Падарунак творцаў

Лепельшчына, непаўторны блакітнавокі край, захапляе гасцей сваімі жывапіснымі краявідамі. Не дзіўна, што сярод такой прыгажосці жывуць кампазітары і паэты, музыканты і спевакі, артысты і мастакі. Сама прырода дорыць творцам новыя ідэі і натхненне ў мастацтве.
У раённым Доме культуры дзейнічае шэраг творчых калектываў, якім прысвоены званні народных і ўзорных. Кожныя тры гады калектывы пацвярджаюць свае ганаровыя званні. Гэта падзея заўсёды ператвараецца ў яркае і незабыўнае свята. Са сцэны мілагучным лейтматывам льюцца акорды песень, цудоўныя вершы, немагчыма прайсці міма твораў юных мастакоў.

Такое свята адбудзецца і сёлета. У нядзелю, 24 сакавіка жыхары раёна маюць магчымасць у чарговы раз сустрэцца з творчымі калектывамі Лепельшчыны. Так, у 13 гадзін прыхільнікаў мастацтва чакае раённы Дом рамёстваў, дзе пройдзе выстава “Таленты зямлі нашай роднай”, падрыхтавана майстрамі і мастакамі народнага клуба “Скарбонка”.
У 14 гадзін у фае раённага Дома культуры ўрачыста сустрэнуць гасцей юныя ўдзельнікі ўзорнага духавога аркестра Бароўскай дзіцячай школы мастацтваў. Тут жа адбудзецца адкрыццё выставы юных выхаванцаў узорнай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Я хачу намаляваць…”. На танцавальнай пляцоўцы парадуюць сваім выступленнем гледачоў удзельнікі народнага клуба “Ветэран” з праграмай “Ад усей душы вам дорым радасць”, сустрэнуць гасцей самадзейныя артысты народнага фальклорнага клуба “Кругаверць” з праграмай “Клуб запрашае сяброў”. У малой зале раённага Дома культуры РДК пройдзе свята паэзіі і музыкі “Пявучыя струны душы” з удзелам творцаў народнага літаратурна-музычнага клуба “Выток”. Шмат яркіх уражанняў падорыць гледачам канцэрт, які адбудзецца на сцэне раённага Дома культуры ў 15 гадзін. Свае сюрпрызы падрыхтавалі артысты народнага ансамбля жартоўнай песні “Грымзолі”, удзельнікі ўзорных ансамбляў танца “Лілея”, “Зачаравашкі”, ансамбля танца “Затея”, юныя вакалісты народнай эстраднай студыі “Святлана” і іншыя. Выдатны настрой гасцям падорыць выступленне артыстаў тэатра мініяцюр Поўсвіжскага СДК “Кактус как туз” і г.д. Наведайце свята, і няхай сустрэча з мастацтвам стане для вас выдатным падарункам!
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.