Надзейны рэзерв на замяшчэнне пасад

Пераход краіны да сацыяльна-эканамічнага ўстойлівага інавацыйнага развіцця прад’яўляе павышаныя патрабаванні да кадравага корпуса і абумоўлівае неабходнасць узмацнення дзяржаўнага ўздзеяння на працэсы фарміравання і рэалізацыю кіраўніцкага кадравага патэнцыялу. Зацверджаны кадравы рэестр старшыні раённага выканаўчага камітэта. Па спектру гэтых пытанняў гутарым з начальнікам аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Васілём Палонскім.


— Рэестрам вызначана, — падкрэсліў Васіль Іванавіч, — што пасады кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый раёна ўключаюцца ў кадравы рэестр упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, кіраўнікоў сярэдніх, базавых, пачатковых і дашкольных устаноў адукацыі, цэнтра дзяцей і моладзі, цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, дзіцячага сацыяльнага прытулку — начальніка аддзела адукацыі, пасады кіраўнікоў школ мастацтваў, раённага і сельскіх дамоў культуры, Лепельскай сеткі бібліятэк, дома рамёстваў і ўстановы культуры «Лепельскі раённы краязнаўчы музей» — начальніка аддзела культуры, пасады галоўных лекараў сельскіх участковых бальніц, урачэбных амбулаторый, загадчыкаў фельчарска-акушэрскіх пунктаў уключаюцца ў рэестр галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя «Лепельская цэнтральная раённая бальніца», дырэктара дзяржаўнай установы сацыяльнага абслугоўвання «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна» — у рэестр начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
— Як вядома, парадак руху кадравага корпуса абумоўлівае спецыяльная інструкцыя…
— Так, інструкцыя вызначае парадак прызначэння (вызвалення), ўзгаднення прызначэння (вызвалення) на пасады асоб, уключаных у кадравы рэестр старшыні райвыканкама, усталёўвае адзіныя патрабаванні да фарміравання даных аб кіруючых кадрах перад прызначэннем, парадак вядзення, захоўвання і выкарыстання іх асабістых спраў, рэгулюе пытанні заключэння, падаўжэння, спынення тэрміну дзеяння кантрактаў з імі. У мэтах удасканалення сістэмы работы з рэзервам кадраў, эфектыўнага выкарыстання кадравага патэнцыялу зацверджана Палажэнне аб парадку фарміравання і арганізацыі работы з рэзервам кіруючых кадраў.
Апрача ўсяго, інструкцыя ўстанаўлівае парадак фарміравання, падрыхтоўкі, выкарыстання і абнаўлення рэзерву кадраў для замяшчэння кіруючых пасад.
— Такім чынам, рэзерв кіруючых кадраў уяўляе сабой спецыяльна сфарміраваную на падставе індывідуальнага адбору і комплекснай ацэнкі групу перспектыўных работнікаў, здольных па сваіх прафесійна-дзелавых і маральна-псіхалагічных якасцях узначаліць той ці іншы калектыў.
— Так. Фарміраванне рэзерву кадраў ажыццяўляецца аддзелам арганізацыйна-кадравай работы, упраўленнямі і аддзеламі райвыканкама, дзяржаўнымі арганізацыямі. Штогод да 1 лістапада ў аддзел ўносяцца прапановы аб вылучэнні кандыдатаў у рэзерв, а да 1 снежня рэзерв пераглядаецца і абнаўляецца.
— Васіль Іванавіч, мы пераважна крануліся, так бы мовіць, тэарэтычнай часткі пытання, а зараз давайце канкрэтызуем сказанае.
— У цяперашні час у рэзерве кіруючых кадраў райвыканкама уключана 114 кандыдатаў на 71 пасаду. Усе кандыдаты маюць вышэйшую адукацыю, трое — другую вышэйшую, сем — прайшлі перападрыхтоўку ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, 16 чалавек павышалі кваліфікацыю на абласным і рэспубліканскім узроўні, 32 — часова выконвалі абавязкі кіраўніка арганізацыі, структурнага падраздзялення. Сярэдні ўзрост кандыдатаў — 40 гадоў.
