На сакрэтным заводзе Гітлера

У мяне, як у кожнага, было два дзяды: па маці і па бацьку. Як ва ўсіх… Але ніводнага з іх я, на жаль, ніколі не бачыў: абодва зніклі ў свінцовай ваеннай віхуры.
Дзед Лука Шушкевіч знік у самым канцы акупацыі. Нейкі рок вісеў над яго лёсам: вось-вось прыйдуць нашы, а яго адводзілі ўглыб фашысцкага рэйха. У красавіку 44-га пачаўся шлях яго гвалтоўных тулянняў, калі ён пад рулямі аўтаматаў быў сагнаны з роднай вёскі ў невядомым кірунку. Пра што толькі не перадумала мая бабуля Лідзія Піліпаўна, бядуючы па мужу. Усё спадзявалася, што ён жывы: “а раптам…?» І кожны дзень малілася…

Эх-ма! Да чаго ж мы бяспраўныя ў сваіх надзеях. А ў чужых — тым болей! Толькі пасля яе смерці мне ўдалося прыадчыніць таямніцу знікнення Лукі.
Тады, у 44-м, немцы рыхтаваліся да ўпартай абароны па берагах Бярэзіны і «зачышчалі» партызанскую зону, ловячы ўсіх, хто мог аказаць хоць нейкі супраціў. З Верабак, дзе жыў Лука, забралі многіх. Некаторыя вярнуліся, былі вызваленыя альбо Чырвонай Арміяй, альбо саюзнымі войскамі. А мой дзед згінуў. Дзе ён здабыў свой апошні прытулак? Як пра гэта даведацца? Распытаць тых, хто гэтак жа, як і ён, быў арыштаваны, я ўжо не мог — яны памерлі. І тады прыйшла думка, што вернутыя аднавяскоўцы, напэўна, праходзілі фільтраванне, праверку савецкімі спецслужбамі — на добранадзейнасць. І, напэўна, у пратаколах допытаў засталіся нейкія пазнакі.
І я скіраваўся ў Віцебскі абласны архіў КДБ Беларусі — раптам там знойдуцца сляды… Мне пашанцавала. Сапраўды, на дваіх верабцаў былі заведзеныя следчыя справы. Апісваючы сваё знаходжанне на чужыне, яны ўзгадвалі аўстрыйскі горад Лінц. Гэта была зачэпка.
Завязалася доўгая перапіска з рэспубліканскім Чырвоным крыжам і Міжнароднай службай пошуку “Бад-Арользен”. Адказалі: чакайце.
Чакаў некалькі гадоў. Аднойчы паштальён прынёс ліст і перадаў асабіста ў рукі: то была інфармацыя на нямецкай мове. Па прозвішчы адразу зразумеў: гаворка ішла пра мой запыт.
Была гэта сумная вестка: Лука Шушкевіч загінуў 27 лютага 1945 года ў самым страшным канцэнтрацыйным лагеры фашысцкага рэйха — Маўтхаўзене, а дакладней, у самым жорсткім яго філіяле — Гузене. На аўстрыйскай зямлі. Сэрца сціснулася ў мяне. Як жа так: цэнтр Еўропы, добраўпарадкаваная краіна, цывілізаваны свет — і велізарная фабрыка смерці з дымлівымі крэматорыямі. Чаму? Я вырашыў цвёрда: аднойчы паеду туды, пагляджу, якое жыццё там, адшукаю месца гібелі дзеда, аддам яму даніну памяці і прывязу на яго радзіму, на магілу бабулі, жменю паглынуўшай яго зямлі.
З перапіскі з прадстаўнікамі Расійскага таварыства былых вязняў даведаўся, што кожны год у Маўтхаўзене ў траўні праводзіцца Дзень памяці. Сёлета былі вызначаны 12 — 13 мая.
Выпадкова зайшоў на сайт латвійскай авіякампаніі Air Baltik і наткнуўся на распродаж танных авіябілетаў у Вену — сталіцу Аўстрыі. Выходзіла, што больш выгадна ляцець самалётам…
Першы дзень
На досвітку 12 мая я быў у венскім аэрапорце Швехат. Аўтобус за 6 еўра (40 хвілін да цэнтра, адыходзіў праз кожныя паўгадзіны) даставіў на плошчу Шведэнплац. Агледзеўся, прыкінуў маршрут па гарадскіх вуліцах і рушыў да Вестбанхофу — Заходняга чыгуначнага вакзала, адкуль адыходзяць цягнікі на Лінц.
