Няспраўная печ — прычына пажару

Для таго, каб стварыць камфортныя ўмовы ў кватэрах і дамах, многія ацяпляюць іх пры дапамозе самаробных няспраўных печаў або электранагравальнікаў. У жылых і дачных дамах, дзе ёсць пячное ацяпленне, трэба абавязкова выконваць патрабаванні пажарнай бяспекі як пры ўстройстве печаў, так і ў час іх эксплуатацыі.


Часцей за ўсё пажары адбываюцца з-за перагрэву печаў, з’яўлення ў цагельнай кладцы шчылін з-за прымянення пры распальванні лёгкіх на загаранне і гаручых вадкасцей, выпадзення з топкі або попельніка гарачых вугалёў.
Прычынай з’яўлення шчылін і перагрэву сценак дымавых труб могуць быць гарэнне сажы, якая накапляецца ў дымаходах.
Будаўнічыя нормы і правілы патрабуюць, каб устройства любой печы адпавядала патрабаванням супрацьпажарных норм і правілаў.
Правілы эксплуатацыі печаў вельмі простыя. Трэба падкрэсліць, што найбольш часта пажары адбываюцца, калі печы пакідаюць у час палення без назірання.
У моцныя маразы печы нярэдка топяць працяглы час, у выніку чаго адбываецца перагрэў яе асобных частак. Калі яны будуць датыкацца да драўляных канструкцый будынка, пажар непазбежны.
Так, 25 студзеня бягучага года ў Лепелі, па вуліцы 2-я Чапаева адбыўся пажар у жылым доме. Да месца выкліку прыехалі чатыры пажарныя разлікі, і на працягу паўгадзіны полымя было ліквідавана. У час тушэння пажару асабовым саставам Лепельскага РАНС была аказана дапамога гаспадарам у эвакуацыі матэрыяльных каштоўнасцей. Прычынай пажару сталі шчыліны ў сценках дымахода. Бязлітасным полымем былі знішчаны кроквенная сістэма і дах дома. Урон склаў каля дваццаці мільёнаў рублёў.
У печы нельга сушыць дровы, піламатэрыялы, вешаць для прасушвання бялізну, іншыя гаручыя матэрыялы і, вядома ж, нельга прымяняць пры растопцы печы лёгкія на загаранне і гаручыя вадкасці. Такія выпадкі рэдкія, але яны звычайна прыводзяць да апёкаў і гібелі людзей. Нельга таксама выкідваць непатушаныя вугалі і попел паблізу збудаванняў.
Перад пачаткам ацяпляльнага сезона патрэбна праверыць спраўнасць печы і дымахода, адрамантаваць іх, вычысціць сажу, ліквідаваць шчыліны гліняна-пясочным растворам, пабяліць дымавую трубу на паддашку і вышэй даху. Катэгарычна забараняецца пакідаць малалетніх дзяцей ля печаў, якія топяцца, без нагляду дарослых.
Правілы пажарнай бяспекі не дазваляюць у жылых і дачных дамах самавольна устанаўліваць часовыя печы.
Абавязкова правярайце стан прыбораў ацяплення перад пачаткам ацяпляльнага сезона і на працягу яго, хутка ўхіляйце выяўленыя недахопы. Памятайце, што ваша бяспека, а таксама родных, блізкіх людзей залежыць ад вас саміх.
Аляксандр АЛЕКСАНДРОВІЧ,
інспектар
прапаганды і навучання
Лепельскага РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.