Засцеражыце сябе ад грыпу

У зімовы перыяд з узмацненнем маразоў кожны год узрастае рызыка распаўсюджвання прастудных захворванняў, грыпу. 17 студзеня ў нашым раёне праводзіўся Адзіны дзень здароўя “Дзень прафілактыкі грыпу і вострых рэспіраторных інфекцый”. Якім чынам можна засцерагчыся ад прастудных захворванняў, грыпу? Аб гэтым расказвае ў інтэрв’ю загадчыца аддзела эпідэміялогіі дзяржаўнай установы “Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Наталля Паборцава.


— Наталля Віктараўна, скажыце, калі ласка, якая эпідэміялагічная сітуацыя назіраецца ў нашым раёне?
— У цяперашні час у Лепельскім раёне захоўваецца станоўчая тэндэнцыя — рэгіструюцца спарадычныя (адзінкавыя) выпадкі вострых рэспіраторных інфекцый, грып наогул не зарэгістраваны.
У цэлым па рэспубліцы адзначаецца рост захворванняў вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі, аднак узровень неэпідэмічны. Сярод хворых пераважаюць дзеці — 54,1 працэнта.
Эпідэміялагічная сітуацыя па захворваннях вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі знаходзіцца на пастаянным кантролі Міністэрства аховы здароўя, але разам з тым многае залежыць ад адносін кожнага чалавека да ўласнага здароўя і акружаючых яго людзей. Выкананне элементарных прафілактычных мер, рэкамендуемых Міністэрствам аховы здароўя, асабліва ў час змянення ўмоў надвор’я, дазволіць кожнаму захаваць сваё здароўе.
— Наталля Віктараўна, як вірус можа распаўсюджвацца ў асяроддзі?
— У паветры жылых памяшканняў, у кропельках слізі і сліны вірус грыпу жыве дзве — дзевяць гадзін, на паверхні разнастайных прадметаў — трое — чацвёра сутак. Падаграванне да 60 градусаў па Цэльсію знішчае вірус за 20 хвілін, а кіпячэнне — амаль імгненна. Пры нізкіх тэмпературах (ад -25 градусаў па Цэльсію і ніжэй) вірус захоўваецца працяглы час. Сонечнае святло губіць яго ў паветры і на паверхні прадметаў за адну — пяць хвілін. Пры ўздзеянні малых канцэнтрацый дэзінфікуючых сродкаў вірусы інактывуюцца на працягу некалькіх хвілін.
— Якім чынам адбываецца заражэнне вірусам грыпу?
— Перадача інфекцыі ад чалавека чалавеку адбываецца часцей пры чханні, кашлі, размове, калі ў навакольнае асяроддзе з дробнымі часцінкамі сліны і слізі выдзяляецца вірус. Заражэнне можа наступіць таксама ад забруджаных рук, прадметаў. Трапляючы на слізістую абалонку носа, рота, вачэй, вірус укараняецца ў клеткі, дзе хутка памнажаецца. Шматлікае патомства вірусу, якое знішчае клетку, актыўна пранікае ў суседнія, выклікаючы іх гібель. У выніку ў чалавека з’яўляюцца кашаль, насмарк. Прадукты распаду клетак (таксіны) трапляюць у кроў і выклікаюць з’яўленне агульнага атручвання арганізма: галаўны боль, дрыжыкі, ліхарадку, агульную слабасць.
— Наталля Віктараўна, якім чынам можна папярэдзіць грып?
— Вельмі важна пазбягаць блізкіх кантактаў з людзьмі, якія маюць нездаровы выгляд (з гарачкай, кашлем, насмаркам). Трэба пазбягаць шматлюдных месцаў, не датыкацца да рота, носа бруднымі рукамі, захоўваць гігіену рук — часцей мыць іх вадой з мылам. Неабходна таксама павялічыць прыток свежага паветра ў жылыя і іншыя памяшканні, як можна часцей адчыняць вокны. Важна прытрымлівацца здаровага ладу жыцця: паўнацэнна спаць, рацыянальна харчавацца, захоўваць фізічную актыўнасць, рэгулярна прагульвацца на свежым паветры.
— Што ж рабіць чалавеку, які ўжо захварэў?
— Пры дрэнным самаадчуванні неабходна заставацца дома і выконваць рэкамендацыі ўрача, па магчымасці трымацца ад здаровых людзей на адлегласці аднаго метра. Трэба адпачываць, ужываць напоі, якія ўтрымліваюць вялікую колькасць вітаміну С. Пры кашлі і чханні трэба закрываць рот і нос аднаразовымі сурвэткамі. Неабходна ўтылізаваць гэты матэрыял адразу пасля выкарыстання або памыць яго і прагладзіць прасам. Адразу пасля кантакту з выдзяленнямі з органаў дыхання неабходна памыць рукі. Калі хворы знаходзіцца на агульнай тэрыторыі дома, паблізу ад іншых людзей, яму патрэбна насіць маску. Аб сваёй хваробе трэба паведаміць родным і блізкім.
— Наталля Віктараўна, скажыце, калі ласка, як паступаць, калі ў доме ёсць хворы чалавек?
— Трэба ізаляваць яго ад іншых, па крайняй меры, на адлегласць не менш за адзін метр. Пры доглядзе хворага трэба прыкрываць свае рот і нос маскай. Пасля кожнага кантакту з хворым важна абавязкова памыць рукі вадой з мылам, кожнаму члену сям’і трэба выдзеліць асобныя ручнікі. Нельга, каб да хворага прыходзілі госці. Па магчымасці доглядам хворага павінен займацца толькі адзін чалавек, але не цяжарная жанчына. Трэба пастаянна праветрываць памяшканне, у якім знаходзіцца хворы, утрымліваць яго ў чысціні, выкарыстоўваючы мыйныя сродкі.
— Наколькі патрэбны прышчэпкі ад грыпу?
— Прышчэпка — гэта найбольш эфектыўны і эканомны метад прафілактыкі грыпу. Вакцыны ад грыпу строга спецыфічныя да штамаў вірусу грыпу, якія цыркулююць у дадзеным сезоне. Прышчэпка больш чым у два разы павялічвае эфектыўнасць неспецыфічных сродкаў прафілактыкі.
Вельмі патрэбна вакцынапрафілактыка, калі чалавек сутыкаецца з новым вірусам, такім, як, напрыклад, вірус пандэмічнага грыпу. Вакцыны бяспечныя, яны прымяняюцца больш за 50 гадоў. За гэты перыяд іх эфектыўнасць узрасла. Усе дазволеныя ў нашай краіне вакцыны праходзяць строгі кантроль якасці.
— Што з’яўляецца супрацьпаказаннем да імунізацыі грыпознымі вакцынамі?
— Гэта алергічныя рэакцыі на курыны бялок, рэакцыя на папярэдняе ўвядзенне вакцыны, імунадэфіцытны стан, новаўтварэнні, таму перад правядзеннем прышчэпкі ў абавязковым парадку вядзецца агляд урачом.
Размову вяла
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.