За свірэпіцай — рапс

287Азімую свірэпіцу летась на палетках ААТ “Ладасна” пасеялі ўпершыню. Сёлета ж першы раз яе жалі. Уборкай займаўся экіпаж камбайна GS-12 ў скла-дзе Канстанціна Клімовіча і Васіля Кісялёва.
Перш чым выехаць у поле, камбайн трэба было зняць з захоўвання, правесці належнае тэхнічнае абслугоўванне, чым і займаліся Васіль Кісялёў з сынам Канстанціна, пакуль той касіў касілкай травы. Камбайн не новы, тры сезоны адпрацаваў з самай поўнай аддачай, таму патрабавалася ля яго пакорпацца.

Замена машыннага масла і іншых тэхнічных вадкасцяў, фільтраў, рамянёў, падшыпнікаў — усё патрабавала намаганняў і часу. Двое мужчын справіліся з задачай першымі — за тыдзень.
Свірэпіца — культура, якая ў нашых умовах выспявае самай першай. На пробу яе ў “Ладасне” пасеялі на 36 гектарах. Кажа Канстанцін Клімовіч:
— Свірэпіца сёлета не ўдалася. На вымачках пасевы, лічы, загінулі, згнілі ў веснавых талых водах, на ўзвышшах — выгаралі пад спякотным летнім сонцам, таму ўраджайнасць слабаватая. 36 гектараў жалі два дні. Першы дзень быў самы цяжкі. І не толькі таму, што першы, а яшчэ і таму, што ў кабіне камбайна не быў запраўлены кандыцыянер.
Механізатары ведаюць, што значыць працаваць па дзесяць і больш гадзін у 25-градусную спёку. Таму спраўны кандыцыянер — нармальная ўмова для камфортнай працы. ААТ “Ладасна” заключыла дамову з лепельскім прадпрымальнікам, які і заправіў кандыцыянеры ў камбайнах. Другі дзень працы на полі свірэпіцы быў адзначаны прахалодай.
У дзень выезду на рапсавае поле да экіпажа Клімовіча Кісялёва далучыўся моладзевы экіпаж братоў Рамана і Дзмітрыя Ладзікаў. Хлопцы, як і іх старэйшыя калегі, наладзілі камбайн, навешалі на жняярку спецыяльную прыладу для ўборкі рапсу. Раман працуе ў “Ладасне” механізатарам трэці год і кожную ўборачную кампанію шчыруе на камбайне. Пасля вучобы ў аграрна-тэхнічным кале-джы хлопец атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка, як, дарэчы і брат. Дзмітрый прыходзіць на дапамогу брату, на час жніва становіцца яго памочнікам. Агрэгат іх, можна сказаць, новы, толькі адзін сезон летась адпрацаваў. Сустрэліся з працаўнікамі на запраўцы, перад выездам трэба было заліць у бакі паліва.
Запраўка аднаго камбайна на дзень напружанай працы — 300 літраў дызельнага паліва. Гаспадарка мае сем адзінак збожжаўборачнай тэхнікі. Адпаведна, пры масавым жніве за дзень толькі яны будуць спажываць не менш дзвюх тон дызелю. Сюды ж трэба дадаць паліва для аўтамабіляў, якія будуць адвозіць збожжа ад камбайнаў, іншай тэхнікі. Словам, надыходзіць гарачая пара.
Азімага рапсу ў ААТ Ладасна пасеяна 200 гектараў. Мужчыны кажуць:
— Калі ўсё добра бу-дзе, то дзён за пяць управімся. Максімум — за тыдзень. А тады — і збожжавыя паспеюць. Паедзем жаць пшанічку.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: камбайнеры Канстанцін Клімовіч, Васіль Кісялёў, Раман і Дзмітрый Ладзікі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.