Дзяржзаказ — закон

 Цёплае сухое надвор’е дазваляе ўпэўнена, планамерна праводзіць уборачныя работы. На дзясятага жніўня ўбраны збожжавыя з 64 працэнтаў плошчаў, ураджайнасць складае 30 цэнтнераў з гектара.

 Паралельна з уборкай ідзе і продаж сельгаспрадукцыі. Найперш сельгасарганізацыям належыць разлічыцца па дзяржаўным заказе. Для раёна сёлета былі даведзены наступныя абавязковыя заданні: трэба здаць на дзяржаўныя перапрацоўчыя прадпрыемствы 6210 тон збожжа, з іх 2500 тон — харчовай пшаніцы, 2000 — харчовага жыта, 50 — аўса на крупы, 60 — грэчкі, 600 — піваварнага ячменю, 40 — фуражнай пшаніцы і 960 тон фуражнага трыцікале.

 На дзясятага жніўня ўжо здадзены і залічаны 4400 тон, што адпавядае 70 працэнтам планавага задання. Яшчэ больш за дзве тоны дастаўлена на нарыхтоўчыя прадпрыемствы, аднак збожжа перад тым, як будзе закладзена на захоўванне, павінна прайсці пэўныя праверкі і аналізы на вільготнасць, засмечанасць, якасць. Яго на месцы яшчэ раз павінны пачысціць, падсушыць пры патрэбе, узважыць і толькі пасля можна засыпаць у засекі. Вядома, пасля ўсіх працэдур яно крыху губляе ў вазе, працэнт рэфракцыі звычайна вагаецца каля дванаццаці.

 ААТ “Лядна” сёлета патрабавалася здаць 450 тон збожжа, СВФ “Заазер’е” — 860 тон, КУВСГП “Лепельскае” — 850 тон, ААТ “Ладасна” — 800 тон, КУВСГП “Баброва” — 600 тон. Усе гэтыя гаспадаркі ўжо разлічыліся з дзяржавай. ААТ “Чарэйшчына” мае план 780 тон збожжа, у тым ліку 500 тон піваварнага ячменю. Ім засталося здаць 350 тон гэтага зерня, што ў бліжэйшы час і будзе зроблена, для поўнага разліку.

 Маштабы прыватных гаспадарак, вядома, не параўнальныя з маштабамі сельгаспрадпрыемстваў, аднак уявіць агульны каравай без іх унёску ніяк нельга. Так, “Азімка” здала ўсе 150 тон, даведзеных ёй паводле плану. “Паземшчыне” са 100 запланаваных тон засталося здаць 20 тон харчовага жыта, што будзе зроблена ў самы бліжэйшы час.

 Прыём збожжа ў лік дзяржаўнага заказу ажыццяўляюць чатыры прадпрыемствы дзяржаўнай формы ўласнасці. Ільвіная доля прыпадае на Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў — 4550 тон. Тысячу тон збожжа на спірт прымае Віцебскі лікёра-гарэлачны завод, 600 тон піваварнага ячменю — полацкае ААТ “Белсолад”, 60 тон грэчкі для перапрацоўкі прыме Полацкі камбінат хлебапрадуктаў. Лепельскае прыватнае прадпрыемства “Жытніца” сёлета зрабіла спробу атрымаць статус арганізацыі, якая мае права прымаць збожжа ў лік дзяржзаказу, аднак пакуль што яму адмоўлена. Між тым, ураджай збожжавых у Беларусі, і ў прыватнасці, на Віцебшчыне, атрымліваецца даволі значны, таму можна меркаваць, што перапрацоўшчыкі жыта без працы не застануцца.

 Якасць збожжа цалкам задавальняе заказчыка. Пры тым, што камбінаты хлебапрадуктаў мелі права прымаць зерне з вільготнасцю да 18 працэнтаў, яно ў большай сваёй масе мела паказчык 14, 13, а часам і 12%.

 Харчовая пшаніца прымалася трэцім класам. Класнасць вызначаецца адпаведна ўтрыманню ў зерні клейкавіны.

 Значных праблем з пастаўкамі збожжа ў лік дзяржзаказу няма. На самым пачатку, праўда, атрымалася невялікая замінка. А прычынай паслужыла, як ні дзіўна, добрае надвор’е. Менавіта яно дало магчымасць масава пачаць жніво, на збожжатокі сельгасарганізацый паліліся дзясяткі і сотні тон збожжа з нізкім працэнтам вільготнасці, які дазваляў пасля нязначнай прачысткі адпраўляць яго нарыхтоўчым прадпрыемствам. У першыя дні не хапала транспарту, каб даставіць сельгаспрадукцыю заказчыкам, але на працягу чатырох — пяці дзён і гэта праблема была вырашана. Аўтамашыны вывозілі зерне кругласутачна.

 Няма праблем і з аплатай за пастаўленую сельгаспрадукцыю. Так, фуражнае зерне прымаецца па 1,7 мільёна рублёў за тону плюс 10%-ны падатак на даданую вартасць. Пшаніцу трэцяга класа прымаюць па 1,2 мільёна рублёў. Гэтыя цэны, паводле разлікаў эканамістаў, дазваляюць пакрыць сабекошт вытворчасці збожжа і нават спрацаваць з рэнтабельнасцю. Астатнюю прадукцыю сельгасвытворцы маюць права рэалізоўваць па дагаворных цэнах, якія зазвычай на 10 — 20 працэнтаў вышэй за закупачныя па дзяржзаказе.

 Усе пастаўкі ажыццяўляюцца з перадаплатай у 50%, што дазваляе разлічыцца па заработнай плаце, закупках паліўна-змазачных матэрыялаў на сельгасработы. Для гэтага нарыхтоўшчыкам выдзелены спецыяльныя крэдытныя лініі.

Барыс ЯФРЭМАЎ,

начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.