Гвардзейцы жніва

Камбайнеры ААТ “Чарэйшчына” Віктар Барысёнак і Андрэй Шпак намалацілі тысячную тону збожжа. Павіншаваць хлебаробаў з высокім працоўным дасягненнем прыехалі на поле начальнік раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Барыс Яфрэмаў і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Марціновіч. Да іх далучыўся дырэктар акцыянернага таварыства Міхаіл Мільчанін.

 На хлебнай ніве за вёскай Забароўе прывычна для жніўнай пары гулі чатыры камбайны, надрыўна падаваў голас МАЗ, везучы на сабе і ў прычэпе чатыры бункеры зерня. Жніво ішло поўным ходам. Некалькі тэлефанаванняў дырэктара па мабільніку — і ўсе чатыры самаходныя машыны неўзабаве выстраіліся ў радок на ўзгорку. Выстраіліся і камбайнеры. На правым флангу стаялі перадавікі.

 — Сёння мы сабраліся з выдатнай нагоды, — узяў слова Барыс Яфрэмаў, — яшчэ адзін экіпаж намалаціў тысячу тон збожжа. Віктар Барысёнак і Андрэй Шпак — выдатныя працаўнікі. Дзе б яны ні працавалі — усюды толькі добрыя вынікі. Радуе, што гаспадарка мае неблагі ўра­джай. Побач з ветэранамі Віктарам Барысёнкам, Сяргеем Плігаўкам працуе годная маладая змена. Ёсць каму перадаць працоўную эстафету. Віктару Барысёнку і Андрэю Шпаку ўручаем грамату райвыканкама і грашовую прэмію. Скажу па сакрэце, у маім працоўным стале застаўся яшчэ адзін канверт з прэміяй. Дарэчы, экіпаж у складзе Сяргея Плігаўкі і Артура Драздова таксама набліжаецца да тысячнай тоны.

 Сяргей Марціновіч уручыў гвардзейцам жніва тэлефонныя апараты і іншыя памятныя прызы, а Міхаіл Мільчанін — па набору гаечных ключоў.

 Падымаюся на мосцік перадавога камбайна. Там сустракае… хлопчык.

 — Ты хто?

 — Андрэй Барысёнак, з Забароўя прыбег. Тату дапамагаю.

 — Падабаецца ў камбайне?

 — А як жа!

 Падышлі і дарослыя. Андрэй Шпак, аказалася, таксама жыве ў Забароўі. Камбайн лідараў КЗС-1218 працуе на палетках гаспадаркі другі год. І сёлета тэхніка не падвяла.

 Азімыя культуры ў “Чарэйшчыне” ўжо зжатыя, засталося некалькі соцень гектараў яравых.

 У “Заазер’і” нас чакалі старыя знаёмыя Пётр Духовіч і Артур Ляйко. Як ім і жадалі некалькі дзён таму, камбайнеры з поспехам узялі рубеж у паўтары тысячы тон намалочанага збожжа. У гаспадарцы, аднак, пасяўныя плошчы пад зерневыя культуры нашмат большыя, таму там ёсць дзе развярнуцца. Вельмі верагодна, што ў бліжэйшы час мы будзем мець добрую нагоду паведаміць і пра поспехі дзвюхтысячнікаў.

 Пятру і Артуру ўручылі грашовыя прэміі, прызы.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымку: Віктар і Андрэй Барысёнкі і Андрэй Шпак.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.