Зажынкі

Надвор’е стаяла як па заказу: на сінім небе – ні аблачынкі. Пасля дажджоў прырода нібыта ажывала. Менавіта на гэты дзень у раёне былі прызначаны Зажынкі – пачатак масавага жніва каласавых збожжавых культур. Месцам правядзення ўрачыстасці выбралі пшанічнае поле за вёскай Чарэйшчына.
Збожжа набыло прыдатную для ўборкі васковую спеласць. Пакуль сабраліся госці, самадзейныя артысты, камбайнеры паспелі зжаць па некалькі праходаў.

Разам з імі на мосціку першым праехаў дырэктар ААТ “Чарэйшчына” Міхаіл Мільчанін.
— Абавязкова прысутнічаю пры першым праходзе камбайна па хлебнай ніве. Пачуцці — цяжка перадаць. Па-першае, жніво вянчае сабой гадавы цыкл сельскагаспадарчых работ, паказвае, наколькі плённа папрацавалі вяскоўцы, дае ўсім нам самую аб’ектыўную ацэнку. Па-другое, душу перапаўняе гонар за сябе, за сваіх працаўнікоў, калі бачыш струмені збожжа, якія ліюцца ў бункер. Гэта поле дасць каля 45 цэнтнераў збожжа з гектара. Вільготнасць, праўда, пакуль велікаватая, каля 35 працэнтаў. Аператарам сушылак давядзецца пастарацца, каб давесці яе да патрэбнага паказчыка. Аднак – нічога страшнага. Паводле папярэдніх прагнозаў метэаролагаў, у бліжэйшыя два тыдні ўсталюецца сонечнае, сухое надвор’е, якое будзе спрыяць інтэнсіўнаму жніву. Калі ўсё будзе добра, то дзён за 20 асноўны масіў зерневых культур будзе ўбраны.
Самымі галоўнымі на хлебным полі, безумоўна, былі восем камбайнераў. Менавіта ім былі адрасаваны прывітальныя словы першага намесніка старшыні райвыканкама Барыса Яфрэмава, старшыні раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Сяргея Марціновіча, настаяцеля храма св. Варвары ў Чарэйшчыне Уладзіміра Кажаноўскага, песні самадзейных артыстаў.
Самая галоўная думка — хаця і шмат палегліцы, ураджай усё ж вырашчаны багаты, нашмат лепшы за леташні. Галоўная задача — якасна і хутка гэты ўраджай убраць, звёўшы страты да мінімуму. Залогам поспеху павінна стаць бездакорнае выкананне тэхналогіі, правілаў тэхнікі бяспекі.
Старшыня прафкама ААТ “Чарэйшчына” Людміла Усовік уручыла Барысу Яфрэмаву каравай са словамі:
— Гэты хлеб выпечаны з мукі леташняга ўраджаю. Прыміце яго як сімвал плённай працы і дабрабыту. Спадзяёмся ў хуткім часе пачаставаць вас караваем з ураджаю сёлетняга.
— Вялікі дзякуй! Сапраўды каравай важкі. Зычу вам, каб новы каравай быў яшчэ больш важкі, каб падняць яго ўдвух трэба было! А гэты — камбайнерам і вадзіцелям.
Сяргей Марціновіч расказаў прысутным пра ўмовы прэміравання за выдатныя намалоты, інфармацыя аб гэтым ужо была змешчана на старонках газеты. Барыс Яфрэмаў дадаў:
— Літаральна за гадзіну да сустрэчы старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец праводзіў селектарную нараду. Расцэнкі і заработная аплата на жніве ўзяты пад самы пільны кантроль. У Беларусі створаны ўмовы для таго, каб плённа працаваць і годна зарабляць.
Іерэй Уладзімір Кажаноўскі адслужыў кароткі малебен за добрую справу і блаславіў працаўнікоў на стваральную працу. Пасля жанчыны ў народных строях заспявалі песні. З песнямі рушылі да пасеваў пшаніцы і сярпамі нажалі першыя сімвалічныя снапы, якія былі ўручаны камбайнерам і Міхаілу Мільчаніну. Ганна Вадзько, Надзея Паўтарачанка і Яўгенія Клапаўшчак ужо шмат гадоў спяваюць у самадзейным ансамблі, жанчыны больш дзесяці гадоў удзельнічаюць у Зажынках. Ім, як патомным хлебаробам, даецца гонар першымі зжаць снапы.
Імпрэза доўга не цягнулася — гарачая пара, праца клікала камбайнераў да штурвалаў машын, вадзіцеляў — за руль аўтамабіляў. Усе разумеюць: нават гадзіну выдатнага надвор’я прамаруджваць нельга. Машыны раз’язджаліся, а неба ўсё так жа ясна сінела і поле зычна клікала сваіх старанных працаўнікоў.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: зажынкі першага снапа.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.