Крыніца РАдасці

Неўзабаве споўніцца пятнаццаць гадоў інтэлектуальнаму клубу “РА”, якім нязменна на працягу ўсяго гэтага часу кіруе яго заснавальнік і аўтар цікавага праекта Віктар Радзько. Працуе аб’яднанне інтэлектуалаў на базе раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, аднак яму ўжо становіцца цесна ў межах роднай структуры. За пятнаццаць гадоў “дзіця” вырасла і просіцца ў дарослы свет. І першыя крокі лепельскіх інтэлектуалаў у даросласць знаходзяць падтрымку і паразуменне…


А пачыналася ўсё напрыканцы мінулага стагоддзя, калі кадравы вайсковец, інжынер-электрамеханік Віктар Радзько зразумеў, што прызванне яго ўсё ж не ракеты, якімі займаўся дагэтуль, а дзеці. Ён марыў не проста выхоўваць дзяцей — марыў вучыць іх думаць.
З чаго пачынаў? Ды амаль што з нуля. Адмыслова дзяцей не выбіраў. Прыглядаўся, вядома, наведваючы школы, да больш дапытлівых і кемлівых, у каго агеньчык у вачах гарыць. Ён і зараз падтрымлівае сувязь са сваімі першымі выхаванцамі, якім ужо за трыццаць. Грыша Шкурынаў, Саша Косаў, Максім Мастаўнікоў, Галя Макарэвіч ды іншыя — у кожнага з іх свая прафесія, свой занятак, але не забываюць любімага “РА”. Маю на ўвазе не толькі аб’яднанне, але і яго кіраўніка, якога ў свой час жартоўна празвалі містарам РА. А калі бываюць у Лепелі, абавязкова заходзяць, сустракаюцца з маладым пакаленнем інтэлектуалаў, якія, між іншым, дастойныя сваіх папярэднікаў.
Сённяшні дзень “РА” — гэта найперш будзённыя заняткі, амаль штодзённа, то з вучнямі СШ №3, то з гімназістамі, групу якіх набраў Віктар Мікалаевіч яшчэ гадоў пяць таму, калі дзеці былі першакласнікамі. У Радзько зараз займаюцца тры групы — трыццаць шэсць чалавек.
Штодзённыя заняткі — гэта інтэлектуальны трэнінг, матэрыял для якога рыхтуе сам Віктар Мікалаевіч, практыкаванні па развіцці памяці. Заняткі праходзяць у спецыяльным пакоі, дзе ёсць тэлевізар, ноўтбук. Электронныя тэхналогіі могуць у хуткім часе карэнным чынам змяніць саму форму правядзення такіх заняткаў. Недалёкі той час, калі дзеці будуць трэніравацца дома, за камп’ютарамі, па скайпах. Ну, а пакуль — усё традыцыйна. Словы для трэнінга кіраўнік падбірае не выпадковыя, а такія, якія потым спатрэбяцца дзецям у жыцці. Часта практыкуецца трэнінг паміж малодшымі і старэйшымі групамі інтэлектуалаў. Часам сустракаюцца дарослыя і дзеці. Да гэтага часу памятаюць праблемныя падлеткі, як іх каманда сустракалася з камандай супрацоўнікаў РАУС.
Наступны этап дзейнасці “РА” — удзел у розных інтэлектуальных спаборніцтвах. Спаборнічаюць у межах раёна — з паралельнымі класамі, з камандамі са Слабады, Бароўкі, Старога Лядна, Поўсвіжа і інш. Пабывалі і ў Германіі, дзе сустракаліся з Нобелеўскім лаўрэатам, і ва Ульянаўску, не кажучы пра беларускія гарады.
“Каронным нумарам” “РА” з’яўляецца, вядома ж, “Кубак правінцыі” на прыз старшыні Лепельскага райвыканкама, які штогод нашы інтэлектуалы праводзяць у сябе дома. Турнір яркі, каларытны, прэзентабельны, як шоу, з музычнымі паўзамі, са спецэфектамі. У ім прымаюць удзел каманды з Чашнік, Докшыц, Паставаў, Полацкага раёна, Віцебска і іншых населеных пунктаў. Інтэлектуальная гульня ў гэтых гарадах набірае моц, напрыклад, у Паставах наладжваюць свае спаборніцтвы — на кубак Зюзі Паазерскага. Спаборніцтвы — гэта выпрабаванне, якое нашы інтэлектуалы вытрымліваюць з гонарам. Неаднаразова ўдзельнічалі ў спаборніцтвах на Кубак княгіні Вольгі, у абласным турніры “Эрудыт” і міжнародным праекце “Несцерка”. Вось і нядаўна вярнуліся з “Несцеркі”, дзе ўдастоены былі статуэткі і звання “Лепшы інтэлектуальны клуб краіны”.
У “першым эшалоне” клуба інтэлектуалаў — Анастасія Семянько з гімназіі, Паліна Карпенка з СШ №1, а таксама Крысціна Якшыгулава, Ганна Бельская — абедзьве з СШ №1, Максім Гардзееў, сёлетні выпускнік СШ №3 і інш.
Чаму клуб “РА” стаў доўгажыхаром сярод шэрага дзіцячых творчых аб’яднанняў? Прычыны розныя. Па-першае, у яго аснову лёг удалы аўтарскі творчы праект — сімбіёз Клуба вясёлых і знаходлівых і каманды знатакоў, кшталту перадачы “Што? Дзе? Калі?”. Па-другое, ролю адыгрывае асоба самога Радзько, чалавека апантанага гэтай ідэяй і здольнага яе творча рэалізоўваць вось ужо многія гады. Па-трэцяе, жыццё ў клубе не абмяжоўваецца афіцыйнымі сустрэчамі, спаборніцтвамі, заняткамі. Ён існуе яшчэ і як адзіная сям’я аднадумцаў. Збіраюцца разам, адзначаюць дні нараджэння — з тартамі, чаем. Дзецям, а цяпер ужо і моладзі, цікава, а цікавасць — лепшы рухавік прагрэсу. Немалую ролю адыгрывае таксама і тое, што для гуртка і клуба інтэлектуалаў не патрэбны нейкія сур’ёзныя фінансавыя выдаткі. Тут — толькі іскрамётная думка, трапнае слова, належны інтэлект, якога за грошы не купіш…
І нарэшце — пра назву. У свой час яе прыдумалі самі дзеці, спасылаючыся на бога сонца РА, на крыніцу РАдасці, якую нясе ім інтэлектуальная гульня, і не ў апошнюю чаргу на самога яе аўтара ды ідэйнага натхняльніка, якога дзеці паважна звалі містэрам РА…
“РА” аказалася жыццяздольным аб’яднаннем, бо ў ім ёсць сваё РАцыянальнае зерне…
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.