Лавіся, рыбка

 Азёры — наша нацыянальнае багацце. Нездарма ж Беларусь завуць сінявокай. Добра на возеры рыбку палавіць, летам акунуцца ў прыемную прахалоду. Вось толькі апошнім часам не столькі яны радуюць, колькі расчароўваюць. Многія пазарасталі, усё меней застаецца пясчаных ды мурожных берагоў, прыдатных для купання, пляжных мясцінаў. Ды і рыба штосьці не вельмі просіцца на вудачку.
Здаецца, і нямала яе ў глыбінных азёрных ямах, ды вельмі ж асцярожная стала. Азёрам патрэбны гаспадары, толькі не такія, якія набудуюць у прыбярэжнай паласе жылых і гаспадарчых збудаванняў, адгародзяцца высокімі платамі і перакрыюць доступ да вады простаму рыбаку ці адпачывальніку.

Азёры — багацце агульнае. Ім патрэбен такі гаспадар, які дагледзіць берагі, пачысціць іх ад смецця, пабудуе сходнікі і альтанкі, пляжы і рыбацкія кладкі, своечасова паклапоціцца пра азёрную флору і фаўну. Ім патрэбен гаспадар сапраўдны. Арандаваць возера — гэта ў першую чаргу клапаціцца пра яго і толькі ў другую — мець прыбытак. Так, час змушае нас лічыць кожную капейку. Але трэба глядзець і ў будучыню, каб не застацца сіротамі на апустошанай зямлі са звонкімі медзякамі ў кішэні. Нашым азёрам патрэбна шэфская, амаль дабрачынная арэнда. Вось толькі ці знойдуцца такія мецэнаты?.. Тры возеры арандуе на Лепельшчыне прадпрыемства меліярацыйных сістэм — Лепельскае, Окана і Неграза (ля Чарэйшчыны). Меліяратары арганізавалі там прамысловы адлоў рыбы, калі толькі прамысловым можна назваць штогадовыя сем з лішкам тон. Скажам, пазалетась рыбалавецкія звенні вылавілі 7900 кг, летась — 7500, сёлета пакуль што 3950 кг рыбы. Зразумела, што такі ўлоў не дазваляе займацца яе прамысловым збытам. Рэалізуюць сваім людзям на прадпрыемстве: у лепшым выпадку ў свежым выглядзе, прама з вады, у крайнім — замарожаную ў двух прамысловых халадзільніках на складзе. Ну, а паколькі кошт такой рыбы значна таннейшы, чым кошт той, якую рэалізуе гандаль, то людзі задаволены. У ПМС працуюць тры рыбалавецкія звяны па два чалавекі кожнае. Трэцяе набіраюць на летні сезон. Сталыя ж рыбакі — Іван і Сяргей Тухты, бацька і сын, а таксама Аляксандр Канапелька і Аляксандр Канышаў. У іх распараджэнні дзве пластмасавыя лодкі, адна з іх маторная, і дзве драўляныя звычайныя, рыбалоўныя прылады. Рыбу ловяць сеткамі, негустымі, бо дробную адлоўліваць забаронена. Трапляюцца ў сеткі лешч і падлешчык, шчупак і судак, карась і карп, акунь і плотка, лінь і зрэдку таўсталобік. Мы паспрабавалі высветліць, хто і якім чынам вядзе ўлік вылаўленай рыбы, хто кантралюе рыбалоўства на арандуемых азёрах. — Існуе так званы тоневы журнал, у які заносіцца фактычная колькасць рыбы кожнага ўлову, — распавяла бухгалтар ПМС Людміла Рэўт. — Не запоўніўшы яго, рыбакі не маюць права ступаць на бераг. Інакш гэта ўжо будзе парушэннем правілаў рыбалоўства. На аснове гэтага журнала рыба паступае на склад, дзе афармляюць накладныя і кантралююць, каб лічбы, занесеныя ў журнал, адпавядалі фактычнай колькасці. Кладаўшчык трымае справаздачу перад бухгалтэрыяй прадпрыемства. Вылаўленая рыба рэалізуецца работнікам ПМС у кошт зарплаты.

