Зялёная агароджа

Сваю размову пра справы будзённыя старшыня Слабадскога сельсавета Валерый Садоўскі пачаў удзячнымі словамі шэфам…

— На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца шмат помнікаў і памятных месцаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Мы ж жывём у партызанскім краі. Прыемна казаць, што ўсе яны да Дня Перамогі былі не толькі добраўпарадкаваны, але і ў значнай ступені адрамантаваны, пафарбаваны. І ў гэты святы для кожнага з нас дзень шэфы ўсклалі да многіх помнікаў вянкі.

 — Давайце назавём аргані­зацыі, якія паклапаціліся пра воінскія пахаванні ў вашым сельсавеце.

 — У аграгарадку пашчыравалі работнікі РВУ “Лепельрайгаз”, у Велеўшчыне — хлебазавода, у Цярэшках працавалі мостабудаўнікі, а работнікі аддзялення ААТ ”Белаграпрамбанк” і ЦБУ №206 ААТ “БПБ-Ашчадбанк” навялі парадак ля помніка ў Аношках. Трэба сказаць дзякуй і Слабадской школе, вучні якой разам з настаўні­кам Валерыем Тухтам добраўпарадкавалі вайсковыя пахаванні на могілках у Гадзіўлі, Велеўшчыне, Стайску.

  — Ці будзеце рамантаваць агароджу ў вёсках?

 — Па новым заканадаўстве мы не можам узводзіць платы па ўсіх спрэс вуліцах, гэта павінны рабіць самі жыхары. На добраўпарадкаванне выдзелена сорак мільёнаў рублёў. Мы вырашылі пайсці іншым шляхам — узводзіць “жывую агароджу”. Закупілі на пяць мільёнаў саджанцаў біручыны. Гэта вельмі прыгожае дэкаратыўнае кустоўе,  цвіце прыгожа. Пасадзілі цэлую вуліцу такой “агароджы” ў Велеўшчыне і Слабадзе, дзякуй, школьнікі дапамаглі. Спадзяёмся, што яна будзе ніколькі не горшая, чым традыцыйная драўляная.

  — Як выглядаюць дарогі на тэрыторыі?

 — Збольшага — нармальна. Асабліва праблемная дарога ў самім аграгарадку, якую разбілі… дарожнікі, возячы на цяжкіх машынах гравій з ка­р’ера. Зараз вядзём з імі перамовы, каб адрамантавалі.

 — Ці рэгулярна вывозіцца смецце?

 — Рэгулярна. Бяда, што кантэйнеры ўстаноўлены толькі ў Слабадзе. У іншых жа вёсках — Гадзіўлі, Бяседах, Верабках, Велеўшчыне, Аношках, Сталюгах і г.д. — кантэйнераў няма і са смеццем праблемы.

 — Магчыма, разабрацца з гэтай праблемай мог бы дапамагчы мясцовы КУП?

 — На жаль, і гэты варыянт пакуль неверагодны. Трактар, які мае КУП, пакуль што яшчэ не адрамантаваны. Спадзяёмся, што да ўборачнай кампаніі справіцца і дапаможам насельніцтву з уборкай. У нас ёсць плуг, камбайн КЗС-7. Плануем завесці свой грэйдар для расчысткі снегу. Дровы будзем вазіць, у першую чаргу адзінокім састарэлым жыхарам. Пакуль жа КУП займаецца ў асноўным зборам малака. Зрэшты, на тэрыторыі сельсавета ўсяго 33 прыватныя каровы. Ды і кадравая праблема, што хаваць, у КУПе існуе, бо за невялікую зарплату працаваць не шмат ахвотнікаў знахо­дзіцца.

 — Ці абкошваюцца дарогі, вуліцы?

 — Дапамагаюць, зноў жа, шэфы і мясцовыя арганізацыі, якія своечасова наво­дзяць парадак на замацаваных тэрыторыях.

 — Як вядзецца ліквідацыя старых закінутых будынкаў?

 — Працягваем зносіць такія хаты, бо ад гэтага шмат у чым залежыць агульны выгляд вёсак. Знеслі шэсць: у Свядзі­цы і Рудні — па адной, у Гадзіўлі і Велеўшчыне — па дзве.

 — А ці прадаеце ўчасткі пад забудовы?

 — У нас няма паблізу азёр, участкі не карыстаюцца попытам. Хіба што выдзяляем пад забудову ў Вілах, Юшках.

 — Колькі было сёлета зваротаў у сельсавет?

 — Тры пісьмовыя звароты — па пытаннях устанаўлення спадчыннасці, продажы жылых дамоў і рэгістрацыі па месцы жыхарства. Сямнаццаць чалавек пазванілі ў сельсавет па “гарачай лініі”. Выканалі з пачатку года 165 адміністрацыйных працэдур. У тым ліку зарэгістравалі чатыры шлюбы і трох нованароджаных, устанавілі тры выпадкі бацькоўства, выпісалі па прычыне смерці чатырнаццаць чалавек.

 Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.