Летні расклад

Лета не за гарамі. Аб планах адпачынку, аздараўлення дзяцей і падлеткаў распавядае Галіна Гарбёнак, метадыст аддзела адукацыі райвыканкама, якая курыруе гэтыя пытанні.

— Галіна Уладзіміраўна, ці ёсць сёлета нешта новае ў арганізацыі летняга адпачынку школьнікаў?

 — Ёсць і новае, але пачнем, бадай, з традыцыйных формаў. Найперш гэта арганізацыя трохтыднёвых дзённых аздараўленчых летнікаў, якія будуць адкрыты пры большасці навучальных устаноў. У сельскай мясцовасці — пры Баброўскай, Заслонаўскай, Горскай, Домжарыцкай, Старалядненскай, Новавалосавіцкай…

…Поў­свіжскай, Пышнянскай, Стайскай, Старалепельскай, Бароўскай, Слабадской і Каменскай школах, у горадзе — на базе ўсіх школ і гімназіі імя І. Ерашова, а таксама Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

 — На якую колькасць вучняў разлічаны гэтыя летнікі і калі яны пачнуць працу?

 — Колькасць у кожнай навучальнай установе розная, у залежнасці ад таго, колькі дзяцей у школе і колькі выкажа жаданне. Самыя вялікія летнікі, па восемдзесят чалавек, плануецца адкрыць у гімназіі і Заслонаўскай сярэдняй школе. Самыя маленькія будуць у Новых Валосавічах (пятнаццаць чалавек) і карэкцыйным цэнтры (дзесяць). Усяго ж такой формай адпачынку плануецца ахапіць 620 дзяцей. Летнікі пачнуць працаваць ужо з трэцяга чэрвеня.

 — Ці будуць працаваць кругласутачныя летнікі?

 — Будуць. У Бароўцы і Матырыне. Бароўка плануе прыняць дзве змены, па сто дваццаць чалавек кожная. Першая пачнецца 16 чэрвеня і скончыцца 3 ліпеня. А праз чатыры дні бу­дзе заезд другой, якая працягнецца да 24 ліпеня. У Матырыне ў кругласутачным летніку плануецца арганізаваць адну змену, на якой адпачне 115 дзяцей. Усяго кругласутачнай формай адпачынку будзе ахоплена 355 чалавек.

 — А колькі каштуе адзін дзень знаходжання ў такім летніку?

 — Восемдзесят шэсць тысяч рублёў. Такім чынам, у цэлым знаходжанне аднаго чалавека будзе каштаваць 1 мільён 566 тысяч, 900 тысяч кампенсуе дзяржава. Астатнія 666 тысяч мусяць заплаціць бацькі. Гэта нямнога, калі ўлічыць, што дзіця будзе амаль месяц пад доглядам, пры пэўным занятку, бу­дзе атрымліваць паўнацэннае каларыйнае вітамінізаванае харчаванне?

 — Ці плануецца арганізацыя профільных аздараўленчых летнікаў?

 — Профільны будзе арганізаваны ў горадзе ў жніўні на базе раённага цэнтра дзяцей і моладзі, разлічаны ён на дваццаць чалавек. Акрамя таго, у Бароўцы ў пачатку чэрвеня пачне працаваць вучэбна-аздараўленчы летнік “Патрыёт”, дзе будуць праходзіць дапрызыўную падрыхтоўку і адпачываць трыццаць старшакласнікаў школ раёна.

 — Дзе змогуць адпачыць дзеці з так званых праблемных сем’яў і праблемныя падлеткі?

 — Па-першае, яны будуць актыўна задзейнічаны ва ўсіх формах адпачынку, як дзённай, так і кругласутачнай. Акрамя таго, у бароўскім летніку традыцыйна арганізоўваецца ваенна-патрыятычны атрад.

 — Чым будуць займацца дзеці ў летніках — толькі адпачываць ці і працаваць?

 — Сёлета ўпершыню на базе чатырох школ — у СШ №3 і СШ №4, а таксама ў Заслонаве і Слабадзе — адкрыюцца летнікі працы і адпачынку. Гэта і ёсць той новы элемент у сёлетнім летнім аздараўленні дзяцей. У Заслонаве ЛПА будзе працаваць кругласутачна на працягу дзевяці дзён, разлічаны на пятнаццаць чалавек. У астатніх школах гэта будуць трохтыднёвыя працоўныя летнікі дзённага знаходжання, разлічаныя на дзесяць чалавек. Форма адпачынку новая, наколькі яна сябе апраўдае, пакажа час.

 Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.