— Колькі рыбы было рэалізавана за апошнія месяцы?
— У ліпені рэалізавалі на суму 8,6 мільёна рублёў, у жніўні — на 7,8, у верасні — на 4,9.
— Што трэба, каб рыба паступала ў гандлёвую сетку?
— Пакуль такі варыянт не разглядаўся. Уловы невялікія, ледзьве хапае самім работнікам.
Мы пацікавіліся, хто фактычна кантралюе рыбалоўства на ўзгаданых азёрах і пачулі ў адказ, што гэтым займаецца інспекцыя аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя.
У інспекцыі паведамілі, што яны толькі адсочваюць факты браканьерства, у тым ліку і на гэтых трох азёрах, дзе за дзевяць месяцаў бягучага года было выяўлена пяць выпадкаў браканьерства.
Удакладніць, хто ж кантралюе непасрэдна адлоў рыбы прадпрыемствам меліярацыйных сістэм, мы вырашылі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання. Намеснік начальніка ўпраўлення паведаміў, што сёлета заданне па вылаве рыбы на арандуемых азёрах ПМС пакуль не выканала. З запланаваных 6,3 тоны вылаўлена пакуль толькі каля 3,9 тоны. У выпадку грубых парушэнняў дамовы арэнды апошняя можа быць скасавана. Аднак такіх парушэнняў не выяўлена.
Даведзеная квота не дазваляе лавіць рыбу ў неабмежаванай колькасці, максімальна — да дзевятнаццаці тон штогод. “Віцебскаблмеліяводгас” даводзіць план адлову. У 2010 і 2011 гг. ён склаў адпаведна 7200 і 7400 кг. Так што план лепельскія меліяратары-рыбакі штогод выконваюць.
Вось, бадай, і ўсё, што атрымлівае прадпрыемства меліярацыйных сістэм ад арандуемых азёр. А цяпер распавядзем, што арандатары даюць азёрам узамен.
Тут сцвярджаюць, што арэнда не прыносіць прадпрыемству відавочнага прыбытку. Ды пра гэта не цяжка і здагадацца, пазнаёміўшыся з аб’емамі вылаўленай рыбы, ад якой хіба што відавочная карысць сваім працаўнікам. Дзе яшчэ знойдзеш і танную такую рыбу, і свежую — прама з вады! Ну, а дадайце сюды затраты на паліва для рыбаловаў — дабрацца ж трэба да Окана, да Чарэйшчыны, выдаткі на іх зарплату, на рыбалоўныя прынады. Стане зразумелым: арэнда — справа непрыбытковая. Выходзіць, што займаецца ёю ПМС зусім не з меркантыльных спажывецкіх меркаванняў. Меліяратары сочаць за чысцінёю азёрных прыбярэжжаў. На кожным з арандуемых азёр устанавілі кантэйнеры для смецця, на Окане і Негразе — па два. З Лепельскім возерам прасцей, там наводзіць парадак дапамагаюць камунальнікі, але ж і ўзбярэжная паласа куды большая. Меліяратары больш сочаць за ўзбярэжжам з боку Старога Лепеля. На Окане пабудавалі альтанку, лавачкі, столік. Лавачкі са столікам устаноўлены і на Негразе. Вельмі важна, што на прыазёрных зонах адпачынку арандатары пабудавалі прыбіральні.
Апошні раз азёры зарыблялі гады два таму. Запусцілі малькоў карпа, шчупака, таўсталобіка і іншай рыбы. Справа з зарыбленнем вадаёмаў ускладняецца ўзросшымі коштамі на малькоў.
Такім чынам, арэнда азёр — справа не такая простая і адназначная. Каб стаць сапраўдным гаспадаром возера, а не чарговым яго спажыўцом, арандатар павінен быць зацікаўлены гэтай справай, праявіць прадпрымальнасць і гуманізм.
Міхась ВАЛОХА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.