Вытокі рэк малочых

Мадэрнізацыя вытворчых магутнасцяў — надзённая патрэба, ад выканання якой залежыць, ці зможа ў бліжэйшай і аддаленай перспектыве выпускаемая таварная прадукцыя канкурыраваць з вядучымі брэндамі, выгадна прадавацца. У поўнай меры гэты пастулат адносіцца і да сельскай гаспадаркі, у прыватнасці, да малочнай галіны. Малочная рака бярэ свой выток на малочнатаварных фермах, восем з якіх сёлета будуюцца, мадэрнізуюцца.
Найперш былі вызначаны восем аб’ектаў, куды скіраваны асноўныя сродкі і намаганні, вызначаны крыніцы фінансавання, аб’ёмы дапамогі. У гэтыя восеньскія дні справа паступова падыходзіць да завяршэння, і можна падвесці некаторыя папярэднія вынікі.


Першае, на што ў рыначных рэаліях звяртаецца ўвага — цана пытання. Паводле ацэнак, рэканструкцыя васьмі фермаў абыходзіцца ў 24,4 мільярда рублёў, з іх 9,4 мільярда — уласныя сродкі сельгасарганізацый, 2,2 мільярда выдзеліў абласны бюджэт, 1,8 мільярда — раённы, яшчэ 1,3 мільярда ўдалося прыцягнуць у выглядзе спонсарскай дапамогі. Астатнія 9,7 мільярда рублёў — крэдытныя рэсурсы, выдзеленыя па спецыяльнай праграме пад льготны працэнт. Стаўка рэфінансавання Нацбанка зменшана на восем пунктаў, сёння гэта 22 працэнты. Аднак крэдыты з поўным абгрунтаваннем можна лічыць сродкамі сельгасарганізацый, бо іх на працягу бліжэйшых гадоў трэба будзе вяртаць з даходаў, у тым ліку і ад продажу малака.
Першым выпрабаваннем сталі сціслыя тэрміны правядзення будаўнічых і мантажных работ. Усе восем фермаў на Лепельшчыне, прызначаныя пад рэканструкцыю, былі дзеючымі, у іх утрымлівалася жывёла. Таму пачатак работ перанеслі на сярэдзіну мая, калі пачаўся пашавы перыяд. Паралельна з будаўнічымі кіраўніцтву гаспадарак трэба было весці і комплекс палявых работ.
Другой цяжкасцю сталі непрадбачаныя дадатковыя расходы. Да прыкладу, на фермах першапачаткова меркавалася памяняць дах, крыху падрамантаваць сцены. Аднак пазней высветлілася, што і сцены ў значнай ступені прыйшлі ў нягоднасць, таму даводзілася і іх уключаць у план рэканструкцыі, фактычна нанава муруючы на ранейшых фундаментах.
Яшчэ адным галаўным болем, характэрным для ўсёй краіны, стаў недахоп кваліфікаваных будаўнічых кадраў. У савецкія часы ў кожным калгасе была свая будаўнічая брыгада, і не адна, была штатная пасада прараба, вялося шырокае вытворчае і жыллёвае будаўніцтва, рамонты. У апошнія гады будаўніча-рамонтныя аб’ёмы скараціліся, будаўнікі перайшлі ў профільныя арганізацыі, пайшлі на пенсію. Словам, для рэалізацыі задумаў сталі наймаць пабочных людзей, брыгады так званых шабашнікаў, спецыялізаваныя будаўнічыя арганізацыі.
Зараз асноўныя работы завершаны, дзе-нідзе засталіся апошнія штрыхі. У абноўленыя будынкі закуплена і ўстаноўлена новае стойлавае абсталяванне, гноевыдаляльнікі, малакаправоды, ахаладжальнікі малака закрытага тыпу. Уся апаратура — беларускай вытворчасці, што таксама дазволіла істотна знізіць кошт рэканструкцыі. Усяго ў рэканструяваныя памяшканні можна паставіць 1600 галоў дойнага статку.
Наступныя важныя пытанні: дзеля чаго выконваецца велізарны аб’ём работы, затрачваюцца вялікія сродкі, якія мэты трэба дасягнуць?
Гаспадаркі раёна маюць наступныя паказчыкі ў вытворчасці малака: сярэдні гадавы надой на карову ад 3,2 тоны (у райаграсэрвісе) да 6,5 тоны (у КУВСГП “Лепельскае”), таварнасць малака складае каля 85 працэнтаў, пры гэтым доля малака гатункам экстра — 35%. Ужо з наступнага года трэба выходзіць на надоі ў 4,5 — 6,8 тоны малака. Таварнасць малака павінна дасягнуць 90 працэнтаў, а доля класа экстра — не ніжэй за 70. Толькі пры такіх паказчыках і тэмпах удасца акупіць укладзеныя сродкі. Паводле разлікаў спецыялістаў, інвестыцыі павінны акупіцца за пяць гадоў.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.