Надзённыя праблемы гараджан

Пасля выступлення ўдзельнікаў інфармацыйна-прапагандысцкай групы прысутныя атрымалі магчымасць звярнуцца да прадстаўнікоў служб з хвалюючымі пытаннямі. Першае з іх датычылася работы жыллёва-камунальнай службы:

 — Чаму не прадугледжаны скідкі на камунальныя паслугі для інвалідаў?

 Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КУВП ЖКГ “Лепель” Мікалай Палтавец адказаў, што сістэма скідак у рабоце жыллёва-камунальнай службы не прадугледжана, ёсць толькі бясплатныя і платныя віды паслуг.

 — Чаму аплату паслуг пэўнага спецыялі­ста жыллёва-камунальнай службы нельга зрабіць на месцы, а трэба ісці ў разлікова-касавы цэнтр або аддзяленне банка?

 — Работнік, які ажыццявіў пэўны від паслуг, не мае права браць аплату на месцы, паколькі гэта не адпавядае нарматыўна-прававой базе.

 — Якая перыядычнасць рамонту пад’ездаў жылых дамоў?

 — Па меры неабходнасці, калі вокны, дзверы патрабуюць абавязковага рамонту, а сцены, лесвічныя пляцоўкі знахо­дзяцца ў непрывабным стане. Кватэраздымшчыкі павінны сачыць за належным парадкам у пад’ездах.

 — У вельмі непрывабным стане знахо­дзіцца першы пад’езд дома №12 па вуліцы Мінская. На які час запланаваны яго рамонт?

 — Пытанне будзе разгледжана.

 — У пад’ездзе дома па вуліцы Ленінская, 5 была заменена дзвярная каробка, аднак з-пад яе да цяперашняга часу тырчыць пакулле, якое псуе агульны выгляд.

 — Недахоп будзе ліквідаваны.

 — У свой час быў праведзены капітальны рамонт дома №40 па вуліцы Інтэрнацыянальная. Затым у двары дома быў заменены трубаправод, а тэрыторыя не прыведзена ў парадак.

 — Пытанне ўзята на кантроль.

 — У двары дома №81 па вуліцы Калініна калісьці пачалі замену бардзюраў, але работу не завяршылі.

 — Замена бардзюраў прадоўжыцца сёлета.

 — Уздоўж дамоў па вуліцах Інтэрнацыянальная, 40, 41а пачалася пракладка тратуараў, аднак работа не закончана, далей жа па-ранейшаму стаяць дыры…

 Чаму ля дамоў не прадугледжаны месцы для паркоўкі аўтамабіляў, дзіцячыя пляцоўкі?

 — Як толькі ўстановіцца добрае надвор’е, пракладка тратуараў будзе працягвацца. Стварэнне месцаў для паркоўкі аўтамабіляў, абуладкаванне дзіцячых пляцовак паступова будзе ажыццяўляцца.

 — На гарадскіх вуліцах нямала ба­дзяжных сабак, якія нярэдка нападаюць на прахожых. Якія меры прымаюцца работнікамі для вырашэння праблемы?

 — Распрацаваны графік адлову бадзяжных сабак, і ў хуткім часе пытанне будзе вырашана.

 — Ля інтэрната ДКУБП “Лепельская ПМК-75” не задзейнічана значная тэрыторыя. Чаму б там не арганізаваць аўтама­більную стаянку?

 — Пытанне ўзята на кантроль.

 — З надыходам вясны, калі пачынае таяць снег, узнікаюць вялікія праблемы ў жыхароў нізінных вуліц. Затапляе двары дамоў па вуліцах Лясная, Эсенская, 2-ая Сянная, Партызанская. Чаму нельга зрабіць сцёк талых вод?

 — З раённага бюджэту кожны год вы­дзяляецца пэўная сума грошай на добраўпарадкаванне горада, таму ўсе неабходныя работы ажыццяўляюцца, зыхо­дзячы з наяўнасці сродкаў.

 — Калі будзе добраўпарадкаваны ўчастак тэрыторыі паміж будынкамі аддзялення №211/63 Цэнтра банкаўскіх паслуг і сярэдняй школы №3, ля плошчы Свабоды?

 — У бліжэйшы час плануецца зрабіць утульнае месца для адпачынку гара­джан: будзе пакла­дзена тратуарная плітка, устаноўлены лаўкі і ліхтары.

 — Кошт тавараў, у прыватнасці, адзення ў магазіне “Універмаг” заўсёды даволі высокі. Чаму не прадугледжаны скідкі на касцюмы, якія знаходзяцца ў продажы працяглы час?

 Адказала галоўны эканаміст Лепельскага райспажыўтаварыства Тамара Дуж:

 — Адзенне паступае ў продаж, як пра­віла, да пэўнага сезона, таму раскупляецца своечасова. Пры магчымасці перыядычна выкарыстоўваецца сістэма скідак.

 — Якасць прадукцыі хлебазавода не задавальняе спажыўцоў. Чаму нельга арганізаваць продаж хлеба-булачных вырабаў з суседніх гарадоў, сталіцы?

 — Пытанне будзе абмеркавана адміністрацыяй Лепельскага райспажыўтаварыства.

 — Чаму настолькі ўзраслі цэны на прадукцыю ААТ “Лепельскі МКК”? Біяла­гічныя, ёдавыя дабаўкі, якія выкарыстоў­ваюцца пры выпуску малочнай прадукцыі, задавальняюць не ўсіх пакупнікоў.

 — Пытанне адрасуецца адміністрацыі ААТ “Лепельскі МКК”.

 — У магазінах, якія размешчаны ў цэнтральнай частцы горада, вечарам не заўсёды належны асартымент малочнай прадукцыі.

 — Прадаўцам гандлёвых прадпрыемстваў, размешчаных у цэнтры, вельмі цяжка спрагназаваць колькасць патрэбнай прадукцыі, паколькі іх наведваюць не толькі мясцовыя, а і прыезджыя пакупнікі.

 — Чаму б у Лепелі не адкрыць магазін “Еўраопт”, дзе цэны на тавары значна ніжэйшыя?

 — Будаўніцтвам магазіна “Еўраопт” плануе заняцца індывідуальны прадпрымальнік Юрый Мацеша.

 — Чаму ў Лепелі няма дзіцячага кафэ?

 — Кафэ “На Месяцы” днём могуць наведаць дзеці з бацькамі. Для юных наведвальнікаў — вялікі выбар ласункаў.

 — На гарадскім пляжы ўлетку заўсёды збіраецца вялікая колькасць адпачывальнікаў. Даўно наспела неабходнасць адкрыцця гандлёвай кропкі, дзе можна было б набыць ахаладжальныя напоі, кулінарныя вырабы. Выязнога ралета на гарадскім пляжы недастаткова.

 — Пытанне будзе разгледжана адміністрацыяй райспажыўтаварыства.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.