Даследаванне Лепельшчыны

У 1920 — 30-я гады ў Беларусі адбываўся сапраўдны краязнаўчы ўздым. Цікавасць да вывучэння мінулага свайго краю назіралася і на Лепельшчыне. У 1929 годзе інспектар Цэнтральнага бюро краязнаўства БССР Андрэй Шашалевіч на невялікім астраўку сярод Лепельскага возера, каля вёскі Стары Лепель, выявіў сляды селішча з ганчарным рамяством, знойдзены посуд з хвалістым арнаментам Х — ХІІ стагоддзяў.


У 1931 годзе пад кіраўніцтвам Аляксандра Ляўданскага Беларускай Акадэміяй навук была наладжана комплесная экспедыцыя. З чэрвеня па жнівень даследаваўся раён Бярэзінскага канала і ракі Беразіна, пачынаючы ад Лепеля да Бабруйска. У экспедыцыі прынялі ўдзел супрацоўнікі Інстытута гісторыі секцыі археалогіі Васіль Дружчыц, Сяргей Дубінскі, Аляксандр Каваленя, секцыі этнаграфіі — М.Я. Грынблат і І.А. Сербаў. Інстытут мовазнаўства прадстаўлялі Баркоўскі і І. Сербаў.
Этнографы паставілі сабе мэтай вывучэнне ранейшых галін гаспадаркі БССР. З гістарычна-археалагічнага боку басейн Бярэзіны, як слаба даследаваны да гэтага часу, з’яўляўся аб’ектам пошукаў помнікаў археалогіі. Тым больш, што р. Бярэзіна з’яўлялася часткай вялікага воднага шляху ІХ — ХІ.
Асноўным транспартам удзельнікаў экспедыцыі былі плаўсродкі, якія па загадзе Лесбелу былі выдзелены ў часовае карыстанне Лепельскай сплаўной канторай.
Экспедыцыя рабіла выхады ў бок асноўнага маршруту — ракі і пунктаў прыпынку. Такім чынам у наваколлях Лепеля была даследавана мясцовасць радыусам 15 — 20 кіламетраў. Знойдзеныя помнікі заносіліся на карту, рабіліся іх абмеры, фатаграфаванне. На некаторых з іх праводзіліся раскопкі. У час экспедыцыі археолагі выявілі і даследавалі шэраг помнікаў мінуўшчыны. Недалёка ад Стай было знойдзена селішча з рэшткамі глінянага посуду. Даследаваны гарадзішчы каля вёсак Стары Лепель, Гарадок, Стараселле, пасёлка Аўгустова ( цяпер в. Звязда).
Не пакінулі без увагі і старажытныя пахаванні — курганы. Асабліва зацікавілі ўдзельнікаў экспедыцыі магілы, абкладзеныя камянямі. Мелі яны кругападобную або падоўжаную форму. Яшчэ і цяпер шмат у якіх паселішчах Лепельшчыны зафіксавана наяўнасць могілак з аналагічнымі пахаваннямі. Датуюць іх ХІІ — ХIV стагоддзямі.
Экспедыцыяй была зроблена вялікая колькасць фотаздымкаў, асабліва аб’ектаў лесасплаву і рыбацтва. Былі сфатаграфаваны важнейшыя помнікі матэрыяльнай культуры. Для гэтых мэт экспедыцыя мела спецыяльна сканструяваную невялікую палявую камеру для праяўкі на месцы работы ў любы час пластынак і друкавання фотаздымкаў. Зроблены замалёўкі і замеры даследаваных аб’ектаў.
На працягу работы экспедыцыі вялася і культурна-масавая работа. У Лепелі былі прачытаны лекцыі: “Класавая барацьба ў літаратуры”, “Нацыянальны дэмакратызм і чарговыя задачы мовазнаўства”; у Домжарыцах — “Класавая сутнасць рэлігіі”, “Купалле, як перажытак вясельнага святкавання”. Акрамя таго былі зроблены даклады і праведзены шэраг гутарак на антырэлігійныя і культурна-гістарычныя тэмы ў сувязі з даследаваннем археалагічных помнікаў.
Зробленыя адкрыцці далі штуршок у даследаванні нашага рэгіёна. Па сённяшні дзень на тагачасныя працы ў галіне археалогіі, этнаграфіі робяць спасылкі сучасныя даследчыкі. На жаль, многае з таго, што зафіксавалі і сабралі вучоныя ў 1930-я гады, было згублена ў вадавароце гістарычных пераўтварэнняў.
Валерый Тухта.
На здымку: кіраўнік экспедыцыі БАН Аляксандр Ляўданскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.