Навялі парадак разам

Калектывы арганізацый, прадпрыемстваў нашага раёна прынялі актыўны ўдзел у абласным суботніку. З дзевяці гадзін раніцы на вуліцах горада рупліва працавалі лепяльчане — зграбалі старое лісце, убіралі смецце. Уздоўж будынкаў гарадскіх устаноў былі наведзены належныя парадак і чысціня.
Праходзячы па вуліцы Калініна, заўважыла, як зладжана працуюць работнікі прыватнага гандлёвага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Белпрамгандалькам”.

З раніцы выйшлі пашчыраваць на суботніку заснавальнік установы Яўген Пацэй, дырэктар Соф’я Пацэй, галоўны бухгалтар Таццяна Баранава, прадаўцы Наталля Рублеўская, Святлана Аўсянік і вадзіцель Алег Рублеўскі.
— Любая работа пойдзе на лад, калі яе выконваць разам і дружна, — адзначае Яўген Фёдаравіч. — За справу калектыў заўсёды бярэцца ахвотна.
Як адзначыла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Святлана Палячэнка, у суботніку ў нашым раёне прынялі ўдзел чатыры з паловай тысячы чалавек. У адпаведнасці з распараджэннямі аблвыканкама, райвыканкама, грашовыя сродкі, заробленыя на суботніку, накіраваны на мадэрнізацыю вытворчасці, паляпшэнне ўмоў працы і быту работнікаў прадпрыемстваў. У час правядзення суботніка выпушчана прамысловай прадукцыі на суму два мільярды 410 мільёнаў рублёў, падрадных работ выканана на 130 мільёнаў рублёў.
С. МАКСІМАВА.
На здымку: шпарка ідзе праца ў работнікаў прыватнага прадпрыемства “Белпрамгандалькам”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.