Турбавала адно: дрэннае веданне нямецкай мовы. Як знайсці цягнік і набыць білет?
Падымаючыся па ўсходах вакзала, пачуў сярод натоўпу рускую гамонку. Дзве дзяўчыны спяшаліся на вакзал. Павітаўся. Адна з іх, Алена, сказала, што жыве ў Зальцбургу і працуе ў медыцынскай галіне, другая, яе сяброўка, прыляцела з Масквы, каб паглядзець горад.
— Хадзем з намі, — сказала Алена. — Дапаможам купіць білет і распавядзём, як дабрацца…
Вось і рашэнне. Алена торкнула тройчы пальцам у аўтамат, той пстрыкнуў, прымаючы грошы, і выдаў праязны і рэшту. Табло высвеціла — цягнік будзе пададзены праз 10 хвілін.
— Можна не спяшацца, — сказала Алена. — Білет сапраўдны на працягу ўсяго дня.
Мы падышлі да раскладу — я налічыў у кірунку Лінца на працягу сутак 56 рэйсаў.
Трэба было трохі падсілкавацца. Прама пасярод залы ўпарадкаваныя агароджаныя пляцоўкі са столікамі і крэсламі. Зазірнулі ў адзін буфет, другі — кошты жахлівыя.
Цягнік даімчаў да Лінца за няпоўныя дзве гадзіны, хоць адлегласць — 190 кіламетраў. Аўстрыйскія цягнікі не толькі хуткія, але і зручныя, маюць па чатыры віды вагонаў. Ехаць — адно задавальненне: мяккія прасторныя крэслы, люстэрка над паліцамі для ручной паклажы, рухомыя ўверх-уніз па вышыні цела падгалоўнікі, столікі, нябачны і толькі далонню адчувальны кандыцыянер пад аконным шклом. Усё прадумана да драбніц, але ўваходзіць у кошт білета.
…У Лінцы церусіў дожджык, а мне трэба было знайсці вуліцу, на якой размяшчаўся гатэль. Карта тут жа намокла, а з парасонам у руцэ ёю карыстацца было няпроста. Але я ведаў, што дзед, нябачны дзед, апякаў мяне, дапамагаючы арыентавацца, і я зноў пачуў рускую мову. Скрыжаванне перасякалі маці з дачкой і маленькая дзяўчынка.
— А мы з Дагестана, жывем тут, — распавялі дарослыя пра сябе. І тут жа спынілі мясцовага жыхара, каб спытаць, дзе знаходзіцца мой гатэль.
…Праз пяць хвілін я ўжо запаўняў уліковую картку і атрымліваў магнітны ключ ад уваходу ў гасцініцу. Пакой на другім паверсе быў абстаўлены без шыку, проста, але з прыемнай чысцінёй: бялела ля акна выпрасаваная бялізна і зіхацеў такой жа чысцінёй белы абрус на стале, а вочы прыемна цешыла пышная жывая ружа.
У 17.00 пачыналася ўрачыстае мерапрыемства ў тым самым філіяле Маўтхаўзена, куды трапіў дзед, а туды яшчэ трэба было дабрацца.
Дарога кідалася то ўверх, то ўніз, то спускалася да прыбярэжнай паласы. Нідзе не бачыў некранутай зямлі — усё апрацавана і засеяна. Праўда, сельгасугоддзяў у прыгарадзе мала, у асноўным тут індывідуальная жылая забудова — спальныя раёны з ахайнымі адна- ці двухпавярховымі дамкамі, пацягнутымі чырвонай чарапіцай. Шмат уздоўж дарогі прыватных будаўнічых кампаній, забеспячэнскіх баз і крамак па продажы будматэрыялаў. Ды і паўсюдна тырчаць у неба стрэлы вежавых кранаў. Але першыя прыкметы знясілення рэсурсаў, здаецца, праяўляюцца — гэта слаба асветленыя гарадскія вуліцы ўначы і адсутнасць у гасцінічным нумары з рукамыйнікам звычайнага мыла.
