Вітраж і пастэль

Трапную назву надалі выставе яе арганізатары — “Шэйк вітража і пастэлі”. Бібліятэчны калідор сапраўды нагадвае доўгую танцпляцоўку. Такое ўражанне ствараюць вітражы Марыны Гарыслаўкі і пастэль Ірыны Атрашкевіч. Работы настолькі гарманіруюць між сабой, што, здаецца, спаборнічаюць на лепшае па ў агульнай віхуры танца. І не танга, не вальс, не твіст, а менавіта не так даўно забыты шэйк адлюстроўвае імклівае, амаль рухомае дапасаванне адна да другой стракатых палітраў.

Не атрымалася б такога эфекту, калі б выставы мастачак праходзілі паасобку.

 Вітраж — гэта твор дэкаратыўнага мастацтва выяўленчага ці арнаментальнага характару з каляровага шкла, разлічаны на скразное асвятленне і прызначаны для запаўнення праёма, часцей за ўсё аконнага, у якім-небудзь архітэктурным збудаванні.

 Спачатку бачыш быццам жывы сюжэт, а ўжо потым чытаеш назву твора і сам сабе радуешся, што адгадаў задумку аўтаркі: “Лілеі”, “Даліна”, “Акварыум”, “Карпы Коі”, лепельскія архітэктурныя шэдэўры — “РДК”, “Касцёл”, “Чыгуначны вакзал”, “Царква Нараджэння Хрыстова”.

 Плаўна ў Марыніны вітражы ўпісваюцца Ірыніны пастэлі. Такі пераход ад крыку першых да імгненнага супакаення другіх і стварае ўяўленне шэйка.

 Маляванне пастэллю дазваляе ўстанавіць найбольш цесны кантакт між мастаком і матэрыялам. Каляровая крэйда становіцца быццам працягам пальцаў, і паміж рукой мастака і пастэллю ўзнікае такая ж сувязь, як паміж рукой скульптара і глінай, з якой ён працуе.

 Як любая тэхніка, маляванне пастэллю мае свае нязручнасці. Пастэльны жывапіс ствараецца спантанна, на адным дыханні. Пры тым патрабуецца вялікае майстэрства, лёгкасць, а калі ўзнікае неабходнасць вярнуцца назад, трэба быць асцярожным.

 Крэйда для малявання пастэллю бывае мяккай і цвёрдай. У першым выпадку пры шырокім і свабодным нанясенні фарбавага пласта можна атрымаць фактуру, што нагадвае жывапіс алеем. Пры рабоце цвёрдай пастэллю фактура адбітка нагадвае малюнак.

 “Велікодныя яйкі”, “Свечкі”, “Анжэліка”, “Апельсіны”. Толькі так і ніяк інакш можна было назваць работы. І Ірына знайшла тыя адзіна правільныя назвы. І сюжэты выбрала адмысловыя, бо пастэль, як і батык, патрабуе пэўнага выразнага прадмета на пярэдні план.

 Адметна, што Ірына Атрашкевіч і Марына Гарыслаўка — настаўніца і вучаніца. Ірына вяла мастацкі гурток у Старалепельскай школе, а Марына наведвала яго. Ірыне ўдалося прышчапіць Марыне любоў да прыгожага.

 Цяпер Марына працуе мастаком-афармляльнікам у прафліцэі. Ірына знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцём.

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

 На здымку: Марына Гарыслаўка і Ірына Атрашкевіч на вернісажы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.