Лепельскі след «кацюш»

(Працяг. Пачатак у №№89, 90)
На наступны дзень высветлілася, што “танкавая рота 27-га танкавага палка вяла бой з праціўнікам і, атрымаўшы страты, адышла на Бешанковічы, дзе ў складзе іншых часцей перайшла да абароны…”
Гарнізон адступаў, былі ўзарваныя масты на Уле. Тады нямецкія танкі хутка разгарнуліся і рушылі ў абыход, ахопліваючы Бароўку з поўначы. Там іх спыніў ненадоўга 13-ы Бярэзінскі памежны атрад войскаў НКВД СССР.
«Немцы ўвайшлі ў Лепель фактычна без бою», — узгадвае былы жыхар горада Сямён Фейгельман, цяпер падпалкоўнік танкавых войскаў запасу.

Так, піша Сакавікоў, цалкам эвакуіраваць склады не ўдалося: «Буйная база забеспячэння дасталася ворагу». Магчыма, па гэтай прычыне 4.7.41 г. выйшла дзіўная, не зусім абдуманая дырэктыва № 16 штаба ЗАХФРОНТА: «У ноч на 5.7.41 г. запаліць лес у раёне Лепеля, Глыбокага, Докщыц…»
Самае каштоўнае, безумоўна, было вывезена, у Оршу. Выратаваў Цярпілоўскі і рэшткі вучылішча — вывеў курсантаў у загаданы раён. Аднак зноў узнікае пытанне: чаму курсантаў па прыбыцці ў зону прыкрыцця Віцебскага напрамку не адправілі далей, углыб Савецкага Саюза, каб захаваць маладыя жыцці і каб курсанты маглі давучыцца?
Як бы там ні было, а курсант, які стаў камандзірам, прынясе больш карысці дзяржаве, чым у якасці жывога шчыта будзе выкарыстаны супраць сталёвага монстра. Няўжо высокія вайсковыя чыны гэтага не разумелі? Ці адыграла сваю справу неразбярыха з перастаноўкамі ў кіраўніцтве ўзброенымі сіламі пасля арышту камандуючага Заходнім фронтам Паўлава?
Не гэта, на мой погляд, вызначала ролю курсантаў у жорсткай бітве. Разлік быў іншы. Памятаеце, быў атрыманы першапачатковы загад аб перадыслакацыі вучылішча з 3 ліпеня ў Мажайск? Потым загадалі заняць абарону ў ноч на 4 ліпеня на паўночным беразе Заходняй Дзвіны.
Што адбылося, што змянілася? Ноч з 3 на 4 ліпеня 1941 года. Ва ўмовах найстражэйшай сакрэтнасці, з зацемненымі фарамі, па Мажайскай шашы з Масквы ў бок Беларусі рухаецца дзіўная калона. У кожнай кабіне грузавіка сядзяць афіцэры і ўважліва сочаць за дзеяннямі кіроўцаў. Нельга ні дадаць газу, ні спыніцца — кожны рух вывераны і выразна спланаваны.
У пярэдняй машыне сядзіць высокі стройны афіцэр у чыне капітана. Капітан Флёраў кожную гадзіну звярае маршрут руху па карце, падсвятляючы ў поцемках звычайным ліхтарыкам. Святло ў кабіне ўключаць забаронена. На версе машыны сілуэт нейкай канструкцыі, старанна загорнуты маскіровачнай тканінай. Калону суправаджаюць дзве ахоўныя машыны — спераду і ззаду.
Гэта першая эксперыментальная батарэя залпавага мінамётнага агню — першыя савецкія “кацюшы”. Пад’язджаючы да Оршы, батарэя кіруецца ў размяшчэнне 20-й арміі. Праз два дні пачынаецца грандыёзнае наступленне Чырвонай Арміі, вядомае як Лепельскі контрудар. Сцягнутыя ў раён паміж Віцебскам і Оршай два механізаваныя карпусы уступаюць у бой, каб нанесці рашучае паражэнне нямецкай армадзе Гота і зноў авалодаць Лепелем. Удзельнічае ў той бітве і ўжо знаёмы нам капітан Шапіра. Дывізія, у якой служыў афіцэр, мела на ўзбраенні самыя сучасныя і магутныя танкі Т-34 і КВ. З абодвух бакоў у бітве схліснулася небывалая колькасць грозных машын — каля паўтары тысячы. Чакала свайго часу і батарэя «кацюш» капітана Флёрава.
Супадзенне, што курсантаў мінамётнага вучылішча прытрымліваюць на баявой пазіцыі, а ў паласу фронту ў гэты час паступае самая сучасная мінамётная зброя? Мажліва. Аднак ясна адно: у крытычнай сітуацыі ўскладаліся вялікія надзеі як на тых, так і на іншых. Да 3 ліпеня камандаванне спадзявалася на змену становішча пад Лепелем, і вучылішча не выводзілася за межы фронту, але склады эвакуіраваліся. Калі стала ясна, што давядзецца пакінуць Бароўку і 116-ы кіламетр, паступіў загад адысці на бяспечную адлегласць, а масты і нявывезеныя склады падарваць. Першае было зроблена — курсанты сканцэнтраваліся на беразе Дзвіны, а вось з другім адбылася асечка. Склады не былі ўзарваныя, хоць, па данясеннях разведкі 186-й дывізіі, яны былі знішчаны.
Выправіць «недапрацоўку» павінен быў танкавы контрудар. Калі б ён адбыўся, то Лепель зноўку апынуўся б у руках чырвонаармейцаў, а курсанты вярнуліся б да заняткаў, атрымаўшы для асваення рэактыўныя мінамёты. На жаль, контрудар праваліўся. Танкі затрымаліся на раскіслай ад дажджоў рацэ Чарнагосціца і былі знішчаны артылерыяй і авіяцыяй праціўніка.
Наступ праваліўся, курсантаў знялі з пазіцый. Суседзі, пяхотныя палкі, былі здзіўлены паспешлівасцю. З журнала баявых дзеянняў 186-й стралковай дывізіі: «У ноч з 7 на 8.07.41 г. Лепельскае мінамётнае вучылішча без загаду пакінула пярэдні край абароны — левы фланг 290-га стралковага палка застаўся адкрыты…» Цікава, чаму так спешна адышлі і куды накіраваліся мінамётчыкі?
Васіль АЗАРОНАК.
(Працяг будзе)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.