Выгоды даільнай залы

Ужо больш месяца на малочнатаварнай ферме ў Чарэйшчыне вядзецца будаўніцтва, ля кароўнікаў узводзіцца даільная зала. Падрад на работы атрымала лепельскае прадпрыемства “Будаўнік”.
Калі толькі пачыналіся земляныя работы, стаялі траскучыя маразы, грунт настолькі быў скаваны, што нават магутны экскаватар не мог яго ўзяць. Тады будаўнікі знайшлі выйсце — запальвалі вогнішчы. зямля адтайвала, і тэхніка магла працаваць. Зараз, на этапе ўзвядзення сцен, народная кемлівасць таксама прызываецца на дапамогу.

Будаўнікі зладзілі імправізаваную печку, дзе можна падагрэць да некалькіх соцень літраў вады, а дым ад агню накіроўваецца ў вялікую жалезную трубу, якая ляжыць на зямлі. На яе грузавік штодня высыпае патрэбны аб’ём жвіру. Як печка распальваецца, грэецца вада для цэментнага раствору і жвір, які не змярзаецца і таму пастаянна гатовы да выкарыстання.
У дзень прыезду карэспандэнта на аб’екце працавалі трое муляраў, трое цесляроў. Вадзіцель ГАЗэлі прывёз усю брыгаду, распальваў печку ў бытоўцы, каб да абеду яна прагрэлася. Кранаўшчык Аляксандр Ігнаткоў перамяшчаў па будаўнічай пляцоўцы паддоны з чырвонай цэглай, а кіраваў усім працэсам майстар Іван Варошка.
— Будаўнікі працуюць добра, рабочы графік выконваецца, — кажа майстар. — Калі не будзе перабояў з фінансаваннем, то свой аб’ём выканаем дакладна ў тэрмін. Зараз нам пад патрэбу прывозяцца цэгла, жвір, цэмент.
— Які аб’ём вызначаны?
— Наколькі ведаю, “Будаўніку” прызначана ўзвесці сцены корпуса, накрыць дах, устанавіць вокны і дзверы, правесці аддзелку. Устаноўку і мантаж даільнага абсталявання павінен забяспечыць пастаўшчык.
— Каго з работнікаў маглі б адзначыць?
— Я тут працую нядаўна, таму выдзяляць кагосьці не магу. Хаця, вызначыць хацелася б муляра Паўла Ермаловіча. Хлопец нядаўна скончыў дзяржпрафліцэй, працуе выдатна. Паднабярэцца вопыту — стане майстрам сваёй справы.
Каб мець больш поўнае ўяўленне пра новую пабудову, пагутарыў з загадчыкам фермы Эдуардам Абаньшыным.
— Як вам вашы новыя суседзі — будаўнікі?
— Нармальныя суседзі. Хіба што часам замінаюць у працы, але ўсе разумеюць, што гэта — часовыя цяжкасці. Зручнасці, якія атрымаем, з лішкам перакрыюць цяперашнія нязручнасці.
— Якіх змен чакаеце?
— Найперш — адмовімся ад выпасу і пяройдзем на круглагадовае стойлавае ўтрыманне. Зменшыцца патрэба ў людзях — таксама значны плюс, бо мы ўжо некалькі гадоў адчуваем нястачу работнікаў.
— Аднак стойлавае ўтрыманне, на маю думку, можа пацягнуць пэўныя фінансавыя выдаткі: трэба кожны дзень накошваць траву, везці яе на ферму, раздаваць замест таго, каб проста выпусціць кароў на вольны выпас.
— А вы не падлічвалі выдаткі пры кругласутачным выпасе? — Акрамя заработнай аплаты пастухам, трэба прадугледзець расходы на рэгулярны падвоз вады, перамяшчэнне даільнай устаноўкі, прывядзенне яе ў дзеянне. У любым выпадку праект перад пачаткам рэалізацыі аналізаваўся спецыялістамі, якія палічылі яго эканамічна абгрунтаваным.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.