Годная змена тысячнікаў

332У атрадзе тысячнікаў — папаўненне. На мінулых выхадных знакавую вытворчую планку, тысячу тон намалочанага зерня, пераадолелі экіпажы Руслана Грабавенкі і Андрэя Кулакова з ААТ “Чарэйшчына” і Сяргея Касцюковіча і Аляксандра Місніка з СВФ “Заазер’е”.

Экіпажы ў час жніва ішлі амаль паралельна, разрыў паміж імі налічваў не больш за дзесяць — пятнаццаць тон.

Заазерскія камбайнеры хацелі ў апошнія дні “паднаціснуць”, але не вытрымала тэхніка. На паўдня камбайн выйшаў са строю.

 Начальнік райсельгасхарчу Васіль Чарэднік, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Марціновіч і аўтар гэтых радкоў пабывалі ў Чарэйшчыне на мехдвары. На 19 жніўня гаспадарка завяршыла ўборку збожжавых, тэхніка накіравана на абмалот прысядзібных участкаў.

 — Яшчэ ў мінулым го­дзе Руслан Грабавенка паказаў сябе з самага лепшага боку, стаў тысячнікам, — напомніў Сяргей Марціновіч. — Радуе, што і сёлета не знізіў планку поспеху.

 Павіншаваць гвардзейцаў жніва сабраліся амаль усе, хто быў на той час на мехдвары. Граматы, прэмія, падарункі ад прафсаюза… Уся справа заняла не больш за пятнаццаць хвілін, пасля чаго кожны працягваў займацца сваёй працай.

 А працы ў вяскоўцаў багата. Пасля завяршэння абмалоту зерневых расслабляцца не даводзіцца. Неўзабаве пачынаецца ўборка яравога рапсу, кукурузы на сілас. І самае важнае — сяўба азімых збожжавых — закладка асновы ўраджаю будучага года…

 Далей дарога ляжала ў СВФ “Заазер’е”. Там за вёскай Ізабеліна камбайны дажыналі чарговы палетак.

 Увогуле, філіял можна лічыць кузняй рэкордаў. Так, летась у гаспадарцы чатыры экіпажы сталі тысячнікамі, сёлета першыя тысячнікі — таксама іх, экі­паж Пятра Духовіча і Артура Ляйко.

 Вось два камбайны наблізіліся да ўскрайку поля. На адным з іх працуюць Сяргей Касцюковіч і Аляксандр Міснік. Адразу звярнуў увагу, што тэхніка не новая, працуе на палетках з 2007 года. Вельмі парадавала, што хлопцы не толькі выдатныя камбайнеры, а і талковыя тэхнікі — так навесці старую машыну, падтрымліваць яе ў працоўным стане, каб яна яшчэ была здольная на рэкорды.

 — Памятаю, сустракаўся з вамі вясной на пасяўных работах, — адразу сказаў Васіль Чарэднік, звяртаючыся да Сяргея Касцюковіча, — адразу кінулася ў вочы, што працуе старанны трактарыст. Вось цяпер сустракаемся на жніве. Рады, што не памыліўся ў вас.

 Да прыезду сюды мы пабывалі ў “Чарэйшчыне”, віншавалі таксама тысячніка. Вельмі задаволены, што абодва перадавыя экіпажы — маладыя людзі. Малайцы, хлопцы! Вось найлепшы прыклад для пераймання і імкнення. Сёлетні год не самы ўраджайны. Жадаю, каб у наступным годзе ўсе экіпажы сталі тысячнікамі!

 Акрамя грамат і прэмій райвыканкама гвар­дзейцам жніва ўручылі прэміі ад ААТ “Лепельскі МКК”.

 P.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, прыйшло паведамленне аб тым, што яшчэ адзін экіпаж з СВФ “Заазер’е” ў складзе Уладзіміра Стадніка і Юрыя Хараненкі намалаціў тысячу тон збожжа. Віншуем перадавікоў!

 Васіль МАТЫРКА.

 На здымках: уручэнне падарункаў.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.