…Кіроўца тармазнуў на маім прыпынку, і я выйшаў. «Гузен» апынуўся на левым баку Дуная, у 20-ці кіламетрах на ўсход ад Лінца і ў чатырох — на поўдзень ад галоўнага музейнага комплексу Маўтхаўзена.
Мемарыял невялікі, заціснуты шчыльнай прыватнай забудовай: складаецца з пляцоўкі, засыпанай тоўстым пластом шэрага друзу, і драўлянага падстрэшка для мітынгаў, вузкага бетоннага праходу ў музей, дзе выстаўлена бедная, але найбольш істотная экспазіцыя былога крэматорыя.
Шукаў расійскую дэлегацыю. Страціўшы надзею знайсці сваіх, падышоў да паляка — былога вязня канцлагера. Ён ахвотна адказваў на пытанні і распавядаў аб знаходжанні ў зняволенні. «Білі немцы?» — задаў я некалькі правакацыйнае пытанне. Пётр Кава, так звалі паляка, здзіўлена паглядзеў на мяне і з сарказмам адказаў: “Не, гладзілі па руках…»
У гэты час у крэматорыі праходзіла набажэнства. Памяшканне не ўмяшчала ўсіх, людзі стаялі на вуліцы і слухалі. Я з цяжкасцю пралез унутр. Сцены крэматорыя былі абвешаны партрэтамі загінулых тут людзей — усіх узростаў і ўсіх нацыянальнасцяў, на розных мовах свету. Самы страшны з усіх фашысцкіх лагераў, пачуў я, быў Гузен. «Пекла ў пекле» называлі яго зняволеныя.
Пачаў хвалявацца, што нічога новага не пазнаю. І рашуча накіраваўся да вядучай: “Тут ёсць рускамоўныя?” Яна паказала на лаву, дзе сядзелі ў паласатых робах былыя вязні: “Там хтосьці з Беларусі”. Я праціснуўся да лаўкі: “Хто з Беларусі?” Адзін мужчына адгукнуўся, але паправіў мяне: «з Украіны, Булькач Раман Мітрафанавіч». У яго 2 наколкі: два нумары — 1880 (Маўтхаўзен) і 47531 (Гузен). Ён жыў у вёсцы Трытузном Днепрапятроўскай вобласці, заканчваў 10-ы клас, калі прыйшлі немцы. У 42-м у вёсцы быў забіты нямецкі афіцэр, у адплату Рамана ў ліку іншых закладнікаў арыштавалі і павезлі ў канцлагер Нюрнберг. Працаваў на фабрыцы па вырабе метчыкаў для наразання разьбы. Аднойчы наляцелі амерыканскія самалёты і разбамбілі лагер. Раман на пару з французам уцяклі. Дабраліся да мяжы Францыі, але там зноў патрапілі ў лапы гестапа: пабоі, вяртанне ў Гузен.
— Вунь там стаяў рускі барак №15, — паказаў Раман у бок жылой забудовы. — Нас прымушалі секчы гранітны камень, потым — будаваць падземныя галерэі. Антысанітарыя, здзекі крымінальнікаў-капа — ворагу не пажадаеш. 5 мая вызвалілі амерыканцы. Мы прысягнулі адзін другому змагацца ў сваіх краінах супраць фашызму да канца свайго жыцця.
Раман вельмі хваляваўся, падышоў кіраўнік дэлегацыі і сказаў, што яму пара адпачываць, бо заўтра самае важнае цэнтральнае мерапрыемства, у Маўтхаўзене.
— Прыязджайце туды, там больш чаго даведаецеся, — сказаў ён, звяртаючыся да мяне.
Я зазбіраўся назад у Лінц. Гасцей везлі чартэрныя рэйсы, а я стаяў самотна на прыпынку чакання маршрутнага аўтобуса, і ў галаву лезлі думкі пра дзеда Шушкевіча.
