Культурны мерыдыян

Краіны-саюзніцы
У чытальнай зале экспануецца выстава “Беларусь і Расія”, прымеркаваная да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. У экспазіцыі — больш як тры дзясяткі публікацый з перыядычных выданняў абедзвюх краін, сярод якіх артыкулы пра дружбу народаў, адзіную эканамічную і мытную прастору і г.д. Вось назвы некаторых: “Адзінства — значыць развіццё”, “Беларускі складнік адзінай эканамічнай прасторы” і інш.

Гульня-абагульненне

Чарговыя заняткі бібліяграфічнага ліцэя ў бібліятэцы сталі абагульненнем прачытанага і вывучанага за папярэдні перыяд. Навучэнцам ліцэя, якія зрабіліся заўсёднымі наведвальнікамі бібліятэкі, была прапанавана своеасаблівая інтэлектуальная гульня кшталту “Брэйн-рынга” пад назвай “Чытай, уцямлівай, адгадвай”. Яе тэматыка — прачытаныя кнігі, асвоеныя каталогі і г.д.

Маўклівыя сведкі
“Маўклівыя сведкі мінулай гісторыі” — пад такой назвай сабрана ў бібліятэцы выстава-стэнд літаратуры па краязнаўстве. Тут прадстаўлена літаратура пра такія помнікі гісторыі і архітэктуры раёна, як касцёл Святога Казіміра, храм Святога Георгія, бровар, Бярэзінская водная сістэма і інш. Экспануецца кніга Марата Бацвінніка “Помнікі генацыда яўрэяў у Беларусі”, дзе распавядаецца пра помнік ля вёскі Чарнаручча. Таксама ёсць выданні мясцовых аўтараў — кніга Аліны Стэльмах “Бярэзінская водная сістэма” і “Нарысы гісторыі Лепельшчыны”.

Краязнаўчыя чытанні
У Нясвіжы і Клецкім раёне прайшлі трохдзённыя ХІІІ Рэспубліканскія краязнаўчыя чытанні педагагічных работнікаў. У складзе дэлегацыі з Віцебшчыны, васьмі краязнаўцаў, на мерапрыемстве быў настаўнік гісторыі Слабадской школы Валерый Тухта. Удзельнікі абмяняліся вопытам краязнаўчай работы, наведалі Нясвіжскі замак і музей краязнаўства адной са школ на Клеччыне. Самі ж чытанні праходзілі ў будынку былой гарадской ратушы, дзе зараз размяшчаецца музей.
Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.