Замалёўкі з базару

У апошні чэрвеньскі дзень выйшаў на базарную плошчу тавар паглядзець, з людзьмі пагутарыць. Ля ўваходу з боку Універмага заўважыў дзвюх дзяўчынак, якія прапаноўвалі ўсім прахожым кацянят. Проста так, без грошай. Папрасіў іх прадставіцца.
— Бажэна і Каця, сёстры, — назвалі сябе дзяўчынкі.
— Бяруць людзі коцікаў?
— Так, адзін вось застаўся. Вы сабе не жадаеце?
— Не, дзякуй вялікі, у самога двое.

Сонца ў нядзелю не надта прыгравала, часта хавалася за аблокі, але ўсё ж зайшоў да знаёмага прадаўца вопраткі.
—Прывітанне, Багдан, ці прывёз ты цікавых фасонаў на лета? — заказваў яму адмысловы камплект.
— Шмат розных прывёз, але такога, як ты прасіў, не сустракаў, — і пачаў паказваць свой тавар. — Ёсць мужчынскія летнія кашулі з розных тканін — ад сінтэтыкі да бавоўны. Кошты — ад 55 да 180 тысяч рублёў. Фасоны модныя, моладзь сёлета набывае ахвотна. З леташніх завозаў засталіся камплекты кашуляў і штаноў з лёну па 220 тысяч рублёў. Не такі фасон, як ты заказваў, але ўсё ж…
Далейшы шлях ляжаў на сельскагаспадарчую пляцоўку. Першае, што прыцягнула да сябе ўвагу, — вялікая колькасць сёлетняй гародніны. У ранейшыя базарныя дні сёлетняй бульбай, буракамі, морквай гандлявалі толькі прадпрымальнікі, прапаноўвалі прывазны тавар, а пад канец чэрвеня гэта гародніна паспела і на Лепельшчыне. Чырвоныя буракі, напрыклад, прапаноўвалі па 15 тысяч за кілаграм. Аднак іншыя прадаўцы гандлявалі паштучна — па пяць тысяч за тры штукі. Крамяныя качаны свежай маладой капусты ляжалі па сем тысяч рублёў, пакупнікі іх ахвотна набывалі. Сёлетняя бульба прадавалася па 12 тысяч за кілаграм. Як бачым, за месяц кошты знізіліся, у пачатку чэрвеня яе прадавалі па 16 тысяч.
Побач прапаноўвалі ўраджай мінулагодні. Так, добра захаваную моркву прадавалі па дзесяць тысяч за кіло.
Даволі шмат было і збожжа, пяць кропак налічыў. Ячмень ды авёс цаны не памянялі: як былі па 20 тысяч за дзеся-цілітровае вядро, так і засталіся. Хаця ўжо ў працэсе торгу можна было на тысячу-другую і скінуць. Пшаніцу прадавалі па 25 тысяч за вядро, як, дарэчы, і леташнюю бульбу.
Малочны павільён навінаў не прынёс — як былі цэны на асноўныя харчы, так і засталіся. Напомнім: малако — 20-24 тысяч за трохлітровы слоік, тварог — 30 – 38 тысяч за кілаграм, смятана —10 – 12 тысяч за паўлітровік. Сёлетні мёд прадаюць па 60 тысяч рублёў за паўлітра, але дзе-нідзе ёсць і леташні, на дзесяць тысяч танней. Побач прадавалі і яйкі курыныя па 15 тысяч за дзясятак.
Яшчэ адной прыкметай лета сталі кавуны. Вялізныя салодкія, сакавітыя ягады — а менавіта так яны класіфікуюцца ў біялогіі — прадавалі па 12 тысяч за кілаграм. Дарагавата, падумалася, лепей пачакаю тыдзень-другі. Як паказвае вопыт, з цягам часу гэты тавар істотна таннее. А вось дыняў — не заўважыў.
З цяжкім сэрцам заходзіў у мясны павільён. Ведаючы пра складанае становішча ў рэспубліцы з афрыканскай чумой свінняў, не ведаў, чаго і чакаць. Аказалася, турботы мае былі марнымі. На прылаўках было шмат свініны. Самай дарагой была шыя і паляндвіца — па 75 тысяч рублёў. Кумпякі прапаноўвалі па 60 тысяч, лапаткі — 55, паджарка — 50, сала — ад 40 да 50 тысяч, у залежнасці ад таўшчыні і якасці. Разгаварыўся са знаёмай прадаўшчыцай.
— Бачу, паведамленні пра экзатычную свіную хваробу на вас не адбіліся.
— Мяса перад тым, як трапіць на паліцу, праходзіць трохразовы ветэрынарна-санітарны кантроль. Таму сюды ніякі мікроб патрапіць не можа. А як адмянілі абавязковы забой на спецыялізаваных пляцоўках, усё стала на свае месцы.
Першым напамінам пра складанае санітарнае становішча стала адсутнасць у продажы камбікармоў. З іншага боку — у дастатковай колькасці прадаецца збожжа. У дадатак, у многіх вяскоўцаў ужо ёсць бытавыя гаспадарчыя млыны. Таму няма ніякіх праблем збожжа вырасціць ці набыць і змалоць яго — атрымаецца амаль той жа самы камбікорм. З вялікім плюсам — дбайны гаспадар будзе ўпэўнены ў якасці і бяспецы прадукцыі, вырашчанай на сваёй сядзібе.
Гандаль парасятамі таксама перажывае не лепшыя часы. Раніцай на пляцоўку прыехалі двое гаспадароў: адзін з Лепельшчыны, а другі — з Ушаччыны. Зараз у сувязі з вірусным захворваннем перад кожным выездам трэба абавязкова праходзіць ветэрынарны агляд маладняку і выпісваць адпаведны дакумент. Ушацкі прадавец такога не меў, таму продаж яму забаранілі. Аднак у гэту нядзелю ні аднаго пакупніка не было, таму і наш прадавец паехаў дахаты са сваім таварам. Расказвалі, што ў ранейшыя базарныя дні цана на маладняк трымалася на ўзроўні 700 тысяч рублёў за свінку і 900 тысяч рублёў — за парсючка.
Выходзячы з базару, зноў павітаўся з Бажэнай і Кацяй, яны ўсё яшчэ прапаноўвалі кацяняці.
Б. САНЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.