Дзень дэгустацыі

У публікацыі “Хлеб — усяму галава”, змешчанай у №98 за сёмага снежня, дырэктар хлебазавода Віктар Аўдзеенка, абараняючы гонар прадукцыі свайго прадпрыемства, абвясціў аб правядзенні дэгустацыі хлеба розных вытворцаў. Мерапрыемства мелася адбыцца 13 снежня а 14 гадзіне.
Тэма якасці лепельскага хлеба вельмі актуальная, звароты пісьмовыя і тэлефанаванні з яе нагоды прымаем ледзь не штодня, раёнка за апошні год прысвяціла ёй з

дзясятак публікацый, таму чакалі прыходу шматлікіх гасцей.
Прыехаў загадзя, хвілін за пятнаццаць. Віктар Антонавіч, сустракаючы на прахадной, казаў:

— З нагоды аб’явы аб дэгустацыі было з дзесяць тэлефанаванняў, народ цікавіўся, удакладняў час, умовы правядзення. Мяркую, што лепяльчане прыйдуць, пакаштуюць, ацэняць, магчыма, выкажуць пажаданні.

У актавай зале на стале былі тры групы талерак. Як сказала інжынер-хімік Антаніна Бельская, спецыяльна купілі ў крамах па чатыры ўзоры хлеба лепельскага, мінскага і пастаўскага. Былі прадстаўлены хлеб чорны, белы батон і хлеб з дабаўкамі. Групы для чысціні эксперыменту былі пранумараваны, каб выключыць магчымасць прэферэнцый.
Аднак, як ні дзіўна, у прызначаны час з’явілася толькі адна жанчына. Прадставілася:
— Кацярына Уладзіміраўна Грак, пенсіянерка. Да выхаду на пенсію працавала на аўтазаправачнай станцыі, жартам мяне называлі “каралевай бензакалонкі”, — рассмяялася.
— Што падштурхнула вас прыйсці на дэгустацыю?
— Цікавасць. І наяўнасць вольнага часу. Тэма хлеба мне блізкая, у сям’і ядзім яго рэгулярна. Купляем лепельскі хлеб, гэта добрая прадукцыя. Хаця зрэдку дзеля разнастайнасці купляем і хлеб мінскі, пастаўскі.
Ну, што ж, такой нешматлікай камандай, усяго два “эксперты”, падышлі да стала. Да даверанай справы паставіўся з усёй адказнасцю. Найперш агледзеў узоры — тоненька нарэзаныя лустачкі, панюхаў, стараючыся ўлавіць тонкасці водару, духмянасць. Каштаваў. Дарэчы, для нашай зручнасці работніцы завода паставілі побач некалькі кубачкаў з чаем і вадой.
Чорны хлеб з групы №1 адносна аналагаў з груп №2 і №3 паказаўся больш шчыльным, не такім мяккім. Такога шмат не з’еш, хутка наясіся. А на смак усе тры былі прыемнымі.
Батон пад №3 падаўся бялейшы і саладзейшы, №2 і №1 — трохі посныя. Хлеб з семечкамі з групы №2 меў своеасаблівы водар і смак, як і хлеб з кменам з групы №1.
Рэзкіх, радыкальных адрозненняў ва ўзорах не заўважыў. Паўтаруся, што хлеб на дэгустацыю быў ўзяты з гандлёвых кропак.
Напрыканцы здагадаўся, што лепельская прадукцыя была схавана пад №2.
Спытаў у Антаніны Бельскай, чаму пастаўскі батон пад №1 быў бялейшы і саладзейшы. Жанчына замест адказу прынесла рэшту батона і паказала на этыкетку. Там у графе складаючыя кампаненты пасля прывычных мукі, цукру быў пералік нейкіх хімічных злучэнняў пад індэксам Е і трохзначнымі лічбамі далей.
— Я таксама здагадалася, што лепельскі хлеб быў пад другім нумарам, — сказала Кацярына Грак. — Як заўсёды, добрая прадукцыя, не горшая ні за мінскую, ні за пастаўскую.
Віктар Аўдзеенка падвёў рэзюмэ:
— Шкада, вядома, што на дэгустацыю прыйшлі толькі вы двое. Хацелася б пабачыць больш наведвальнікаў. Магчыма, людзі паленаваліся ісці на завод, альбо былі занятыя на працы. Калі б падобная акцыя была праведзена ў якой-небудзь гандлёвай кропцы, мяркую, вынік быў бы больш прэзентабельны. Падумаем, мажліва праз некалькі месяцаў так і зробім. Дзякуй, што прыйшлі.
Каштаваў хлеб Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Кацярына Грак.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.