Пад адным дахам

 Велеўшчына ляжыць як блін, на роўным пляцы, удалечыні ад бойкіх шляхоў, у чыстым полі, хоць сабе і ў аддаленым акружэнні перадзапаведніцкіх лясоў. У вёсцы пераважна выкапалі бульбу і пустымі засталіся агароды, пашэрхла летняя квецень, напужаная калі яшчэ не замаразкамі, то ўжо даволі халоднымі начамі. І толькі ля мясцовай школы кветкам на клумбе як усё роўна цяплей. Так і гараць яны па-ранейшаму яркім багатым росквітам.

  — Вядома, цяплей, — усміхаюцца тутэйшыя настаўнікі. — Атмасфера ў нас такая — цёплая.

  Яно і праўда. Можна нават і не заходзіць. Дастаткова зірнуць на будынак Велеўшчынскай пачатковай школы-сада, які больш падобны на казачны церамок: адразу агортвае ўтульная, хатняя цеплыня. Здаецца, вось-вось пабачыш дымок у коміне і ў печцы, на загнеце — пахучыя дранікі засквірчаць на патэльні…

  А ў сярэдзіне будынка і сапраўды штосьці хатняе і вясковае. Не важна, што ў гэты вясковы побыт ювелірна ўманціраваўся гарадскі санвузел, затое ў другой палове, дзе месціцца дзіцячы садок, цётка Жанна вунь нейкія прысмакі на куханьцы ў каструлях памешвае. Яна табе што хочаш згатуе: і боршч апетытны зварыць, і дранікі спячэ.

 А ў гэтай палавінцы — школа. Невялічкая, пачатковая, малакамплектная, але ж якая простая, утульная, свая. Усяго сем вучняў, дый то першы клас пакуль пры садку займаецца. Тры класныя пакойчыкі, адзін з якіх у адначассе выконвае ролю і настаўніцкай, і кабінета дырэктара, і бібліятэкі. Якая там бібліятэка — стэлаж з кнігамі, самымі неабходнымі для вучобы і агульнага развіцця дзетак. І камп’ютар ёсць. Мэбля ў класах дасталася школцы ў спадчыну ад яе папярэдніцы — Велеўшчынскай базавай, якая калісьці была ў старым драўляным будынку. Новы цагляны будынак пачатковай школы вырас гадоў дзевяць таму. У той час вучняў было ці не ўдвая болей. У асобным пакойчыку месціцца невялічкая ўтульная сталовая, дзе акурат хапае месца нешматдзетнай, але дружнай школьнай сям’і.

  Настаўнікамі тут Таццяна Мацкевіч (узначальвае школу і выкладае матэматыку), Таццяна Тухта і Вольга Цюрына. Выкладчык фізкультуры працуе па сумяшчальніцтве. Гэта зранку яны настаўнікі —урокі вядуць, а пасля абеда — земляробы. На пры­школьным участку шчыруюць. Як і на кожным сапраўдным сялянскім падвор’і, расце і бульбачка, і ўсё-ўсё, ад агуркоў да цыбулі. У кожнага настаўніка свае градкі, якія трэба старанна даглядаць, каб восенню мець поспех не толькі на педагагічнай, але і на хлебаробскай ніве. Зрэшты, я сказаў бы, што ніва адна. Настаўнік у вёсцы — заўсёды педагог, ці “сее разумнае, добрае, вечнае” ля класнай дошкі, ці прывучае дзяцей да працы на школьным агародзе. А яшчэ ж і сад яблыневы — пяць дрэўцаў. З яблыкаў смачны вітамінны кампот, дзецям вельмі падабаецца. А лішкі можна і здаць. Школа павінна зарабляць грошы.

 Толькі пачаўся навучальны год. Правялі ўрачыстую лінейку, напамінам пра якую стаіць на падаконніку букет яркіх восеньскіх кветак. Амаль не падвяў. Але ж і жывучыя асеннія астры! У школе рыхтуюцца да свята першакласнікаў “Мы школьнікамі сталі” — будуць спяваць песні, вершы чытаць, падводзіць вынікі адаптацыйнага курсу. Будзе весела і цікава.

*  *  *

  Дзіцячы садок у Велеўшчыне знаходзіцца праз сценку ад школы, і хаця сценка тая капітальная, ды капітальная і дружба між гэтымі дзвюма ўстановамі, якія фактычна зліліся ў адну, маючы аднаго кіраўніка і ставячы адзіныя мэты. Ніколі яны не дзялі­ліся, не адасабляліся, не варагавалі. Вось і зараз рыхтуюцца прывітаць перша­класнікаў ды павіншаваць іх са школьным дэбютам. Балазе першакласнікі, як мы ўжо казалі, займаюцца на базе садка.

  Заходжу да малышоў. Тыя акурат даядаюць суп і кашу з катлетамі, прыгатаваныя цёткай Жаннай. Збіраюцца на пасляабедзенны сон.

  Жанна Дзямко — не дылетант у кухарскай справе. Грыміць каструлямі на кухні ўжо шмат гадоў, па сваёй кухоннай частцы навучальнага працэсу яна чараўніца. Ну, а па частцы дашкольнай педагогікі іншыя майстры — выхавальніца Ала Дабравольская і яе памочнік Марыя Садоўская.

 Дзень у садку пачынаецца з ранішняй зарадкі. Тут увогуле фізічна здароваму выхаванню надаюць вялікую ўвагу. Летам то спартландыя, то дзень здароўя. Спаборнічаюць дзеці. Бацькі цікавяцца, чым займаюцца ў садку іх нашчадкі, дапамагаюць ім вырабляць розныя цацкі. Ірына Пшонка, даярка, у вольны час наведвае заняткі ў садку і актыўна падключаецца разам з дзеткамі да пошуку загадак і прыказак, пашыву лялек і касцюмаў, так неабходных для сцэнічных імпрэзаў, якія ладзяць там.

  У кутку для практычных заняткаў з рознымі слоікамі, бутэлечкамі, каробачкамі дзеці вучацца гаспадарыць. Практыкуюцца ролевыя гульні — у бальніцу, цырульню, дом, бібліятэку і г.д. У пакоі адпачынку можна пазмагацца ў шашкі, пабудаваць дом з кубікаў і нават пазнаё­міцца з правіламі дарожнага руху.

  Вось так і жывуць пад адным дахам у Велеўшчыне малакамплектная пачатковая школа і дзіцячы садок — дружна, хораша, цікава. Дзіцячы церамок у цэнтры глыбіннай вёсачкі прыдае ёй жывучасці, каляровай аздобы, упрыгожвае Велеўшчыну. А спакой гэтай дружнай сямейкі пільна вартуе бусел, які звіў сабе гняздо непадалёку. Ёсць такая прыкмета — буслянка ля хаты прыносіць шчасце яе гаспадарам. Хочацца верыць, што шчасце надоўга за­трымаецца ў цераме ля буслянкі.

   Уладзімір МІХНО.

 На здымках: заняткі ў пачатковай школе вядзе Вольга Цюрына; шашкі ў садку — любімы занятак дзяцей; повар Жанна Дзямко.

   Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.