Даламітавы шлейф

“Глеба закіслілася, шчаўлюк адзін расце”, — можна пачуць часам ад аграномаў. Прыгледзішся — і сапраўды, трава, збожжавыя на ўказаным палетку растуць слаба, затое купкамі разрастаецца пустазелле, называемае ў народзе конскім шчаўем або шчаўлюком. Гэта азначае, што глеба кіслая. Кіслотнасць можа павысіцца з-за шэрагу розных прычын: апрацоўка мінеральнымі ды арганічнымі ўгнаеннямі, недахоп або перавышэнне вільгаці, склад глебы.
— Кукуруза можа даваць да 500 цэнтнераў зялёнай масы з гектара, — кажа галоўны аграном ААТ “Ладасна” Мікалай Стрэльчанка, — але пры павышанай кіслотнасці глебы земляробы могуць не далічыцца да 150 цэнтнераў.

Люцэрна — выдатная кармавая культура, расце на палях па пяць — сем гадоў. Пры павышанай кіслотнасці яна ўжо на трэці — чацвёрты год чэзне, не расце.
А вось лён, бульба, наадварот, любяць крыху падкісленую глебу. Праўда, большасць раслін аддае перавагу землям з нейтральнай кіслотнасцю. Глебу трэба перыядычна вапнаваць, пасыпаць даламітавай мукой. Здабываюць гэты карысны выкапень у даламітавых кар’ерах мястэчка Руба, што пад Віцебскам, забяспечваюць ім патрэбы ўсёй Беларусі.
Вызначыць узровень кіслотнасці дапамагае Віцебская абласная праектна-вышуковая станцыя хімізацыі сельскай гаспадаркі. Кожныя чатыры гады абласныя спецыялісты аб’язджаюць палі гаспадарак, робяць замеры, бяруць пробы глебы і на аснове вынікаў складаюць карты. Землі на іх падзяляюцца на групы па ўзроўню кіслотнасці ад сёмай да першай. Першыя тры — нейтральна кіслотныя або блізкія да гэтага паказчыка. Астатнія чатыры — кіслотныя ў рознай ступені. Там жа, на карце, указана доза патрабуемай супрацькіслотнай апрацоўкі.
Вапнаванне глебы — справа хоць і дарагая, але вельмі важная, таму знаходзіцца пад дзяржаўным кантролем і фінансуецца цалкам з рэспубліканскага бюджэту. Так, на 2013 год да супрацькіслотнай апрацоўкі на Лепельшчыне запланаваны 500 гектараў. Аграномы вызначаюць палі пад першачарговае вапнаванне. У ААТ “Ладасна”, напрыклад, сёлета даламітавую муку належыць унесці на 48,5 гектара, у КУВСГП “Лепельскае” — на 58,2 га, у ААТ “Чарэйшчына” — 47,8 га. Самы вялікі ўчастак пад вапнаванне знаходзіцца ў СВФ “Заазер’е” — 111,3 га. У ААТ “Лядна” ён хаця і адзін з найменшых, усяго 23,4 га, але праца на ім ужо падыходзіць да завяршэння. У залежнасці ад узроўню кіслотнасці норма ўнясення мукі можа вагацца ад пяці да сямі з паловай і больш тон на гектар. Дарэчы, зіма не з’яўляецца перашкодай для гэтага віду сельгасработ. Як патлумачыла аграхімік райсельгасхарчу Надзея Пагодзіна, даламіт — рэчыва з высокай удзельнай масай, таму яго можна ўносіць і ў зімовы перыяд пры снегавым покрыве да 25 сантыметраў.
Даламітавую муку з Рубы ў Лепель дастаўляюць чыгуначным транспартам, складваюць на базе мінеральных угнаенняў ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс”. Па заяўках сельгасарганізацый яе грузяць у раскідвальнікі і вывозяць непасрэдна на палі.
Аператар кампрэсарнай устаноўкі Аляксандр Храпавіцкі больш за дзесяць гадоў займаецца прыёмам, захоўваннем і пагрузкай даламітавай мукі. На яго працу прыемна паглядзець: усе рухі і аперацыі вывераныя гадамі.
Трактарыст Віктар Пшонка працуе на трактары МТЗ-1221 з прычэпам, у які змяшчаецца да сямі тон даламітавай мукі. Кожны дзень ён прыязджае на базу мінеральных угнаенняў, загружаецца і рушыць на палі. У дзень візіту карэспандэнта Віктар браў курс на палеткі ААТ “Лядна”, за працоўную змену паспяваў зрабіць тры рэйсы. Пры апрацоўцы больш аддаленых палёў колькасць рэйсаў, натуральна, скарачаецца, але тут на дапамогу павінен прыходзіць спецыяльны раскідвальнік даламітавай мукі на базе аўтамабіля “Урал-4320”.
Пасля апрацоўкі палі правярае галоўны аграном гаспадаркі. Пасля гэтага складаецца і падпісваецца акт аб выкананых работах, дакумент дастаўляецца ў райсельгасхарч, а адтуль — у казначэйства для аплаты. У сярэднім апрацоўка аднаго гектара абыходзіцца каля 700 тысяч рублёў.
Васіль МАТЫРКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.