Гарадскія рыштаванні

Што будуецца на Лепельшчыне сёння, як ідзе будаўніцтва і якія перспектывы на будучыню ў нашага горада – пра гэта і іншае высвятляем у гутарцы з дырэктарам інвестыцыйна-будаўнічага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Лепельскае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва” Галінай Любімавай.
— Галіна Уладзіміраўна, найперш давайце канкрэтызуем, чым непасрэдна займаецца ваша арганізацыя?
— Мы выступаем заказчыкам па будаўніцтве жылля, інжынерна-транспартнай інфраструктуры і сацыяльных аб’ектаў на тэрыторыі раёна.

— І якія функцыі выконваеце ў якасці заказчыка?
— Займаемся вырабам праектна-каштарыснай дакументацыі, вядзём тэхнічны нагляд за будаўніцтвам: правяраем якасць і аб’ёмы выкананых работ, візіруем акты выкананых падрадчыкам работ, аказваем іншыя паслугі прадпрыемствам, арганізацыям і гаспадаркам раёна.
— Што будуецца ў Лепелі?
— Стокватэрны жылы дом па вуліцы Чуйкова, 64. На падыходзе — узвядзенне яшчэ аднаго стокватэрніка па вуліцы Школьная, 13. Зараз праходзіць экспертызу дакументацыя. А мы тым часам падводзім інжынерныя камунікацыі да гэтых жылых дамоў. Генеральны падрадчык — ДКУБП “Лепельская ПМК-75”.
— Да якіх аб’ектаў яшчэ маеце дачыненне?
— Распачата будаўніцтва двух аднакватэрных жылых дамоў у Старым Лядне (заказчык — ААТ “Лядна”). У стадыі праекціроўкі — дакументацыя на ўзвядзенне двух дамоў у Малым Поўсвіжы, дзе рэканструюецца малочнатаварная ферма. Сёлета завершацца рэстаўрацыя гэтай фермы, будаўніцтва МТФ “Цаліна” ў Горках, даільна-малочнага блока на ферме ў Чарэйшчыне. Маюцца таксама праекты на рэканструкцыю ферм у Баброве, Слабадзе, Курмялёўцы і будаўніцтва новай фермы ў вёсцы Старое Лядна. Трэба сказаць, што мы не з’яўляемся генеральнымі заказчыкамі гэтых аб’ектаў, але аказваем дапамогу гаспадаркам па вырабе праектна-каштарыснай дакументацыі, атрыманні дазволу дзяржнагляду і вядзём тэхнічны нагляд за будаўніцтвам на вёсцы.
— Распавядзіце падрабязней пра будаўніцтва інжынерна-транспартнай інфраструктуры ў горадзе.
— Акрамя будаўніцтва дарог у раёне забудовы, рэканструюцца вуліцы Садовая, Чапаева і Войкава. У мікрараёне Пясчанка пачалося абуладкаванне вуліцы Петруся Броўкі. Там ужо асвоена каля пяцісот мільёнаў рублёў. Усяго ж сёлета добраўпарадкавана каля трох кіламетраў гарадскіх вуліц. Асвоены мільярд рублёў і каля дзевяцісот мільёнаў яшчэ будзе асвоена.
— Якія будаўнічыя перспектывы чакаюць наш горад?
— У наступным годзе будзем праектаваць будаўніцтва яшчэ аднаго жылога дома на сто кватэр. Праводзіцца водаправод у мікрараёне “Поўдзень 1”: па вуліцах Коцарава, Заслонава. Часткова яны асфальтуюцца. Ужо асвоена 810 мільёнаў рублёў. У перспектыве ў тым мікрараёне намечана выдзеліць пад індывідуальную забудову дзвесце дзевятнаццаць участкаў. Дарогі там плануецца закласці ў наступным годзе. Ну, і ў раёне вуліцы Чуйкова, аж да мінскай трасы, горад таксама будзе разрастацца. У перспектыве — будаўніцтва ў Лепелі двух васьмідзесяцікватэрных і двух саракакватэрных жылых дамоў, праектуюцца басейн і фізкультурна-аздараўленчы цэнтр насупраць будынка РАУС, другая чарга водазабеспячэння горада падасць чыстую ваду жыхарам мікрараёна бальніцы і г.д.
— Колькі ўжо асвоена сродкаў на капітальнае будаўніцтва?
— Асвоілі 23,9 мільярда рублёў і мяркуем яшчэ асвоіць каля сарака мільярдаў. На 112 працэнтаў выканалі заданне па росту інвестыцый.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.