Выслухаюць і дапамогуць

242Можна з упэўненасцю сказаць, што сектар “адно акно”, размешчаны ў будынку Лепельскага райвыканкама, з’яўляецца адным з самых наведваемых месцаў грамадзян. Што­дзень за атрыманнем розных відаў даведак сюды звяртаецца каля трыццаці чалавек.

42 працэдуры ў сектары ажыццяўляюцца ў адносінах фізічных асоб і дванаццаць — у адносі­нах юрыдычных. Да таго ж работнікамі сектара практычна кожны дзень даецца наведвальнікам шэраг кансультацый.

І тут вельмі патрэбна ўменне хутка ўвайсці ў курс справы, дакладна вывучыць сітуацыю, проста і дасціпна данесці патрэбную інфармацыю. Асабліва ж тут патрэбны шчырасць і ўзаемаразуменне.

 Вопытны юрыст Паліна Плюгач тут працуе з 18 мая 2010 года, амаль год — Рэгіна Васюковіч, якая не адзін дзясятак год аддала рабоце ў ад­дзеле ЗАГС райвыканкама і набыла значны прафесійны вопыт.

 — На працягу трох месяцаў гэтага года да нас звярнуліся 950 чалавек, — расказвае Паліна Плюгач. — Найбольш часта звяртаюцца з пытаннямі жыллёвай сферы, а таксама галі­ны архітэктуры — тлумачым парадак увядзення дома ў эксплуатацыю, у тым ліку самавольных збудаванняў. Нямала наведвальнікаў звяртаецца да нас для афармлення паслуг па газіфікацыі жылых дамоў, афармлення льготнага крэдытавання рэканструкцыі жылых дамоў, газіфікацыі і г.д. Не губляюць сваёй актуальнасці пытанні прыватызацыі жылля. Як правіла, да нас звяртаецца чалавек з заявай, мы адпраўляем запыт у ЛКУВП ЖКГ “Лепель” для разліку кошту жылля, затым дакумент разглядае галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксандр Кулакоў і райвыканкамам прымаецца адпаведнае рашэнне.

 У летні перыяд грамадзяне звяртаюцца за даведкай для продажу сельскагаспадарчай прадукцыі. І хоць тэрмін выдачы падобнай даведкі складае пяць дзён, мы імкнёмся выдаць яе ў дзень звароту, разумеючы становішча чалавека. Вядома, што нядаўна сабраныя ягады не могуць доўга захоўвацца ў спёку, іх пажадана рэалізаваць тэрмінова. Аднак тут ёсць свая спецыфіка. Калі чалавек просіць дазвол на продаж некалькіх вёдраў ягад, сумненняў у тым, што гэта прадукцыя вырашчана ім асабіста, не ўзнікае. Калі ж на продаж выстаўляецца некалькі тон прадукцыі, з’яўляецца насцярожанасць — магчыма, чалавек такім чынам спрабуе незаконна заняцца прадпрымальніцкай дзейнасцю. У такім выпадку мы разам са спецыялістамі Інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах робім праверку, аглядаем зямельны ўчастак гаспадара. Калі факт наяўнасці зямельнага ўчастка адпаведнага памеру пацвярджаецца, мы, безумоўна, выдаём патрэбны дакумент. Ва ўра­джайны год за такімі даведкамі ў сярэднім за дзень звяртаюцца каля 25 чалавек.

 — Упэўнена, што ў вашай практыцы нярэдка сустракаюцца выпадкі, калі чалавек апынуўся ў складаным становішчы. І тут вельмі важна быць не толькі юрыстам, а і добрым псіхолагам…

 — Падобныя пытанні ўзнікаюць нярэдка. Грамадзяне рэгіструюць дагавор найму прыватнага жыллёвага фонду і рэгіструюць у сваім жылым памяшканні чалавека на пяць — дзесяць год. Аднак праз некаторы час наймальнік памяшкання пакідае горад, гаспадар дома або кватэры не ведае аб яго месцазнахо­джанні, але павінен на працягу некалькіх год плаціць падатак за здачу жылога памяшкання. Таму сваім кліентам раім не заключаць дагавор найму на працяглы тэрмін, каб пазбегнуць непрыемнасцей.

 Трэба адзначыць, што згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №246 з 30 мая бягучага года ўведзены новы парадак рэгістрацыі найму жылых памяшканняў. Так, грама­дзяне не маюць права афармляць дагавор найму, калі іх жылыя памяшканні былі пабудаваны або набыты за кошт ільготнага крэдыту.

 Вядома, што ў раёне нямала сем’яў, якім патрэбна жылплошча. З гэтай мэтай прадастаўляецца арэнднае жыллё ў вёсках Заслонава і Межыца. Гэта значыць, штомесяц, акрамя аплаты камунальных паслуг, наймальнік будзе павінен заплаціць кошт арэнды памяшкання, сума даволі прымальная. Такім чынам пажадалі мець жыллё многія жыхары нашага раё­на.

 Наша размова з юрыстам спыняецца. У кабі­нет увайшоў чарговы наведвальнік. Яўгену Пшонку неабходна атрымаць інфармацыю з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Паліна Вячаславаўна прапаноўвае кліенту напісаць заяву, расказвае аб парадку, тэрміне яе разгляду.

 Шчыра дзякую спецыялістам сектара “адно акно” за змястоўную размову і жадаю паспяховага працоўнага дня. Наперадзе ў іх — шмат неадкладных спраў.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

 На здымку: юрыст Паліна Плюгач прымае наведвлаьніка Яўгена Пшонку.

Фота аўтара.                

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.