, што мы страцім перавагу ў жорсткай канкурэнтнай барацьбе. Не чакаць канчатковага фізічнага вынасу абсталявання, а мяняць яго на навейшыя ўзоры, пастаянна сачыць за апошнімі тэндэнцыямі ў галіне — вось наша разуменне мадэрнізацыі.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.