На сушылцы горача

З бункераў камбайнаў на збожжаток збажына паступае з вільготнасцю да 30, а то і да 40 працэнтаў, на склад яно павінна патрапіць з вільготнасцю не больш васьмі – дзесяці працэнтаў, у залежнасці ад культуры і сорту. Выдаленнем залішняй вільготнасці займаюцца работнікі сушыльнай устаноўкі.

Самая простая па канструкцыі і прынцыпе эксплуатацыі сушылка – падлогавая, у народзе яе яшчэ называюць ворах. Дастаткова толькі адзін дзень папрацаваць

на ёй, каб даведацца пра тонкасці, стаць амаль дасведчаным спецыялістам, менавіта таму ў савецкія часы туды для працы набіралі нават падлеткаў.

 Падлогавая сушылка ў КУВСГП “Баброва”, як і ў іншых гаспадарках, уяўляе сабой ангар без адной сцяны, адкуль пад’язджае для загрузкі і разгрузкі тэхніка. Падлога падзелена на пяць клетак, кожная змяшчальнасцю па пяць тон. Такім чынам, адначасова сушылка можа прыняць да 25 тон збожжа. Працэс сушкі доўжыцца ад сутак да трох. Многія чытачы ўсміхнуцца, маўляў, 25 тон за суткі – гэта вельмі нізкая прадукцыйнасць, асабліва калі ўлічыць, што сутачныя намалоты ў гаспадарках вылічваюцца сотнямі тон.

 Падлогавая сушылка – дапаможная да асноўнай, якая і прыме на сябе асноўную масу ўра­джаю. Зараз у “Баброве” на вораху прасушваюць насенне азімага рапсу. З поля паступае рапс з паказчыкам вільготнасці ад 13 да 20 працэнтаў, бывае і вышэй, у залежнасці ад надвор’я. Для захоўвання на складзе гэты паказчык трэба знізіць максімум да 11 працэнтаў.

 Асноўны спосаб — абдзіманне насення цёплым паветрам. Вядома, працэс энергаёмісты, значыць, варта зрабіць аперацыю як мага больш таннай. Асноўны спосаб – выкарыстанне замест дызельнага паліва дроў. Галоўным матэрыялам зараз служаць бярвенні пасля разборкі старых, струхнелых хат, хлявоў і іншых пабудоў. У гэтай працы сельгаспрадпрыемства ўзаемадзейнічае з мясцовым сельсаветам, у якога на ўліку падобныя аб’екты. Дровы выпісваюцца з мясцовага лясніцтва.

 На баброўскім вораху працуюць Віталь Шынкевіч і Андрэй Чабатароў. Віталь — навучэнец дзяржаўнага прафесійнага ліцэя, так што праца на падлогавай сушылцы для яго – выдатная практыка, добрая магчымасць на свае вочы пабачыць, уласнымі рукамі адчуць тое, чаму ў далейшым будуць вучыць у навучальных кабінетах. Андрэй на час жніва памяняў прафесію, да прыходу на ворах працаваў на ферме, даглядаў цялят. Для вяскоўцаў падобныя пераходы – прывычная справа: працаваць там, дзе больш патрэбна.

 Аднак як вызначыць ступень прасушанасці насення? Хіба што на зуб, скажуць некаторыя аматары-жартаўнікі. Аднак тут не да жартаў, як недасушанасць, так і перасушанасць можа дрэнным чынам паўплываць на зерне. Для вызначэння кандыцыі работнікам выдадзены апарат вільгацемер “Фаўна”. Прынцып дзеяння просты: выстаўляеш патрэбны рэжым у залежнасці ад віду правяраемай збажыны: ячмень, пшаніца, рапс і інш. Засыпаеш крыху ў апарат, націскаеш кнопку – праз пяць секунд на табло адлюстроўваецца вынік. У той дзень рапс быў высушаны да дзевяці працэнтаў – аптымальны паказчык. Паведамілі аграному, той пайшоў распараджацца наконт тэхнікі, каб перавезці насенне ў склад.

 Працэс сушкі не спыняецца, як толькі вызвалілася клетка, яе тут жа запаўняюць новай партыяй, пасля вызначанага часу працы заступае новая змена – справа ідзе спрактыкаваным, правераным гадамі канвеерам.

Васіль МАТЫРКА.

На здымку: Віталь Шынкевіч і Андрэй Чабатароў правяраюць вільготнасць насення.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.