Сустрэча ў Санкт-Георге
«Чаму? Чаму захопнікі самавольна распарадзіліся яго лёсам? Навошта перавярнулі жыццё, як пласт узаранай зямлі? Каму ён зрабіў дрэнна? Жыў у вёсцы, далей раённага цэнтра нікуды не выязджаў, араў зямлю, цяслярыў. Быў адмысловым сталяром: на звычайным драўляным варштаце вырабляў дзіўныя рэчы — да гэтага часу ў хаце стаяць вырабленыя яго рукамі шафкі, крэслы, канапа. Ажаніўшыся, гадаваў дзяцей: іх было пяцёра, самы малодшы з’явіўся на свет літаральна ў першыя дні вайны. У лесе не хаваўся, не страляў ні ў сваіх, ні ў чужых. І ўсё роўна не пазбег лёсу ахвяры… Хто штурхнуў яго ў гэтую ахвярную каманду?
Напэўна, народы, як і людзі, вельмі розныя. Адны жывуць, атрымліваючы асалоду ад таго, што робяць сваімі рукамі, не залазячы ў чужыя «агароды», не замінаючы жыць іншым. А ёсць такія, якія жывуць за кошт іншых. Іх таксама цікавіць росквіт, але толькі ўласнага дабрабыту. Яны гатовыя адабраць у іншых назапашанае і створанае, а навакольных разглядаюць як крыніцу для ўзбагачэння».
Дзед, мой дзед, колькі ж табе прыйшлося перажыць!
Мае думкі адцягнуў ярка-аранжавы выгляд дзяўчат у касцюмах, ішлі міма прыпынку. Гэта былі апошнія насельнікі мемарыяла — санітарныя работнікі. Іх знаходжанне на масавых мерапрыемствах — абавязковае. Спыніў санітарак, каб растлумачыць сітуацыю з маім аўтобусам. Зірнуўшы ў расклад, дзяўчаты нявесела развялі рукамі: «Сёння выхадны, і рэйсы скарочаныя». Я спытаўся, дзе бліжэйшая чыгуначная станцыя? Паказалі ў бок Санкт-Георге.
Дождж не пераставаў, а я не ведаў, што рабіць. Зноў узгадаў дзеда. Хіба мае нязручнасці параўнальныя з яго бядой? Сястра Лукі, баба Зося, якая знаходзілася з ім у першым канцлагеры, Асвенцыме, распавядала, што Лука вельмі тужыў па сям’і, выменьваў хлебную пайку на цыгарэты, шмат паліў. Асвенцым ён вытрымаў. Але чаму яго, немаладога, 48 гадоў, пагналі далей — на захад, у Аўстрыю, у Маўтхаўзен?
Калі Чырвоная армія падышла да польскага Аўшвіца (Асвенцыма), яго 24 ліпеня 44-га этапавалі далей у складзе 1000 зняволеных. Чаму? Каб знішчыць? Але Лука не быў бандытам, партызанам, не быў габрэем і камуністам. Дык навошта?
Станцыя Санкт-Георге і была тым месцам, дзе мой дзед заканчваў свой жыццёвы шлях. Строгая нямецкая пунктуальнасць фіксавала ўсе перамяшчэнні зняволеных, і на фашысцкім дакуменце (з тых, што мне даслалі з “Бад-Арользена”) я ўбачыў за подпісам каменданта лагера Гузен-II, нейкага гаўптштурмфюрэра СС (прозвішча не разабраць) справаздачу аб памерлых 27 лютага 1945 года. Там было 49 чалавек, і сярод іх — мой дзед. Ён памёр на світанні. У пяць раніцы. Ад знясілення і сардэчнай недастатковасці…
У мяне не было іншага выйсця, як ісці на тую станцыю. Здавалася, лёс штурхаў мяне прайсціся туды. Нягледзячы на дождж. Ці то былі слёзы загінулых тут людзей, майго дзеда? Можа, ён клікаў прайсціся гэтай, сваёй апошняй дарогай: ад месца смерці — да крэматорыя, дзе спалілі яго прах? Прайсціся, каб прачуць павароты лёсу, параўнаць мінулае з гэтым? Нешта незразумелае клікала мяне туды.