Сфарміравана і спецыяльная група рэзерву з перспектыўных кіраўнікоў і спецыялістаў, якія маюць вопыт кіруючай работы і здольныя па сваіх дзелавых і асобасных якасцях да замяшчэння адказных кіруючых пасад.
У перспектыўны рэзерв уключаны 21 чалавек ва ўзросце да 31 года.
— Мне, як члену раённага выканаўчага камітэта, яскрава бачна мэтанакіраваня работа раённай вертыкалі па стварэнню надзейнага і дзейснага кадравага корпуса. І як правіла, такія вылучэнцы добра сябе праяўляюць на новай пасадзе. Для большай пераканальнасці, Васіль Іванавіч, назавіце, калі ласка, хаця б некалькі прозвішчаў рэзервістаў.
— У адным інтэрв’ю, па любому, немагчыма пералічыць усіх. Назаву некалькі кандыдатур. С. А. Андрэйчык, эканаміст ААТ “Лепельскі МКК” і В. Г. Кавалёва, начальнік участка бытавых паслуг КУВП «Бароўка», у цяперашні час навучаюцца ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па праграме дыстанцыйнага навучання. Д. У. Веракша атрымлівае другую вышэйшую адукацыю ў Полацкім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці эканаміст-менеджар С. В. Баханкевіч з першага лістапада 2012 г. працуе дырэктарам ААТ «Ладасна». Пяць чалавек павышалі кваліфікацыю на курсах павышэння кваліфікацыі рознага ўзроўню. У перыяд 2011 і 2012 г. на прадпрыемствах і ў арганізацыях змянілася 12 кіраўнікоў. Усе кіраўнікі прызначаліся з рэзерва кадраў.
Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама прыняты ўсе неабходныя лакальныя нарматыўныя акты, якія рэгламентуюць работу з рэзервам кадраў. Зацверджаны рэестр, парадак прызначэння на пасады, інструкцыя аб стажыроўцы. Рэзерв сфарміраваны з 12 чалавек на восем пасад.
У аддзеле адукацыі таксама створаны рэзерв на пасады галоўнага бухгалтара, дырэктараў школ і пазашкольных устаноў, загадчыкаў дзіцячых дашкольных устаноў, спецыяльная група рэзерву, а таксама перспектыўная група рэзерву. За два апошнія прызначаны тры новыя кіраўнікі з рэзерву кадраў.
Ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама рэзерв кадраў сфарміраваны на ўсіх кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый, а таксама кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў упраўлення. Усяго ў рэзерве 72 чалавекі.
Належным чынам арганізавана работа з рэзервам кадраў у КУВП «Бароўка» і ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат», «ДБУ-34» ААТ «ДСТ-1, г. Віцебск».
— Вопыт павінен дзейсна, з максімальнай эфектыўнасцю працаваць. І ён працуе. Аднак і праблем хапае…
— Кадравае пытанне заўсёды ў цэнтры ўвагі ўлады. Дэталёвае вывучэнне сітуацыі засведчыла, што часам важны напрамак дзейнасці ў арганізацыях зафармалізаваны. Рэзервістаў накіроўваюць на курсы павышэння кваліфікацыі па займаемых пасадах, а вось на час адсутнасці службовай асобы (адпачынак, хвароба) будучыя вылучэнцы, за выключэннем выпадкаў, калі рэзервіст з’яўляецца намеснікам, да выканання новых абавязкаў не прыцягваюцца. Індывідуальныя планы падрыхтоўкі не заўсёды выконваюцца.
Арганізацыям з мэтай павышэння эфектыўнасці выкарыстання рэзерву кадраў пры яго фарміраванні неабходна мэтанакіравана падбіраць кандыдатаў на пасады, якія займаюць асобы пенсійнага і перадпенсійнага ўзростаў, работнікі з нездавальняючымі вынікамі практычнай дзейнасці. Падбор вылучэнцаў неабходна ажыццяўляць з улікам рэальнай неабходнасці руху кадраў у кароткатэрміновай перспектыве, улічваць выніковасць іх работы на займаемай пасадзе, наяўнасць высокіх прафесійна-дзелавых і маральна-псіхалагічных якасцяў.
Інтэрв’ю правёў
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.