Гатоўнасць нумар адзін

 Сярэдзіна ліпеня. Неўзабаве пачнецца жніво – яно вянчае сабой увесь цыкл сельскагаспадарчых работ, падводзіць вынік. Сёлета ў раёне трэба зжаць зерневыя культуры на 14051 гектары. Сюды ж дададзім 3688 гектараў рапсу, свірэпіцы і 820 гектараў семеннікоў шматгадовых траў.
— Сёлетні год не самы спрыяльны для збожжавых, — разважае намеснік па раслінаводстве начальніка упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Любоў Плігаўка. — Аднак, паводле папярэдніх падлікаў і прагнозаў, мяркуем сабраць ураджай і валавы намалот не менш леташняга.

Варта адзначыць, што вегетацыйны перыяд скара-ціўся на дзесяць дзён, а то і больш. Увесну пасяўную з-за халоднага надвор’я і слоты на палях давялося пачынаць пазней за аптымальныя тэрміны. У ліпені з-за анамальнай цеплыні і недахопу ападкаў жніво трэба будзе пачынаць на пяць–сем дзён раней. Паведамляе Віцебскаблгідрамет:
“З-за дэфіцыту ападкаў і спёкі метэаралагічнымі станцыямі адзначаецца пажаўценне і скручванне лістоў яравых зерневых культур.
Ліпень на тэрыторыі Віцебскай вобласці чакаецца на два градусы вышэй кліматычнай нормы, сярэдняя тэмпература паветра мяркуецца каля +19… +200С (норма +17… +180С).
Прагназуецца, што выспяванне ячменю да васковай стадыі зерня пачнецца ў другой дэкадзе ліпеня. На позніх пасевах наступленне васковай спеласці ў яравых зерневых культур чакаецца ў трэцяй дэкадзе ліпеня. Выспяванне яравых збожжавых культур сёлета пачнецца значна раней за мінулагоднія тэрміны. У 2012 годзе фаза “васковая спеласць зерня” адзначалася з канцы ліпеня — пачатку жніўня.”
Кажа Любоў Плігаўка:
— У тую пару, калі зерне налівалася, яму патрэбна была вільгаць, а надвор’е стаяла сухое. Вось таму зерне ў каласах непаўнаважкае.
Ужо зараз камбайны ў гаспадарках заводзяць, правяраюць, выязджаюць са стаянак. У КУВСГП “Баброва”, “Лепельскае”, ААТ “Ладасна” зрабілі пробныя выезды ў поле, абмалочвалі азімую свірэпіцу.
У раёне на лінейцы гатоўнасці — 67 збожжаўборачных камбайнаў, на кожны ў сярэднім прыпадае па 277 гектараў.
— Гэта значная нагрузка, — каменціруе намеснік па механізацыі начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандр Чэрнікаў. — Калі ўлічыць, што з-за паломак некаторыя камбайны на некалькі дзён выйдуць са строю, нагрузка на астатнія, адпаведна, павялічваецца. У асноўным парк збожжаўборачнай тэхнікі не стары, большасць камбайнаў адпрацавалі па тры–чатыры гады. Хаця ёсць і дзясятак старэнькіх “конікаў” — камбайнаў КЗС-7, якім ужо каля дзесяці гадоў. Такую тэхніку вельмі цяжка даводзіць да ладу найперш з-за таго, што і самі камбайны, і запасныя часткі да іх ужо некалькі гадоў зняты з вытворчасці. Прасцей бывае купіць новы камбайн, чым даводзіць да ладу стары. Тэхніка ж больш позніх мадэльных радоў у асноўным запаснымі часткамі і камплектуючымі забяспечана. Найперш гэта тэхналагічныя вадкасці — машынныя маслы розных марак, расходныя матэрыялы — фільтры, рамяні, падшыпнікі, а таксама запчасткі да рэжучых механізмаў жняярак — сегменты, пальцы і падобнае. З дылерамі-прадаўцамі запчастак заключаны дамовы аб пастаўках у залік будучага ўраджаю.
Наступным этапам, куды трапляе з поля зерне, — сушка. Кожная сельгасарганізацыя мае ўласную збожжасушыльную гаспадарку. У пераважнай большасці гэта маральна ды і тэхнічна састарэлыя варахі і так званыя польскія сушылкі.
Сёння ў раёне маем тры сучасныя збожжасушыльныя комплексы. Гэта ЗСК “Амкадор” ў Забалацці, які належыць КУВСГП “Лепельскае”, і два ЗСК “Лідаraj” — у Стаях (СВФ “Заазер’е”) і Чарэйшчыне. Прапускная здольнасць кожнага з іх — каля 30 тон зерня за гадзіну, маецца магчымасць працы на прыродным газе. Заключаны дамовы паміж гаспадаркамі аб узаемадапамозе. Так, “Заазер’е” будзе дапамагаць сушыць зерне ААТ “Лядна”, “Лепельскае” падставіць плячо дапамогі сортавыпрабавальнай станцыі і аграсэрвісу, а “Чарэйшчына” — “Ладасну” і “Баброву”.
— Прыняць збожжа новага ўраджаю рыхтуюцца і склады, — працягваем размову з Любоўю Плігаўкай. — Шэсць гаспадарак — ААТ “Лядна”, “Ладасна”, “Чарэйшчына”, сортавыпрабавальная станцыя, СВП “Пражэктар”, КУВСГП “Баброва” — ужо правялі ўборку і дэзінфекцыю памяшканняў. Апошняй справай па заяўках гаспадарак займалася раённая ветэрынарная станцыя. СВФ “Заазер’е” і КУВСГП “Лепельскае” стараюцца справіцца сваімі сіламі, дэзпрэпаратамі забяспечаны пад патрэбу.
Да пачатку масавага жніва застаюцца лічаныя дні, іх трэба выкарыстаць па максімуму, каб у гарачую пару не адцягваць сілы на дробязі.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.