Воканскія дзівосы

Вокана — вёска аддаленая. За ёй пачынаюцца дрымучыя глухія пушчы. Славіцца рыбным возерам з аднайменнай назвай. Менавіта прыгажосць тамтэйшай прыроды вабіць у вёску сталічных жыхароў. Вокана адносіцца да тых рэдкіх сельскіх населеных пунктаў, якія з цягам часу не змяншаюцца, а растуць. І гэта пры тым, што вясковых двароў там засталося ўсяго паўтара дзясятка.

Рост вёскі забяспечваюць прышлыя людзі. У ёй мудрагелістых пабудоў, дач, якія з першага погляду адрозніваюцца ад змрочных вясковых хат, восем дзясяткаў. Будаўніцтва іх працягваецца.
А яшчэ Вокана славіцца рэчкай Воканіцай. Разразае яна вёску на дзве часткі. Жыве на працягу ўсяго некалькіх кіламетраў — з возера Вокана выцякае і ў раку Бярэшчу ўпадае. А славу рэчцы надае вясновая міграцыя рыбы. У разводдзе пачынае яна перамяшчацца паміж вадаёмам і вадацёкам па разлітым і поўным рэчышчы. Тады штодзень з’язджаюцца дзясяткі рыбаловаў. Ушчыльную стаяць адзін да другога. І кожны вяртаецца дахаты з багатым уловам.
Аднак рыбаход працягваецца нядоўга. Як толькі вада спадае, Воканіца ператвараецца ў вузкую рачулку і рыба знікае, знайшоўшы сабе больш надзейны прыстанак.
Другое дзіва знаходзіцца за Воканам, пры дарозе ва ўрочышча Кранштат. Дарога тая гразкая, здаўна патрабавала падсыпкі, бо служыла праездам на поле ў некалькі гектараў, якое цяпер служыць прыкормам дзікай жывёле. На былым палетку пастаўлена паляўнічая вышка з байніцамі, праз якія зручна расстрэльваць буйных звяроў, што прыйшлі пахарчавацца спецыяльна прывезеным кормам.
Але вышка — не дзіва. Шмат ёй падобных раскідана па лясах. Асабіста я лазіў на такія ў выселенай вёсцы Пастрэжжа, што ў Бярэзінскім запаведніку, за возерам Пацеха, што на пышнянскай ускраіне раёна, бачыў у іншых месцах. Дзіва знаходзіцца па дарозе да кранштацкай вышкі.
Каб тэхніцы зручна было праязджаць на поле, яшчэ ў час існавання калгаса “Салют” дарогу падсыпалі. Пясок здалёк не вазілі, а бралі з блізкіх баравых узбочын, дакопваючыся да даволі спелых хваін. Утвораныя абрывы потым самі абсыпаліся пад уздзеяннем вятроў, дажджоў, часу, наступаючы на лес. Навіслыя над кручамі сосны, каб не ўпасці ў кар’ер, хутка адрасцілі карані і, быццам слупамі, абаперліся імі аб пясчаную глебу. Новыя парасткі ўкараніліся ў яе, прараслі. Яны не толькі трымаюць дрэвы, але і сілкуюць пажыўнымі рэчывамі і вільгаццю.
Доўга яшчэ будуць жыць гэтыя сосны — пакуль не дабярэцца да іх усюдыісная бензапіла. Самі не зваляцца, бо вельмі ўжо надзейнае апірышча маюць.
На здымку: мудрагелістая каранёвая сістэма асуджаных на смерць соснаў.

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.