Вынікі ўступнай кампаніі

Мая дачка паступіла ў Полацкі ўніверсітэт на бюджэтную форму навучання. Радасць для сям’і. Раскажыце, калі ласка, аб выніках уступнай кампаніі на Віцебшчыне.

В. Пшонка,

жыхарка Лепеля.

 Паводле інфармацыі, атрыманай рэдакцыяй з КДК Віцебскай вобласці, у 2013 годзе ва ўступных выпрабаваннях на бюджэтную форму навучання ў пяці дзяржаўных вышэйшых навучальных установах Віцебшчыны ўдзельнічалі  3482 абі­турыенты (пры плане набору 2445 чалавек), з іх 3085 абітурыентаў прад’я­вілі тры сертыфікаты цэнтралізаванага тэставання.

Сярэдні конкурс па вышэйшых навучальных установах вобласці склаў 1,4 чал. на месца, у 2012 годзе — 1,7. На 7427 платных месцаў (вочная і завочная формы навучання) прэтэндавалі 3598 чалавек, конкурс — 0,48 чал. на месца.

 А дзе ж быў самы высокі конкурс? На бюджэтную форму навучання назіраўся ў ВДУ — 1,8 чал. на месца, летась — 2,0, найменшы — у ВДТУ — адпаведна 0,95  і 1,5. Па іншых ВНУ конкурс склаў: ПДУ — 1,5 (у 2012 годзе — 1,9), ВДМУ — 1,6 (1,8), ВДАВМ — 1,05 (1,2). На платную форму навучання найбольшы конкурс быў у ВДМУ — 1,62, найменшы — у ПДУ — 0,39.

 188 чалавек з’яўляліся медалістамі і 28 мелі дыпломы з адзнакай.

 У бягучым годзе адсутнічаў конкурс  у ВДТУ на спецыяльнасці «Вытворчасць скуры і футра», «Абсталяванне і тэхналогіі высокаэфектыўных працэсаў апрацоўкі матэрыялаў», «Канструяванне і тэхналогія вырабаў са скуры», «Машыны і апараты лёгкай, тэкстыльнай прамысловасці і бытавога абслугоў­вання», «Тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці», «Вытворчасць тэкстыльных матэрыялаў», «Канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў»; у ВДАВМ — на спецыяльнасць «Заатэхнія»; у ПДУ — на спецыяльнасці «Абслуговая праца і прадпрымальніцтва», «Тэхнічная праца і прадпрымальніцтва», «Тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці», «Аўтамабільныя дарогі», «Тэхналогія машынабудавання», «Радыётэхніка», «Абсталяванне і тэхналогія зварачнай вытворчасці», «Дашкольная адукацыя», «Водазабеспячэнне, водаадвядзенне і ахова водных рэсурсаў», «Вылі­чальныя машыны, сістэмы і сеткі», «Беларуская мова і літаратура. Англійская мова», «Мадэляванне і камп’ютарнае праектаванне радыё­электронных сродкаў», «Рамана-германская філалогія (французская)», «Прамысловая электроніка» — 0,7.

 Найбольшы конкурс назіраўся на наступных спецыяльнасцях: у ВДУ — «Правазнаўства», у ПДУ — «Лагіс­тыка», у ВДТУ — «Фінансы і крэдыт», у ВДАВМ — «Ветэрынарная фармацыя», у ВДМУ — «Фармацыя».

 Па выніках уступных выпрабаванняў прыёмнымі камі­сіямі на дзённае аддзяленне (бюджэт) залічаны 2269 чалавек (ПДУ — 595, ВДМУ — 555, ВДУ — 460, ВДАВМ — 433, ВДТУ — 226). З агульнай колькасці залічаных на дзённыя ад­дзяленні ВНУ абі­турыентаў — 168 медалістаў (89,4% ад агульнай колькасці медалістаў, якія падалі дакументы), 24 чалавекі з дыпломам з адзнакай (85,7% ад агульнай колькасці, якія мелі дыпломы з адзнакай). Па-за конкурсам на падставе льгот, вызначаных Правіламі прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, зацверджанымі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 07.02.2006 №80 са зменамі і дапаўненнямі, залічаны 24 абітурыенты. Без уступных іспытаў залічаны пяць чалавек.

 З 503 абітурыентаў, якія скончылі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаныя ў сельскай мясцовасці, па выніках уступных выпрабаванняў залічаны 365 чалавек (72,6% ад колькасці асоб гэтай катэгорыі, якія падалі дакументы). З 2776 гара­джан залічаны 1690 (60,9% ад колькасці асоб гэтай катэгорыі, якія падалі заявы).

 Выкананне патрабаванняў заканадаўства падчас правядзення ўступных экзаменаў кантралявалі створаныя ў мэтах выканання Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2013/04/25 №207 “Аб арганізацыі ўступнай кампаніі ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2013 го­дзе» Віцебская абласная камісія і адпаведныя камісіі па кантролі ў пяці вышэйшых дзяржаўных навучальных установах Віцебскай вобласці.

 Абласной камісіяй па кантролі, камісіямі навучальных устаноў былі разгле­джаны і дадзены адказы на пяць вусных зваротаў, якія паступілі ад абітурыентаў і іх бацькоў. Усе яны насілі кансультацыйны характар (пытанні аб прыёме і навучанні, парадку падачы дакументаў і іншыя).

 У цэлым уступныя выпрабаванні ва ўсіх вышэйшых навучальных установах Віцебскай вобласці праве­дзены ва ўмовах спрыяльнага маральна-псіхалагічнага клімату. З дапамогай комплексу мерапрыемстваў па кантролі дасягнута галоўная мэта дзейнасці абласной камісіі і камісій навучальных устаноў — забяспечаны юнакам і дзяўчатам роўныя магчымасці пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы рэгіёна, а таксама абаронены  іх законныя правы і інтарэсы.

В. ВАЛОДЧАНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.