Камандзіроўка ў пекла

  Канец красавіка 1986-га выдаўся трывожным.  Грымнуў Чарнобыль. Катастрофа! Нябачная смерць чорным крылом ахінула вялікую тэрыторыю. На той час Аляксандр Рудак толькі пачынаў службу ў Лепельскім раённым ад­дзеле ўнутраных спраў. Аднойчы выклікала начальства і паведаміла аб накіраванні яго ў чарнобыльскую зону. Апрача Аляксандра ў зводны атрад, сфар­міраваны з міліцыянераў  Віцебскай вобласці, трапілі лепяльчане Валерый Бедункевіч і Аляксандр Шунто.

 Ліпеньскім ранкам восемдзесят шостага  “міліцэйскі дэсант” на аўтобусах накіраваўся ў Гомельскую вобласць.

Увечары дабраліся да вёскі Стральчова Хойніцкага  раёна, якая знаходзілася ў некалькіх дзясятках кіламетраў ад трыццацікіламетровай зоны адсялення. Змянялі курсантаў Вышэйшай школы міліцыі, якія папярэдзілі, што праз пэўны час з’явіц­ца пяршэнне ў горле —наступствы радыяцыйнага ўздзеяння на арганізм. Больш ніяк сябе не праяўляў гэты нябачны каварны вораг усяго жывога на зямлі.

 Прайшло больш за дваццаць год з моманту тых трагічных падзей. Аляксандр Мікалаевіч і цяпер дэталёва ўзгадвае спецы­фіку службы на забруджанай тэрыторыі. Ахоўвалі дзяржаўную і прыватную маёмасць у адселеных вёсках. Людзі ратаваліся ад  страшнай бяды, бралі толькі самае неабходнае. Да таго часу, як тэрыторыя была ўзята пад кантроль міліцыі, большая частка калгаснай і саўгаснай маёмасці была ўжо разрабавана. А вось у прыватных дамах заставалася ўсё так, як быццам гаспадары толькі ўчора пакінулі родны кут. У шафах — адзенне, посуд, у халадзільніках — прадукты.

 Як на ліха, падчас трагедыі сады ламіліся ад багатага ўраджаю садавіны. Адзінымі насельнікамі апусцелых паселішчаў заставалася жыўнасць, якую сялянам таксама забаранялася вывозіць. У полі самі па сабе пасвіліся коні, козы. Па вуліцах бегалі ра­з’юшаныя галодныя сабакі, палюючы за свойскай птушкай. Карціна, як кажуць, не для слабанервовых. Звычны сялянскі лад жыцця быў гвалтоўна парушаны. “Пачвара” была нябачная воку, і ад гэтага ўсведамлення стана­вілася яшчэ страшней. Са слязьмі раставаліся людзі з нажытым. Усё пакі­нута было паміраць у гэтым квітнеючым, але стаўшым у адначассе гіблым краі.

 Нячыстыя на руку людзі адчулі нейкую злачынную асалоду нажыцца на чужым горы. Працвітала марадзёрства. Рабаўнікі  не грэбавалі нічым, нават прадуктамі. Не зважаючы на  тое, што ўсё забруджана радыенуклідамі. Галаўным болем былі і мясцовыя жыхары, у асноўным жанчыны сталага веку. Яны прасілі ў міліцыянераў, каб далі ім магчымасць прапалоць у агародзе градкі, дагле­дзець гаспадарку. Хаты былі апячатаныя, таму бабулькі,  нібыта тыя гаротніцы, начавалі ў гаспадарчых пабудовах. Цяжка было глядзець на пякучы людскі боль. Нашы суайчыннікі вокамгненна  былі вырваны трагедыяй з радавых гнёздаў. Міліцыянеры ж людзі. Як не паспачуваць чалавеку, які практычна страціў усё. І не па сваёй віне. Таму ішлі на некаторыя парушэнні службовых інструкцый.

 Аляксандр Рудак і яго таварышы пабывалі ў розных населеных пунктах, але паўсюль была адна і тая ж карціна. Апусцелы, абязлюдзелы край. Службу ў “зоне” неслі на працягу сутак. Змена цягнулася дванаццаць гадзін. Вярнуўшыся з нараду  на пастаяннае месца дыслакацыі,  міліцыянеры праходзілі абавязковую дэзактывацыю, прымалі душ, пераапраналіся ў цывільнае адзенне. Кожны павінен быў увесь час насіць пры сабе партатыўны дазіметр і сачыць за ўзроўнем радыяцыі. Праўда, у першыя дні камандзіроўкі ўсім стала зразумела, што карысці ад выдадзеных прыбораў мала. У аднаго ўзровень радыяцыі  мог “зашкальваць” , а ў другога быў у норме. Таму, каб не згубіць дзяржаўную маёмасць, дазіметры здалі на склад.

 Пад міліцэйскі гарадок быў прыстасаваны будынак школы. У жылых памяшканнях перыядычна рабілі  вільготную ўборку. У якасці прафілактыкі медыкі раілі ўжываць разбаўлены ёд. На жаль, усё гэта мала дапамагала.     Так у небяспечнай для жыцця мясцовасці праляцела паўтара месяца камандзіроўкі. Аляксандр прызвычаіўся да спецыфікі службы, як прызвычаіўся і да  радыяцыі, якой першапачаткова ўсе былі моцна напужаныя. Колькі трагедый пазбегнуць можна было, калі б партыйныя босы не хавалі галаву ў пясок, нібы страусы, адразу паведамілі праўду савецкім людзям і сусветнай супольнасці аб магчымых наступствах аварыі, уздзеянні яе на арганізм чалавека, мерах персанальнай засцярогі…

Валерый  ТУХТА.

 На здымку: А. М.  Рудак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.