Моўная палітра: Старалядненская СШ

Усебеларуская дыктоўка
У школе ахвотна падхапілі ініцыятыву правядзення ўсебеларускай дыктоўкі з нагоды юбілею Кастуся Каліноўскага, агучаную нядаўна ў перадачы «Добрай раніцы, Беларусь» на тэлеканале АНТ. Настаўнікі роднай мовы Эльвіра Сазонава і Алена Бабенка распрацавалі некалькі варыянтаў дыктоўкі «Яська – гаспадар з-пад Вільні» для вучняў розных узростаў. Пісалі дыктант усе вучні.

Майстар-клас
Вучні актыўна ладзяць штогод разам з настаўнікамі шэраг абрадавых святаў народнага календара – калядкі, масленіцу, вялікдзень і інш.

Але з гэтага кола неяк выпалі Грамніцы, альбо Стрэчанне, цудоўнае светлае свята, калі зіма з вясною сустракаюцца. Ці не таму, што, як ім падаецца, мала пра яго ведаюць. Вось і вырашылі амаль усёй школаю – з трэцяга па восьмы клас — адправіцца з экскурсіяй у раённы краязнаўчы музей, каб «павучыцца Грамніцам». Своеасаблівы майстар-клас па правядзенні гэтага свята арганізавала дырэктар музея Аліна Стэльмах.

Колеры Максіма Багдановіча
Адзінаццацікласніца Марыя Назарава даследуе праект «Неметрычныя адзінкі вымярэння ў творах беларускіх пісьменнікаў». Дзесяцікласніца Хрысціна Панкевіч зацікавілася паходжаннем прозвішчаў вучняў і настаўнікаў школы, звярнулася да інтэрнэту, выкарыстоўвае ў даследчай працы мясцовы матэрыял. Летась дзяўчынка даследавала «Каляровую палітру твораў Максіма Багдановіча», дзеля чаго «пералапаціла» 267 вершаў паэта. Аказалася, на першым месцы ў Багдановіча зусім не каларонімы сіняга колеру «цвятка Радзімы васілька», а максонімы (словы, што абазначаюць адценні). І адценні гэтыя – срэбра і золата.

Казка-Ўказка
Сярод работ удзельнікаў раённага этапу абласнога агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Небяспека вачыма дзяцей» апынуўся неардынарны твор пяцікласніка Івана Валевіча — яскравы прыклад выкарыстання нацыянальна-фальклорнага элемента. Гэта «Казка-ўказка» па правілах бяспекі паводзінаў, калі застаешся дома адзін, без бацькоў. Героі казкі — звяркі: каток-пяюн, сабака-брахун, пеўнік-вартаўнік і лісічка-хітрычка, якая, насуперак усім казачным традыцыям, раптам апынулася ў небяспечным становішчы. Звяркі ёй, вядома ж, дапамаглі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.