“Лепель — горад павятовы”

 Пад такой назвай у Лепельскім раённым краязнаўчым музеі праводзіцца чарговая выстава, прысвечаная працягламу перыяду знаходжання нашага горада ў складзе Расійскай Імперыі (1793 — 1917 гады). Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Лепель у 1793 — 1796 гадах быў прызначаны цэнтрам павета Полацкай, а з 1802 года — Віцебскай губерні. У 1805 годзе мястэчка атрымала званне павятовага горада. Такога высокага статусу Лепель быў удастоены дзякуючы вялізнаму будаўніцтву Бярэзінскай воднай сістэмы, якая аказала моцны ўплыў на рост насельніцтва і гаспадарчае развіццё.

 Пачынаецца выстава картай 1820 года Лепельскага павета. Яго вялікую тэрыторыю і абрысы можна прасачыць па назве і размяшчэнні буйных населеных пунктаў. Гэта мястэчкі Арэхаўна, Кублічы, Ушачы, Селішча, Варонеч, Ветрына, Заскаркі, Ула, Бешанковічы, Чашнікі, Бачэйкава, Камень, Пышна (цяпер Ушацкі, Полацкі, Бешанковіцкі, Чашніцкі і Лепельскі раёны).

 Са старажытных часоў самымі высокімі і больш значнымі ў духоўным жыцці гарадоў і вёсак былі будынкі цэркваў, касцёлаў і сінагог. На выставе прадстаўлены фотаздымкі ХIХ — ХХ стагоддзяў Спаса-Прэабражэнскага сабора на цэнтральнай плошчы Лепеля, разбуранага ў 1940-ыя гады, Свята-Параскевінскай царквы і іншых культавых устаноў. Тут жа экспануюцца Евангелле ХVIII стагоддзя, царкоўныя кнігі, поўны збор жыцця святых грэкарасійскай царквы, касцёльныя кнігі.

 У краязначым музеі і асабістых калекцыях жыхароў горада захавалася значная колькасць фотаздымкаў Барыса Фідэльмана і яго сына Рафаіла. Да нашага часу па вуліцы Валадарскага ў Лепелі месціцца колішні дом Фідэльманаў. На выставе змешчаны фотаздымкі гарадскіх уліц, будынкаў, вядомых жыхароў. Сярод іх А.Г. Скрабнеўская з вуліцы Ульянкі, пачатак ХХ стагоддзя, настаўні­к П. Істомін, сем’і Кладніцкіх, Шыраевых, 1911 год, і іншыя.

 Значная плошча выставы адведзена пад нумізматычную калекцыю, якая адлюстроўвае збор і навуковае апісанне старажытных манет часоў Вялікага княства Літоўскага (ХVI стагоддзе), Рэчы Паспалітай, Расіі, а таксама шматлікіх замежных краін. Пры наяўнасці дзвюх манет аднолькавага наміналу работнікі музея пастараліся паказаць прадметы аб’ёмна.

 Папяровыя грашовыя знакі Расіі ХIХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Як вядома, выпуск першых папяровых грошай быў арганізаваны яшчэ ў 1769 годзе пры праўленні Імператрыцы Кацярыны Другой. У 1818 — 1819 гадах у абарачэнне паступілі грашовыя знакі, у афармленні якіх быў выкарыстаны стыль класіцызму з уласцівымі яму дакладнасцю, выразнасцю, строгай кампазіцыяй, завершанасцю малюнка. З 50-ых гадоў ХIХ стагоддзя ў афармленні крэдытных білетаў вызначаўся стыль, пранікнуты рамантычнай афарбоўкай і гістарызмам. На папяровых грашовых знаках упершыню пачалі з’яўляцца дэталі архітэктурных пабудоў, парадныя партрэты рускіх цароў і імператараў. 3 мая 1895 года ўстановамі дзяржбанка Расіі было дазволена купляць і прадаваць залатую манету крэдытнымі білетамі. Такі размен быў спынены з 27 ліпеня 1914 года ў час Першай сусветнай вайны. Змешчана тут і калекцыя народнага адзення.

Ілья ЯНУШ, краязнавец.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.