Кухонныя разборкі

На лаве падсудных была жанчына, маці трох дзяцей лепяльчанка Алена Зайцава. Хаця маці яе можна назваць вельмі ўмоўна, Зайцава пазбаўлена бацькоўскіх правоў, павінна выплачваць дзяржаве грошы за тое, што спецыяльныя службы клапоцяцца пра яе дзяцей. Аднак і тут не ўсё ў парадку. У 2009 годзе за неналежную аплату Зайцава апынулася перад судом, тады яе прыгаварылі да 200 гадзін грамадскай працы.

Жанчына на шлях выпраўлення не стала. Ёй дапамаглі ўладкавацца на працу ў СВФ “Заазер’е”, працавала спачатку паляводам, а потым прыбіральшчыцай. Аднак на працу хадзіла не па належнаму графіку, а як Бахус на душу пакладзе. Што Алена Зайцава — алкаголік, пацвердзіла і судова-медыцынская экспертыза, у заключэнні якой фігуруе дыягназ сіндром залежнасці ад алкаголю. А колькасць прагулаў у жанчыны даходзіла да 16 за месяц!

Расла колькасць прагулаў, запазычанасць. На першае мая яна склала 10724250 рублёў! У Зайцавай, паводле акта абследавання, не было нават маёмасці, якую можна было б спагнаць на пагашэнне запазычанасці.

Другім эпізодам стала наўмыснае нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання пры перавышэнні межаў неабходнай абароны. Зайцава з сужыцелем дома распівалі спіртное. Пасля таго, як у чарговы раз прачнуліся, Алена пайшла на кухню, каб прыгатаваць страву з капусты. Сужыцель пайшоў за ёй і стаў патрабаваць, каб жанчына купіла яшчэ спіртнога. Атрымаўшы адмову, злосна паспрабаваў схапіць яе за плечы. Жанчына спалохалася, рэзка развярнулася і піхнула яго рукой у грудзі, а ў руцэ быў нож, якім наразала капусту.

Спачатку сужыцелі не звярнулі на рану асаблівай увагі, палічылі яе несур’ёзнай. Толькі праз двое сутак, калі ў грудной клетцы сталі назапашвацца паветра і кроў, звярнуліся ў бальніцу, а медыкі паведамілі міліцыянерам.

Суд прызнаў Алену Зайцаву вінаватай ва ўхіленні ад кампенсацыі расходаў на ўтрыманне дзяцей і ў нанясенні цяжкага цялеснага пашкоджання пры перавышэнні межаў неабходнай абароны. Жанчыне прызначана пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Мікалай КАЗЛОЎСКІ,

суддзя суда Лепельскага раёна.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.