Вершаваны вянок

Зноў гартаю старонкі важкай падборкі вершаў лаўрэатаў раённага конкурсу юных паэтаў. Чаму зноў? Таму што конкурс гэты праводзіцца не ўпершыню і, можна сказаць, стаў ужо традыцыйным. Сёлета ў ім узялі ўдзел каля пяці­дзесяці юных талентаў. А пра тое, што іх творы сапраўды годныя, сведчыць хаця б такі факт: дваццаць сем ­удзельнікаў конкурсу сталі лаўрэатамі.

Ну, не пакрывіць бы душой, скажу ўсё ж, што вершы трапілі на конкурс розныя, як па тэматычнай скіраванасці, так і па літаратурным узроўні. Трапляюцца і “прахадныя”, ёсць і шаблонныя.

Ды не пра іх размова. Урэшце, арганізатары конкурсу — аддзел моладзі райвыканкама, ЦДТ, літаратурна-музычны клуб “Выток”, вядучая Алена Макаранка — і не ставілі задачай вызначыць “новага Пушкіна ці Купалу”, але абудзіць у дзяцей і падлеткаў цікавасць да творчасці, прымусіць іх задумацца над чалавечымі каштоўнасцямі. Чаму б і не?

Натуральна, конкурс сёлета праводзіўся ў рэчышчы Года кнігі і меў непасрэднае дачыненне да юбілеяў нашых літаратурных кла­сікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, якія будзем адзначаць неўзабаве.

А таму многія ўдзельнікі пачыналі свае творы з прысвячэння літаратурным волатам, з традыцыйнага прызнання ў любові да кнігі. Але не ў гэтых “абавязковых” і таму часам павярхоўных, “прыцягнутых” прызнаннях і прысвячэннях, як правіла, раскрыліся юныя творцы, а ў нечаканых праявах больш глыбіннай чалавечай шчырасці. Паслухайце ж:

  Сонца ласкавым праменнем

  Сагравае наваколле,

  Рэчку хуткую з каменнем,

  Векавыя дрэвы з голлем,

  Для якіх гады — імгненне,

  Ўсё адно — палон ці воля.

  Чалавек, жыццё — каштоўнасць,

  Ўсё астатняе — умоўнасць.

 Такая вось прывабная, зусім не дзіцячая, бо глыбінная, як тая “рэчка хуткая з каменнем”, філасофія ў васьмі­класніка з Пышна Арцёма Хрышчанкі. Радкамі з яго верша можна аб’яднаць усю тэматычную размаітасць удзельнікаў конкурсу.

 І, зноў жа, чым прасцей напісана, тым цікавей чытаецца. Вось вам яшчэ прыклад, як пяцікласніца Пышнянскай школы Марына Жарнасек назірае і разумее зімовае неба. Верш “белы”,  амаль без рыфмы, але колькі ў ім вобразнасці, дамашняй утульнасці, чалавечай чысціні і цеплыні!

 Арцём Хрышчанка, Марына Жарнасек, Жэня Галінскі — здаецца, у невялікай вясковай школцы сапраўды падрастае цэлае сузор’е талентаў. Не палічыце гэта нейкай прадузятасцю, проста хочацца цытаваць сапраўды лепшае ў лаўрэатаў конкурсу. Вось і ў Жэні — яго імклівая рэчка, якая ўмее думаць:

  Рэчка весела струіцца,

  Праплывае перашкоды.

  Вось спынілася, бруіцца —

  Ды няма далей ёй ходу.

  І стаіць яна, не знае,

  Што рабіць ёй? Тут спыніцца?

  Пачакала, сіл набрала —

  І ракой вялікай стала.

 Шмат удзельнікаў конкурсу, васямнаццаць чалавек, вучні СШ №3. У вершах многіх з іх — вобразы цікавыя і запамінальныя. Згадзіцеся, запамінаецца, напрыклад, прызнанне роднаму Лепелю дзевяцікласніцы Алены Пшонкі:

 Мой родны горад! Як гняздоўе птушку,

  Мяне ты вабіш квеценню садоў,

  Любоўю песціш, як бацькі дачушку,

  І не старэеш з шэрагам гадоў.

 Альбо апісанне веснавога дня ў вершы сямікласніцы Насці Пятровай:

  Бярозкі белыя на ўзлеску

  Гамоняць ціха між сабой

  І кветкі першыя — пралескі —

  Вітаюць пчолак шумны рой.

  Вобразы з дзіцячых творчых фантазій такія ж жывыя, рухавыя — натуральныя, як і самі дзеці. Шчырасць і натуральнасць і падкупляе ў іх творах. Красамоўным прыкладам нам паслужыць верабейчык з аднайменнага верша вучаніцы гімназіі Марыі Дзямко:

  …Ціў-ціў-ціў, ціў-ціў-ціў,

  Дайце есці — я ледзь жыў!

  Есці многа мне не трэба:

  Трошкі зерня, трошкі хлеба.

  Кіньце, дзеткі, на зямлю,

  Я вам песеньку спяю. 

  Падлеткавыя прызнанні ў любові да Радзімы палымяныя, як прызнанні ў каханні дзяўчыне. Дзевяцікласнік з гімназіі Уладзімір Лапёнак праводзіць відавочную паралель паміж патрыятычнай любоўю да Беларусі і светлым пачуццём кахання, уласцівым кожнаму юнаку і кожнай дзяўчыне. Атрымліваецца прыгожа, годна.

 Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі дыпломы. Акрамя таго, лаўрэатаў чакалі граматы і падарункі. Да таго ж, прыемным падарункам кожнаму аўтару лепшага верша можа стацца яго ўдзел у абласным этапе конкурсу “Калыска мая Беларусь”, матэрыялы для якога будуць накіраваны ў Віцебск яшчэ да канца гэтага месяца.

  Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.