І я пайшоў да станцыі. Уздоўж шашы, па лужынах, пад шатамі завіслых шэрых гранітных скал. Яны чымсьці нагадвалі эсэсаўскія мундзіры. Ішоў і думаў: “Тады, у красавіку 44-га, немцы вывозілі ў рэйх усё, што яшчэ магло спатрэбіцца ў іх жыцці. Спецыяльна пабудавалі вузкакалейку, якая звязала Лепель з заходняй Беларуссю. Паколькі зямля і засекі за час акупацыі былі выпатрашаныя, то везлі апошняе — людзей, як рабоў, не прад’яўляючы ніякіх абвінавачванняў. У ліку затрыманых у Верабках былі нават падлеткі — мая маці і дзядзька, іншыя аднавяскоўцы… Хто ж распараджаўся іх лёсам?”
Куртка прамокла наскрозь, хацелася адпачыць. За паваротам убачыў АЗС, пры ёй працаваў прадмаг. Увайшоў, стаў у чаргу і тут жа зноў пачуў рускую гаворку — дзве жанчыны абмяркоўвалі тавар.
— Не падкажаце, як мне адсюль выбрацца? — выпаліў я.
Яны здзіўлена паглядзелі на мяне. Я растлумачыў:
— Затрымаліся, вяртаючыся з мемарыялу.
Цяпер яны ўсе зразумелі. Адна з іх тут жа стала апраўдвацца, быццам просячы прабачэння:
— Мы б адвезлі вас у Лінц, я там жыву, але нас чакаюць госці. Дарэчы, мы едзем да сяброўкі, якая таксама была на мерапрыемстве з нагоды Дня памяці. Яе клічуць Іна, яна артыстка, іграе на рускіх інструментах…
Дык вось хто вярэдзіў душы наведвальнікаў мемарыяла!
— О, пераказвайце Іне велізарную падзяку, яна іграла выдатна!
Жанчыны яшчэ раз папрасілі прабачэння і выйшлі да сваёй машыны. Раптам адна з іх, Вольга (Olga Lehner, мастачка), вярнулася:
— Паедзем з намі, пазнаёміцеся, даведаецеся шмат падрабязнасцяў пра Гузен.
Вось што значыць славянская душа! Як жа славяне адрозніваюцца ад іншых сардэчнасцю і шырынёй душы, спагадай у бядзе.
А ў аўстрыйцаў, як у немцаў, усё падпарадкавана парадку, умоўнасцям, выгадзе. Пачуцці быццам скасаваны. Ні кроку направа, ні кроку налева. Едуць людзі маўклівыя — кожны пры сваім: хтосьці вяжа, хтосьці чытае, нехта зубрыць экзаменацыйныя білеты. Нават Дунай з ілюмінатара самалёта глядзіцца застылай шэрай масай, быццам бетонная паласа або гранітная лава. Сталёвая непранікальнасць!
Другі дзень
Наступнай раніцай зноў ішоў да вакзала, каб дабрацца да галоўнага лагера — Маўтхаўзена. Аўтобусы ў гэты дзень наогул туды не хадзілі, давялося браць чыгуначны білет.
Трэба сказаць, што Маўтхаўзен — гэта велізарны кангламерат: як завод або фабрыка са шматлікімі цэхамі, толькі галоўная мэта такога завода была — вытрасці з чалавека бясплатна як мага больш сіл і затым знішчыць, як непатрэбную рэч. 49 такіх цэхаў, якія былі раскіданыя па ўсёй Верхняй Аўстрыі, паглыналі людскія жыцці. Усяго праз Маўтхаўзен прайшло каля 335 тысяч чалавек, памерла больш за 122 тысячы (больш іншых — савецкіх грамадзян).
Маўтхаўзен быў закладзены Гітлерам у жніўні 1938 года. Месца абрана, зыходзячы з малой заселенасці і развітай інфраструктурай. Дапамагалі Гітлеру бізнесмены. Уладальнікам каменяломняў была кампанія DEST, на чале якой знаходзіўся Освальд Поль, адначасова і буйны чын у СС. Граніт з каменяломняў першапачаткова выкарыстоўваўся для брукавання вуліц Вены. Ніхто не падлічваў барышы, атрыманыя кампаніяй DEST ад эксплуатацыі няшчасных людзей.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.